У "справе Ціханоўскага" змяніўся суддзя. Што вядома пра яго і ці будзе справа разглядацца з пачатку?
У будынку гомельскага СІЗА ўжо тры месяцы ў закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэтыя месяцы справу разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў (мы распавядалі пра яго раней), але 7 верасня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні Бакунова на пасаду старшыні суду Чыгуначнага раёну Гомеля. Па інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, цяпер справу разглядае іншы суддзя — Мікалай Доля. Разбіраемся, ці будзе ён разглядаць справу з пачатку і што вядома пра новага суддзю, які вынесе прысуд шасці палітвязням па гучнай справе.
Што вядома пра новага суддзю?
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», крымінальную справу супраць Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка, Цыгановіча, Папова, Сакава цяпер вядзе суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Доля. Інфармацыі ў адкрытых крыніцах пра яго судзейскую дзейнасць няшмат.
Вядома, што сваю кар'еру суддзі Доля пачаў у Рэчыцы. У 2011 годзе ён аштрафаваў кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятра Кузняцова (цяпер вядомы як заснавальнік «Сильных новостей») на 20 базавых велічыняў за «парушэнні заканадаўства пра друк і іншыя сродкі масавай інфармацыі». Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну Кузняцова па дарозе ў Рэчыцу і дагледзелі яе. Там убачылі звыш пяці тысяч улётак «Знаю!» пра снежаньскія падзеі ў Мінску. Суддзя Мікалай Доля пастанавіў, што ўлёткі «Знаю!» з'яўляюцца перыядычным выданнем, якія распаўсюджвалася падчас язды на аўтамашыне. За гэта ён і пакараў Пятра штрафам.
У 2014 годзе Мікалая Долю перавялі з пасады суддзі суда Рэчыцкага раёна адразу на пасаду суддзі Гомельскага абласнога суда, дзе ён працуе і па гэты дзень. Пяцігадовы тэрмін апошні раз падаўжаўся два гады таму — 3 кастрычніка 2019 года. Цяпер Доля ўваходзіць у калегію Гомельскага абласнога суда па крымінальных справах.
Ці будзе справа разглядацца з пачатку?
У адпаведнасці з заканадаўствам, калі суддзя сыходзіць з пасады да заканчэння разгляду справы, то судовы працэс мусіць пачацца з пачатку. Згодна з артыкулам 288 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у выпадку немагчымасці каго-небудзь з суддзяў працягваць удзельнічаць у судовым разглядзе ён замяняецца іншым суддзёй, і разбіральніцтва крымінальнай справы пачынаецца з пачатку, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 289 КПК.
Артыкул 289 КПК адсылае нас да сітуацыі, калі разгляд справы праходзіць калегіяльна. Як тлумачыць юрыст «Вясны», фігурантам «справы Ціханоўскага» ставяць у віну цяжкія склады злачынства, адпаведна, справа разглядаецца суддзёй і двума народнымі засядацелямі. Акрамя гэтага, згодна заканадаўству, да калегіяльнага разгляду крымінальнай справы, які патрабуе працяглага часу для судовага разгляду, могуць прыцягвацца запасны суддзя і народны засядацель. Яны прысутнічаюць у зале судовага пасяджэння з пачатку разбору гэтай справы і ў выпадку выбыцця аднаго з суддзяў або народных засядацеляў замяняюць яго. Пры гэтым разгляд справы працягваецца.
Таму, калі запасны суддзя ўводзіўся ў працэс першапачаткова і прысутнічаў пры кожным пасяджэнні, то справа будзе разглядацца далей. Калі ж запасны суддзя адсутнічаў хоць бы на адным пасяджэнні, то разгляд крымінальнай справы неабходна пачынаць зноўку.
Як перадала «Свабодзе» Марына Адамовіч словы з ліста мужа, аднаго з фігурантаў справы Мікалая Статкевіча:
«Не хвалюйся, „дублёр“ быў адпачатку, прызначэнне на новую пасаду — як узнагарода».
Гэта значыць, што разгляд крымінальнай справы супраць шасці палітвязняў працягнецца. Ці хутка будзе вынесены прысуд, пакуль невядома.
Нагадаем, 24 чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд над палітзняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэта ключавы суд па "справе Ціханоўскага". Працэс закрыты і праходзіць у будынку СІЗА. Палітвязняў абвінавачваюць у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м годзе. Усіх затрымалі яшчэ да выбараў. Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 мільёнаў рублёў (1,2 мільёнаў долараў).
Падрабязнасці па суду па "справе Ціханоўскага":
У гомельскім СІЗА праходзіць суд па "справе Ціханоўскага": судзяць шэсць палітвязняў
Гомельскі абласны суд адмаўляецца называць прычыну, па якой суд па "справе Ціханоўскага" праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА
"Выконваў функцыі прапаганды легітымізацыі парушэнняў заканадаўства". Стала вядома, у чым абвінавачваюць палітзняволенага блогера MozgON
Кароткая даведка "Вясны" пра абвінавачаных палітвязняў па справе:Сяргей Ціханоўскі (43 гады) – аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі. Быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня. Мікалай Статкевіч (65 гадоў) – лідар «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Арцём Сакаў (27 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Страна для жизни», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвінавачанне ў «групавых дзеяннях». Уладзімір Цыгановіч (41 год) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах. |