viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 15 палітычных зняволеных

2023 2023-04-14T10:16:00+0300 2024-07-18T16:23:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/petition.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

14 красавіка 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Разгляд названых спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Нам вядома аб асуджэнні:

Аляксандра Емяльянава паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) за размяшчэнне ў Telegram паведамленняў з негатыўнай ацэнкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і А. Лукашэнкі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Івана Котава паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), закліках да прымянення абмежавальных мер (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) за сцвярджэнні аб неправамернасці дзеянняў праваахоўных органаў, заклікі, рэкамендацыі і навучальныя інструкцыі па ўдзелу ў акцыях пратэсту і заклікі да забастовак, абразу А. Лукашэнкі да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Канстанціна Лапіцкага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і паклёпе ў дачыненні да А. Лукашэнкі (арт. 367 КК) да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Радыёна Качаткова паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) за два каментары да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Рамана Янкоўскага паводле абвінавачання ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), закліках да прымянення абмежавальных мер (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (ч. 3 арт. 203-1 КК) за рэпост відэа з Telegram-канала, прызнанага экстрэмісцкім, у якім змяшчаліся абразы ў дачыненне да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама заклікі да звяржэння яго ўлады, каментар на адрас супрацоўнікаў МУС у Telegram-групах, ацэнкі дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, перадачу інфармацыі пра супрацоўніка МУС у пратэсны тэлеграм-канал да чатырох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Румко ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачання ў паклёпе ў дачыненні да А. Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК), рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) за каментары ў сацыяльнай сетцы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі А. Лукашэнкі і "геарызацыю калабарацыяністаў" да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Таццяны Курылінай паводле абвінавачання ў закліках да прымянення абмежавальных мер (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (ч. 1, 2, 3 арт. 203-1 КК), узбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), паклёпе (арт. 188), паклёпе ў дачыненні да А. Лукашэнкі (ч. 1 і 2 арт. 367 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (ч. 2 арт. 366) да чатырох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Арцёма Зубракова паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (ч. 3 арт. 203-1 КК) да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі са штрафам;

Мікалая Давыдава паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і службовых асобаў (арт. 369 КК) да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі са штрафам;

Анатоля Маліноўскага паводле абвінавачання ва ўзбуджэнні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ірэна Клявец утрымліваецца на працягу доўгага часу ў СІЗА па абвінавачванні ў зборы і перадачы пратэснаму Telegram-каналу даных аб прадстаўніках дзяржаўнай улады.

Таксама вядома пра асуджэнні:

Вольгі Саламенік і Уладзіміра Трыфанава паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе (ч. 1 арт. 356 КК) і незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295 КК) адпаведна да сямі гадоў і шасці месяцаў і 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Мяркуем, што прыкметы здрады дзяржаве абвінавачаным закінуты адвольна, а дасудовая і судовая вытворчасць па справе прайшла з парушэннем асноватворных прынцыпаў правасуддзя;

Ягора Курзіна паводле абвінавачання ў замаху на незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК) і ўхіленні ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу (ч. 1 арт. 435 КК) за спробу выезду з Беларусі праз апаску быць падвергнутым палітычна матываваным пераследам да трох гадоў пазбаўлення волі; крымінальны пераслед за спробу перасячэння мяжы стаў магчымым з-за адвольна закінутай прыкметы "ў складзе арганізаванай групы";

Максіма Селязнёва ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту да 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым або фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні пры адсутнасці публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальна нізкай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўлена волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Аляксандра Емяльянава, Івана Котава, Канстанціна Лапіцкага, Радыёна Качаткова, Рамана Янкоўскага, Аляксандра Румко, Таццяны Курылінай, Арцёма Зубракова, Мікалая Давыдава, Анатоля Маліноўскага, Ірэны Клявец, Вольгі Саламенік, Уладзіміра Трыфанава, Ягора Курзіна, Максіма Селязнёва з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым, мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства