viasna on patreon

Палітзняволеную актывістку Алену Гнаук асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі

2023 2023-04-30T09:48:18+0300 2023-04-30T09:59:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gnauk_alena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Чыгуначным раёне Гомеля 28 красавіка агучылі прысуд па трэцяй крымінальнай справе супраць пружанскай актывісткі Алене Гнаук — адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Канчатковы тэрмін пакарання складае два гады і 11 месяцаў зняволення. Гэтым разам Алену абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі". Хутка яе этапуюць у СІЗА да разгляду апеляцыйнай скаргі, таму цягам гэтага перыяду яе можна падтрымліваць грашовымі пераводамі і пасылкамі.

Алена Гнаўк
Алена Гнаук

Алена Гнаук — пружанская актывістка, якую з 2020 года мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавых велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па "справе карагодаў" і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. 

Калі жанчына ўжо адбывала "хатнюю хімію" па першай крымінальнай справе, яе некалькі разоў затрымлівалі. 11 студзеня 2022 года яе затрымалі і прызначылі 15 сутак арышту за парушэнне рэжыму адбывання "хатняй хіміі". Пасля арышту Алена не выйшла на волю, яе перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы, узбуджанай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 367 КК (Паклёп на прэзідэнта) і арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Згодна з матэрыяламі справы, Гнаук 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram "свядома ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам". У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. Паклёп на Лукашэнку выявілі ў "звароце" да яго. 

У судзе Пружанскага раёна 17 чэрвеня 2022 года ёй прызначылі тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.

Актывістку з Пружанаў Алену Гнаук асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі

У судзе Пружанскага раёна 17 чэрвеня вынеслі прысуд 65-гадовай палітзняволенай актывістцы Аленай Гнаук — тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.

15 жніўня жанчыну перавялі ў папраўчую калонію № 4 для адбыцця пакарання. Амаль увесь час жанчыну ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, а пасля гэтага яе змясцілі ў ПКТ да 24 лютага. Таксама Алену пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі атаварку з 3 базавых велічыняў да 1 (37 рублі). У зняволенні ў жанчыны пагоршылася здароўе. У траўні яна тыдзень трымала галадоўку і патрабавала аддаць ёй карэспандэнцыю.

Акрамя гэтага, па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі супраць Алены ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі".

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля пачаў разгляд справы 11 красавіка на выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі. Справу разглядаў суддзя Яраслаў Парэмскі. На другім пасяджэнні дапытвалі сведкаў, якія блыталіся ў адказах, а саму палітзняволеную выдалілі з залі суда.

Вядома, што палітзняволеная адмовілася ад адвакаткі, бо тая падпісала пратакол допыту, нягледзячы на просьбу Алены не рабіць гэтага.

28 красавіка суддзя Парэмскі агучыў прысуд палітзняволенай — прызнаць яе вінаватай і прызначыць адзін год пазбаўлення волі ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. З улікам тэрміну, які Алена ўжо адбыла ў калоніі, ёй засталося адбыць у зняволенні два гады і 11 месяцаў.

Паводле сваякоў палітзняволенай, 2 траўня яе этапуць у СІЗА, дзе яна будзе чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства