viasna on patreon

"Скажы “Не!" прысудам Алесю Бяляцкаму і вясноўцам": хваля салідарнасці з беларускімі праваабаронцамі Фота Дапоўнена

2023 2023-03-04T10:20:00+0300 2023-03-05T10:39:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gdansk-2023-03-03-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыі салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча пасля і перад абвяшчэннем сябрам “Вясны” драконаўскіх прысудаў прайшлі ў многіх гарадах свету.

Нагадаем, У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Яны прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Суд прызначыў вялікія тэрміны зняволення –  ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы.

Гданьск

Увечары 2 сакавіка акцыя "Скажы “Не!" прысудам Алесю Бяляцкаму і вясноўцам" прайшла ў польскім Гданьску. Мясцовыя беларусы выйшлі да гістарычнай брамы горада з лампадамі і партрэтамі палітвязняў.

"Мы хочам выразна і гучна сказаць Лукашэнку, што мы не згодныя на паказальныя працэсы, мы не згодныя на несправядлівыя прысуды, мы не згодныя на працяглыя тэрміны зняволення праваабаронцаў", - казалі пад час акцыі яе арганізатары.

Варшава

У Варшаве 2 сакавіка прайшла акцыя ў падтрымку праваабаронцаў «Вясны», якім пагражаюць вялікія тэрміны.

Беларусы Варшавы напярэдадні прысуду лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і старшыні ПЦ «Вясна» Алесю Бяляцкаму і яго паплечнікам сабраліся каля будынка Беларускай амбасады ў Варшаве, каб выказаць сваю нязгоду з запланаваным прысудам 3 сакавіка і салідарнасць з усімі палітвязнямі ў Беларусі.

Арганізатары акцыі ПЦ «Вясна» і Amnesty International Polska.

На акцыі выступілі са словамі салідарнасці прадстаўніца Amnesty international Polska, супрацоўнік Моладзевага Хаба і праваабаронца ПЦ «Вясна» Дзмітрый Салаўёў.

Пасля сустрэчы ўдзельнікі запалілі свечкі на знак падтрымкі з беларускімі палітзняволенымі.

Люблін

У польскім Любліне беларуская дыяспара правяла 3 сакавіка акцыю салідарнасці, падтрымаўшы кветкамі і плакатамі зняволеных "вясноўцаў".

Стакгольм

“Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду “Вясне”! Свабоду Беларусі! - пад такімі лозунгамі прайшла акцыя салідарнасці ў Стакгольме.

“Разам са шведскім ПЭН-клубам, "Беларусамі Швецыі", Народнай амбасадай Беларусі ў Швецыі, "Рэпарцёрамі без межаў" і Керсцін Лундгрэн мы правялі дэманстрацыю за свабодную #Беларусь і палітычных зняволеных краіны ля пасольства Беларусі.

Сёння лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і яго калегі Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Дзмітрый Салауеў з беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна" былі прысуджаныя да турэмнага зняволення за іх праваабарончую дзейнасць у Беларусі. Мы будзем працягваць змагацца за беларускіх палітвязняў датуль, пакуль усе яны не будуць неадкладна і безумоўна вызваленыя!”піша пра акцыю Ostgruppen.

Капенгаген

На акцыю салідарнасці з асуджанымі праваабаронцамі беларусы выйшлі і ў сталіцы Даніі - Капенгагене. 

Брусэль

Пікет супраць расправы над лідэрамі праваабарончага цэнтра “Вясна” прайшоў у сталіцы Бельгіі Брусэлі.

Беласток

У Беластоку пасля абвешчання прысуду па крымінальнай справе “Вясны” вядомыя беларускія праваабаронцы і грамадскія актывісты, сябры Саюзу палякаў у Беларусі, 3 сакавіка правялі акцыю салідарнасці салідарнасць са зняволенымі “вясноўцамі”. Яны сфатаграфаваліся ў знакавым месцы гораду каля помніка Ежы Папялушку і ля банера іншаму палітвязню – Анджэю Пачобуту.

Сябра “Вясны” Алена Лапцёнак так пракаментавала прысуд калегам:

Нечаканым хіба сталася тое, што прысуд маім калегам зменшаны на два гады ад запрошанага пракурорам і зразумела, не суддзя прымала гэтае рашэнне, яно прымалася на вышэйшым роўні. Што гэта за сігнал і каму, мне цяжка казаць, як і наколькі магла паўплываць на гэта атрыманая Алесем Бяляцкім Нобелеўская прэміі міру, нібыта пакаранне стала менш жорсткім. Між тым сам факт учыненага судзілішча над Нобелеўскім лаўрэатам застанецца бруднай плямай на сумленні сённяшняй улады. Некалі прэс-сакратарка Лукашэнкі горда адзначыла: дыктатура ў Беларусі – гэта ўжо брэнд. Але гэта страшэнная ганьба! І прысуд праваабаронцам Вясны – такая ж ганьба, як і прысуды тым, каго яны абаранялі цягам не аднаго дзесяцігоддзя, адстойвалі правы і свабоды беларускіх грамадзян, працавалі менавіта на карысць нашай Радзімы. Вясна прыйдзе!

Што казалі на акцыі салідарнасці ў Вільні

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі прайшла ў Вільні, у дзень і час абвяшчэння ім прысуду.

Акцыі салідарнасці прайшлі таксама ў Тбілісі і іншых гарадах.

Больш фатаздымкаў з акцый салідарнасці глядзіце на flickr.

Будзе дапоўнена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства