viasna on patreon

"Адзіны справядлівы прысуд — гэта апраўданне". Што казалі на акцыі салідарнасці ў Вільні

2023 2023-03-03T14:54:13+0300 2023-03-03T15:29:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2023-03-03__vilnia1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі прайшла ў Вільні, у дзень і час абвяшчэння ім прысуду. Яе арганізаваў праваабарончы цэнтр "Вясна", каб выразіць падтрымку сваім калегам за кратамі. Распавядаем, што казалі ўдзельнікі акцыі.

Падчас правядзення акцыі стаў вядомы прысуд палітзняволеным вясноўцам: Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі, а Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта на два гады менш, чым запытваў пракурор. Але на гэта звяртаць увагу не варта, лічыць сябра Рады “Вясны” Аляксей Колчын:

"Тым не менш гэтыя прысуды абуральныя. І калі б ім далі год турмы — то ўсё роўна былі б абуральныя тэрміны, якія з’яўляюцца пакараннем за абсалютна легітымную, правамоцную праваабарончую дзейнасць, якой яны займаліся ўсё сваё жыццё. Гэта помста дзяржавы – і няважна, колькі гадоў яны далі”.

Адзіны прысуд, які быў бы справядлівым у гэтай сітуацыі, — апраўдальны, мяркуе юрыст і сябра Рады “Вясны” Павел Сапелка:

"Таму любы тэрмін пазбаўлення волі, любое крымінальнае пакаранне — гэта ўжо самавольства, і гэта несправядлівы прысуд. Тое, што суд касметычна знізіў тое бесчалавечна жорсткае пакаранне, якое запатрабаваў прадстаўнік дзяржабвінавачання, ніякім чынам не змяняе карціну. Гэта нічога не азначае. І нічога не будзе азначаць і той факт, калі апеляцыя знізіць пакаранне, таму што адзінае справядлівае рашэнне — гэта апраўданне і аднаўленне парушаных правоў, і поўная рэабілітацыя нашых калег, у тым ліку Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і Леаніда Судаленкі".

Алесь Буракоў з Магілёўскай філіі “Вясны” памеркаваў, як палітзняволеныя калегі  ўспрынялі агучаны прысуд:

"Я не магу ўявіць, таму што я сам ніколі ў такой сітуацыі не быў. Але я спадзяюся, што яны ўсё ж не згубілі свой настрой і сваю стойкасць".

Да гэтай думкі далучылася і Алена Маслюкова з Гомельскай філіі “Вясны”:

"Са свайго асабістага досведу і назірання магу сказаць дакладна, што ўсе яны з гонарам пачулі свой прысуд. Я думаю, што ўсе яны выглядалі вельмі годна. Спадзяюся, што яны не будуць столькі сядзець, колькі ім прысудзілі".

Пазней стала вядома, што палітзняволеныя вясноўцы ўспрынялі прысуд з усмешкамі на тварах.

2023-03-03_vilnia2.jpg
Алесь Буракоў і Алена Маслюкова трымаюць плакат "Вас судзіць будуць па вашых законах!"

"Напружвае то, што суда ў Беларусі няма, — працягнула Алена Маслюкова. — І мы не лічым гэты прысуд законным. Мы разумеем, што нашыя сябры сёння ў палоне гэтай сістэмы, яны сталі закладнікамі гэтай сістэмы, як і астатнія палітзняволеныя. І таму мы тут стаім, каб падтрымаць усіх людзей, якія зараз за кратамі, і нашых сяброў.

Калі ты на волі, і калі чалавек у зняволенні — гэта розны статус і розны эмацыйны стан. Нам балюча, і я разумею, наколькі цяжка ім там знаходзіцца. Але я думаю,што яны ведаюць, што мы разам з імі, што мы іх падтрымліваем і ніколі іх не пакінем. І будзем змагацца з гэтай сістэмай, за тое, каб яны былі вызваленыя".

Акцыю прыйшлі падтрымаць і беларусы, якія жывуць у Вільні, бо з’ехалі з радзімы праз рэпрэсіі. Сярод іх — Вікторыя Касцючэнка, якая сутыкнулася з палітычна-матываваным судом:

"Я ўдзячная "Вясне" за дапамогу. На працягу судовага пераследу мяне падтрымлівалі, заўсёды дапамагалі словам і справай.Самае галоўнае тут — чалавечая падтрымка.

Чаму я тут? "Вясна" — гэта правільная справа, і малайцы, што застаюцца людзі, якія дапамагаюць і падтрымліваюць у гэтай нялёгкай сітуацыі. А яшчэ Алесь Бяляцкі са Светлагорску. А мая маладосць і юнацтва прайшла ў Светлагорску - мы землякі. Тое, што робіцца з боку ўладаў — гэта бесчалавечна, гэта… ці можна казаць "бессаромна"? Бо для таго, каб было несумленна і бессаромна — для гэтага павінна быць сумленне і сорам. А для гэтых людзей [з боку ўлады — Заўв.] няма ні таго, ні іншага. Таму я тут".

Месца правядзення акцыі абранае невыпадкова — каля фрэскі з выявай Алеся Бяляцкага. Яна знаходзіцца насупраць амбасады Беларусі ў Літве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства