viasna on patreon

"Нельга караць людзей за тое, што яны робяць свет лепшым": акцыя салідарнасці з вясноўцамі ў Тбілісі

2023 2023-03-04T10:57:41+0300 2023-03-14T17:16:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/free_viasna-32-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года

Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года

Трэцяга сакавіка ў розных кутках свету прайшлі акцыі пратэсту на знак нязгоды з жорсткімі прысудамі праваабаронцам "Вясны": Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі, Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі, Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна. Увечары пасля прысуду на акцыю выйшлі беларусы Тбілісі ў Грузіі, каб выказаць сваю салідарнасць з палітзняволенымі вясноўцамі. Распавядаем і паказваем, як гэта было.

"Што мы можам рабіць сёння для іх — гэта працягваць справу зняволеных праваабаронцаў" 

Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук выступіла на акцыі салідарнасці са зняволенымі калегамі з прамовай, у якой паўдзячыла ўдзельнікаў і ўдзельніц акцыі, яе арганізатараў і падкрэсліла важнасць салідарнасці сёння:

Дзіяна з плакатам са словамі Валянціна Стэфановіча ў апошнім слове на судзе
Дзіяна з плакатам са словамі Валянціна Стэфановіча ў апошнім слове на судзе

"Камусьці здаецца, што выйсці вось так на акцыю пратэсту ў бяспечнай краіне — гэта дробязная справа. Але гэта не так, гэта вельмі важна. Сёння кошт салідарнасці беларусаў вельмі вялікі. Для Алеся Бяляцкага — гэта 10 гадоў калоніі, для Валянціна Стэфановіча — 9 гадоў зняволення, для Уладзя Лабковіча — 7 гадоў калоніі, для Дзмітрыя Салаўёва — 8 гадоў зняволення завочна... Што мы можам рабіць сёння для іх — гэта працягваць справу зняволеных праваабаронцаў, у тым ліку Марфы Рабковай, Леаніда Судаленкі і Андрэя Чапюка: абараняць і прасоўваць правы чалавека, выказваць салідарнасць з палітвязнямі, падтрымліваць адзін аднога і не пакідаць у бядзе. Гэта магчыма рабіць, нават у такіх умовах, у якіх мы з вамі апынуліся — калі мы раскіданыя па ўсяму свеце.

Я ўпэўнена, Вясна прыйдзе незваротна, як сказаў Валянцін у апошнім слове. Трэба верыць у гэта, як вераць у нас палітзняволеныя праваабаронцы і яшчэ паўтары тысячы палітвязняў".

"Нельга караць людзей за тое, што яны абараняюць людзей"

Праваабаронца і кіраўніца Lawtrend Вольга Смалянка растлумачыла, чаму яна далучылася да акцыі салідарнасці з калегамі: 

free_viasna-20-2.jpg
Вольга ў цішотцы з Уладзімірам Лабковічам

"Мне было вельмі важна прыйсці на гэтую акцыю і выказаць салідарнасць з прадастаўнікамі Праваабарончага цэнтра "Вясна" хаця бы так, як я магу на сённяшні момант. Я глыбока абураная прысудам, вынесеным у адносінах да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва. Я ўпэўнена, што гэта пакаранне несправядлівае. Гэта пакаранне за законную праваабарончую дзейнасць. Гэта дзейнасць, якая наадварот абараняецца міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Я перакананая, што гэты прысуд парушае беларускую Канстытуцыю і міжнародныя абязальніцтвы ў галіне правоў чалавека. Нельга караць людзей за тое, што яны робяць свет лепшым і абараняюць людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама ажыццяўляюць маніторынг парушэнняў ці дапамагаюць з аплатай паслуг адвакатаў. Гэта ўсё законная дзейнасць. І яшчэ раз паўтару, што караць за такое нельга.

Правы чалавека і салідарнасць — гэта вельмі важная рэч і фундамент нашага жыцця. Гэта тое, што аб'ядноўвае людзей унутры Беларусі і людзей, якія былі вымушаны не па сваёй волі пакінуць краіну. Таму хачу зазначыць, што цяпер праява салідарнасці з'яўляецца вельмі важнай. Вельмі важна паказваць сваю неабыякавасць і што мы супраць парушэнняў правоў чалавека".

"Freedom for Belarus"

Праваабаронца "Вясны" Яна падзялілася ўражаннямі, як прайшла акцыя ў грузінскай сталіцы: 

free_viasna-7-2.jpg
Яна з плакатам са словамі Алеся Бяляцкага ў нобелеўскай прамове

"Прыемна здзівіла, што акцыя салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі выклікала вялікую зацікаўленасць у звычайных мінакоў. Людзі падыходзілі, уважліва чыталі плакаты, здымалі нас на фота і відэа. Супрацоўнік паліцыі, які ахоўваў нашую акцыю, нават пачаў "гугліць", хто такі Бяляцкі і вельмі абурыўся, дазнаўшыся пра прысуд праваабаронцам.

Перад намі праходзіла акцыя грузінскіх студэнтаў, якія пратэставалі супраць прарасійскага закона аб інагентах, які хочуць прыняць мясцовыя ўлады. Прастэстоўцы стаялі побач з намі, а адзін з іх крыкнуў: "Freedom for Belarus". І для нас, як для палітычных мігрантаў, і для тысяч беларусаў, якія цяпер за кратамі, такія знакі салідарнасці — вельмі моцная падтрымка.

Беларускія ўлады, якія пазбаўляюць волі тых, хто цягам дзясяткаў год абараняе правы чалавека, маюць вельмі банальную мэту — спыніць дзейнасць "Вясны". Але тых, кім рухаюць ідэя справядлівасці і вера ў правы чалавека, аніякія рэпрэсіі не здолеюць спыніць. Гэта і дэманструюць нашыя калегі, якія нават у клетцы і ў кайданках на руках застаюцца свабоднымі".

Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года
Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года

Удзельнікі і ўдзельніцы акцыі дзякавалі вясноўцам за дапамогу і за прасоўванне правоў чалавека.

Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года
Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, 3 сакавіка 2023 года

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Глядзіце, як прайшла акцыя ў Вільне:

"Адзіны справядлівы прысуд — гэта апраўданне". Што казалі на акцыі салідарнасці ў Вільні

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі прайшла ў Вільні, у дзень і час абвяшчэння ім прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства