Мінчука асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэсным Маршы
У Ленінскім судзе Мінска 3 лістапада асудзілі Мікалая Буцкага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік.
Мікалая абвінавацілі ў тым, што ён у 2020 годзе ў Мінску ўдзельнічаў у пратэсным Маршы разам з групай асобаў, рухаўся па праспекце Пераможцаў, выходзячы на праезную частку і перашкаджаючы руху грамадскага транспарту, тым самым “груба парушаў” грамадскі парадак.
Мужчына заявіў, што пераважна рухаўся па тратуары, выходзіў на праезную частку толькі, каб перайсці дарогу. Руху грамадскага транспарту не перашкаджаў, бо дарога была перакрыта супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Матэрыяламі, паводле якіх віну Мікалая палічылі даказанай, сярод іншых, суд назваў “пратакол агляду тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім”, відэазапісы і фотаздымкі.
З судовай пастановы таксама вынікае, што месцазнаходжанне Мікалая вылічылі па білінгу яго тэлефона. Суд у якасці доказу віны прадаставіў “пратакол агляду дадзеных аб тэлефонных злучэннях абаненцкага нумару”.
Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым. З месца працы Мікалая былі прадастаўленыя станоўчыя характарыстыкі.
3 лістапада суддзя Ленінскага суда Мінска Таццяна Шоцік прызнала Мікалая Буцкага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса і асудзіла яго на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).
Меру стрымання Мікалаю змянілі на падпіску аб нявыездзе і вызвалілі ў зале суда.
Мікалай Буцкі працаваў кладаўшчыком, мае вышэйшую адукацыю і гадуе двух непаўнагадовых дзяцей.