Музыку Аляксандра Кухарэнку асудзілі на 2 гады "хіміі" па “народным” артыкуле
У Ленінскім судзе Мінска 16 лістапада асудзілі палітзняволенага Аляксандра Кухарэнку паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік.
Аляксандра затрымалі 2 жніўня 2022 года за рэпост у "ВКонтакте" відэа з youtube-канала "ByPol" з назвай "Роман Бондаренко. Генпрокуратура скрывает исполнителей убийства". Яму прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасля “сутак” супраць Аляксандра пачалі крымінальную справу па “народным” артыкуле.
16 лістапада суддзя Ленінскага суда Мінска Таццяна Шоцік прызнала Аляксандра Кухарэнку вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса і асудзіла яго на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).
Аляксандр Кухарэнка – гітарыст гурта Awakening Our Memories, які грае ў жанры melodic metalcore.