Затрыманні і пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў: хроніка пераследу 3-4 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-4 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
31 кастрычніка з бабруйскай калоніі быў вызвалены валанцёр ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Андрэй Новікаў — яго адразу дэпартавалі
Андрэй Новікаў — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, затрыманы ў чэрвені 2020, а ў лістападзе вывезены на мяжу з Расіі, дзе яму паставілі пячатку пра забарону пра ўезд у Беларусь. 13 красавіка 2021 Андрэй быў затрыманы, калі таемна навяшчаў жонку з дзецьмі.Ён быў асуджаны на 2,5 гады калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту.
31 кастрычніка 2022 тэрмін быў скончаны. Андрэя перадалі ФСБ Расіі. Далейшы лёс невядомы.
Сацсеткі і песні гурта Tor Band прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі". З іх ютуба зніклі ўсе кліпы з мільёнамі праглядаў
У Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з'явілася пазнака пра тое, што яшчэ 29 жніўня інфармацыйная прадукцыя, сацсеткі і лагатып гурта Tor Band былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Акрамя таго, «экстрэмісцкім» быў прызнаны Patreon гурта, дзе людзі маглі дасылаць данаты музыкам.
Пазначана, што «экстрэмісцкімі» таксама з'яўляюцца песні «Жыве»; «Уходи»; «Кто, если не ты?»; «Мацi»; «Мы - не народец»; «Без вайны»; «Беларус беларусу беларус»; «Dead Мороз»; «Мы станем сильней!»; «Родная Зямля».
Знаёмыя музыкаў просяць людзей не пісаць у сацсеткі гурта, бо яны пад кантролем міліцыі.
На афіцыйным ютуб-канале папулярнага рагачоўскага гурта Tor Band зніклі ўсе відэакліпы, якія музыкі размяшчалі цягам некалькіх гадоў.
Нагадаем, 28 кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band разам з жонкамі. Вядома, што ўдзельнікам гуртам і іх жонкам (Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло, Андрэй Ярэмчык, Ганне Музыка, жонкі Яўгена Бурло)прызначылі па 15 сутак арышту, Юліі Галавач — 30 базавых штрафу.
Дома ў грэка-каталіцкага святара Ігара Кандрацьева сёння правялі ператрус, а яго адправілі на "суткі"
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал брэсцкай "Вясны". Вядома, што пасля абеду 4 лістапада Ігара Бараноўскага і святара Кандрацьева прывезлі ў суд. Іх затрымалі яшчэ 2 лістапада.
Па інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Андрэй Грушко прызначыў святару Ігару Кандрацьеву 12 сутак адміністрацыйнага арышту, а Ігару Бараноўскаму (рэдактару газеты «Царква») 15 сутак арышту. Вядома, што яму прад'яўлялі артыкул 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за публікацыю, якая выйшла ў траўні 2021 года на фэйсбук-старонцы газеты «Царква» — у тым пасце было відэа «Белсату». Адзначым, што прадукцыя медыя «Белсат» была прызнана ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» толькі ў ліпені 2021.
Затрымалі жонку палітвязня Арцёма Анішчука
Як стала вядома праваабаронцам, у Мінску сёння затрымалі жонку палітвязня Арцёма Анішчука Вольгу. Прычыны і падрабязнасці пакуль невядомыя. 28 снежня мінулага году яе ўжо затрымлівалі супрацоўніка ГУБАЗіКа. Перад гэтым дома ў Анішчукоў правялі ператрус.
Нагадаем, Арцёма асудзілі 3 лютага 2021 года да двух гадоў калоніі за пашкоджанне машыны супрацоўніку ДВП Аляксандра Гейца. Яго адправілі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15, дзе ён зазнаў катаванні і збіццё. Там супраць яго заводзілі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і аказваўся ціск. Пасля грамадскага рэзанансу катаванні спыніліся і Арцёма перавялі ў бабруйскую калонію № 2. Па фактах публікацыяй у інтэрнэце пра катаванні Арцёма ў адносінах да жонкі вязня праводзілася праверка па артыкулу за паклёп на начальніка калоніі № 15, якая нічым не скончылася.
Арцём мусіў выйсці на свабоду напрыканцы чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін у два гады, але яго зноў затрымалі і асудзілі па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрымання. Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зняволення. Свой тэрмін ён адбывае ў бабруйскай калоніі.
У "тэрарыстычны спіс" дадалі яшчэ 7 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў "Спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек. Цяпер у ім 941 чалавек, з іх 196 — беларусы.
Сярод іх Трызно Уладзіслаў (арт. 130 КК (Распальванне варожасці)), палітзняволены былы следчы Станіслаў Пугачоў, а таксама меркаваныя, па версіі ўладаў, адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііла Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская. Іх абвінавачваюць у распальванні варожасці (арт. 130 КК) і закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК)
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу на арганізатараў палка "Пагоня"
Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.
"У Варшаве створаны вярбовачны і фінансавы цэнтр так званага палка "Пагоня", які займаецца адборам мужчын ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў, якія маюць досвед вайсковай службы. Навучанне і зладжванне баевікоў праводзіцца замежнымі інструктарамі на тэрыторыях Чэхіі, Польшчы і Украіны. Аднымі з арганізатараў гэтага экстрэмісцкага фармавання з'яўляюцца Вадзім Пракоп'еў і Валерый Сахашчык", — гаворыцца ў паведамленні.
2 лістапада Следчым камітэтам "у дачыненні да Пракоп'ева і іншых асоб" распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.
"Супрацоўнікам ГУБАЗіК вядомыя дадзеныя іншых асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці названага фарміравання, а таксама ўдзельнікаў, якія знаходзяцца за межамі краіны, якія ўступілі або праходзяць падрыхтоўку для ўступлення ў "Пагоню", — заявілі ў ведамстве.
Нагадаем, 20 кастрычніка МУС сваім рашэннем прызнаў полк "Пагоня", якія складаюцца з беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Спіс «экстрэмістаў» МУС папоўніўся адразу 244-ма прозвішчамі
МУС 4 лістапада абнавіў «Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці» – спіс абнавіўся адразу на 244 прозвішчы. Гэта беларусы і грамадзяне іншых дзяржаваў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па «палітычных» крымінальных артыкулах у Беларусі.
Сярод іх цяпер — блогер, журналіст і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін, расіянка Вера Цвікевіч, чый фотаздымак быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай праўды» ў жніўні 2020-га, экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фенчук, жонка палітзняволенага Анатоля Латушкі — Алена Латушка, музыкі гурта «Irdorath» Надзея і Уладзімір Калач, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава» Вольга Гарбунова, фігуранты «справы Ціханоўскага» Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў, журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч, які выйшаў па памілаванні, аднак у Спісе пазначана, што ён адбывае пакаранне.
Цяпер у Спісе «экстрэмістаў» 1714 чалавек.
Пракуратура знайшла "экстрэмісцкія" кнігі на сайце брэсцкай кнігарні
Паведамляецца, што пракуратура Брэста выявіла факты прапановы грамадзянам да набыцця на электроннай пляцоўцы bonLibro.bу кніжных выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Па фактах распаўсюджвання названай інфармацыйнай прадукцыі пракуратура ініцыявала пачатак адміністрацыйнага працэсу па ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Паводле непацверджанай інфармацыі, з 44 затрыманых супрацоўнікаў Акадэміі навук — 41 выйшаў на волю
Паведамляецца, што трое чалавек знаходзяцца за кратамі. У чым іх абвінавачваюць — невядома.
За ўдзел у пратэстах затрыманы 26-гадовы мінчук
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Мінска Васіля Шалкевіча. Нагодай для затрымання сталі фотаздымкі з паслявыбарчых акцый пратэсту, якія былі на адкрытай старонцы хлопца ў Instagram.
Заблакаваны інтэрнет-рэсурс "Беларуская Салiдарнасьць" ("biеlarus.nеt")
Гэта адбылося па пастанове пракурора горада Мінска.
Пазбаўлены ліцэнзій адразу дзесяць адвакатаў
Мінюст правёў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе пазбавіў ліцэнзіі 14 адвакатаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства юстыцыі.
Уладзіміра Ангельскага, Вікторыю Гулькову, Аляксандра Емяльяненка, Атары Жукава, палітзняволенага Міхаіла Макарава і Анастасію Сагановіч Мінюст пазбавіў ліцэнзіі па прычыне "дысцыплінарных спагнанняў і за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката". Алену Грыбок, Сяргея Кішэнёва і Дзмітрыя Міроненку — з прычыны "недастатковай кваліфікацыі".
Міхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гульковабылі затрыманыя 13 верасня. На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што Міхаіл і Анастасія перадавалі"экстрэмісцкім" тэлеграм-каналам персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, СК, пракуратуры і суддзяў, якія разглядалі крымінальную справу "Рэвалюцыйнага дзеяння". Затрыманне адвакатаў сілавікі звязвалі з абаронай палітзняволеных актывістаў анархічнага руху. Пасля гэтага трох адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, якія яны адбывалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля 15-сутачнага арышту Анастасія была адпушчана на волю, падрабязнасці пра яе крымінальны пераслед невядомыя.
Пасля адміністрацыйнага арышту Макараву выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо больш за месяц. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
Жонку Макарава і адвакатку Вікторыю Гулькову, якую таксама пазбавілі ліцэнзіі, яшчэ раз пераарыштоўвалі. Цяпер Вікторыя на волі.
Уладзімір Ангельскі — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў, у мінулым які супрацоўнічаў з адвакатам Віталём Брагінцам, супраць якога ўзбуджана крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 2 верасня суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў Ангельскага на 14 сутак за "непадпарадкаванне міліцыі" (артыкул 24.3 КаАП). Цяпер ён таксама на волі.
Мінчуку, якога асудзілі за пагрозу прапагандысту Прыдыбайлу і распальванне варожасці да рускіх, узмацнілі пакаранне. У яго моцныя праблемы са здароўем
2 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна было разгледжана пытанне аб замене "хіміі" Святаславу Лепешаву, асуджанаму за каментары, якія "распальвалі варожасць" да рускіх, і тэлефанаванне прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу. Ягоную справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк. Лепешаву ўзмацнілі рэжым і цяпер ён у турме чакае этапу ў калонію.
Праваабаронцам стала вядома, што ў мужчыны пачаліся моцныя праблемы са здароўем. За час знаходжання ў папраўчай установе праз цяжкую працу там, якая яму супрацьпаказаная, у яго пачаў падаць зрок. Акрамя гэтага, пасля затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 28 ліпеня за лайк у фэйсбуку ў 2020 годзе, яго ўдарылі галавой — праз гэта сітуацыя з вачыма пагоршылася. Лекары паставілі яму дыягназ — дыябетычная рынапація, яму пачалі лячэнне лазерам, але ў сувязі з узмацненнем рэжыму яго прыйшлося перарваць. Мужчыну можа пагражаць слепата і інваліднасць.
Нагадаем, МГС 12 жніўня 2021 года асудзіў 48-гадовага Лепешава да чатырох гадоў "хіміі" за пагрозу забойствам супрацоўніку RT Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК). Лепешаў убачыў нумар тэлефона Прыдыбайла ў «Чорнай кнізе Беларусі", патэлефанаваў яму і сказаў: «Табе піздз*ц». Падчас суда стала вядома, што ў мэтах бяспекі прапагандыста тады перавезлі ў амбасаду Расіі ў Мінску. Следчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай», дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як «добры маскаль — мёртвы маскаль».
28 ліпеня гэтага года Лепешева затрымлівалі ў Гродне, дзе ён адбываў пакаранне ў гродзенскім ПУАТ № 24. Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з ім.
"Я думаю, што пасля такога залёту неверагоднага, супрацоўнікі ПУАТ выйдуць з хадайніцтвам на замену рэжыму", — пракаментавалі затрыманне аўтары канала. Так і адбылося.
Лепешаў на відэа казаў, што "размяшчаў у фэйсбуку экстрэмісцкія матэрыялы".
Фігуранта "справы Ціханоўскага" Уладзіміра Кнігу чатыры месяцы ўтрымліваюць ў ШІЗА
Пра гэта распавёў палітвязень Сяргей Ціханоўскі, якога нядаўна выпусцілі з ШІЗА пасля двух месяцаў знаходжання там:
«Не знаю, на сколько меня выпустили. Может быть только, чтобы купить туалетные принадлежности и привести себя в порядок. Кроме меня в ужасных условиях в разных учреждениях содержатся и другие беларусы. Здесь в Жодино уже более четырех месяцев сидит в ШИЗО Владимир Книга. Он бывший ОМОНовец из Гродно, который заступился за меня во время задержания в 2020. Он герой!»
Некалькі месяцаў таму Уладзіміру ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму, дзе таксама ўтрымліваюць і Ціханоўскага.
Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. За кратамі знаходзіцца ўжо 28 месяцаў.
Падтрымайце палітвязняў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А (Уладзімір Іванавіч Кніга, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі)
Жыхар Рэчыцы паказаў расійскім вайскоўцам сярэдні палец — яго затрымалі амапаўцы ў поўным абмундзіраванні
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 40-гадовага жыхара Рэчыцы Паўла Гушчы. Паводле іх, мужчына паказаў расійскім вайскоўцам, якія праязджалі побач, сярэдні палец. За гэта яго прыехалі затрымліваць амапаўцы ў поўным абмундзіраванні.
На "пакаяльным відэа" Паўла прымусілі прасіць прабачэння і сказаць, што ён памыляўся ў тым, што расійскія войскі з Беларусі атакуюць Украіну — на самой справе яны нібыта "ахоўваюць нас".
Паведамляецца, што мужчына арыштаваны на 15 сутак.
Вольга Брыцікава, якая ў траўні выйшла на волю пасля 75 сутак, зноў арыштавана
3 лістапада ў судзе Наваполацка асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту, паведамляе @profbelonline.
Нагадаем, актывістку з 27 лютага ўтрымлівалі за кратамі 75 сутак. Над ёй прайшлі пяць судоў, а суддзя Балаболава кожны раз арыштоўвала Вольгу на 15 сутак.
Вольга Брыцікава — старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». У жніўні 2020 года яна публічна выказала патрабаванні супрацоўнікаў Нафтана, а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расеі на Украіну.
У Магілёве затрымалі мясцовага жыхара за падтрымку Украіны ў TikTok
Супрацоўнікі ГУБАЗіку і АМАП проста на вуліцы затрымалі жыхара Магілёва Андрэя Кірпічэнку. У віну мужчыну паставілі тое, што падчас прамых эфіраў у TikTok ён публічна падтрымліваў Украіну і яе войска ў вайне, развязанай Расіяй.
Сілавікі прымусілі мужчыну ў "пакаяльным відэа" сказаць пра тое, што ён цяпер падтрымлівае расійскае войска і прымусілі падпяваць песні "Дзень Перамогі".
Сілавікі разбілі галаву мужчыну за беларускую налепку на аўто
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманнем мужчыны за налепку з нацыянальным сцягам.
Напачатку відэа відаць, што нехта здымае на відэа налепку са знакам BY у нацыянальных колерах. Пасля гэтага ідуць кадры жорсткага затрымання мужчыны — яго брутальна выцягваюць з машыны і кідаюць на асфальт. Увесь гэты працэс здымаецца на відэа. На відэа з допыту мужчыны відаць, што ў яго рассечаны лоб.
"Спіс экстрэмістаў"
Файлы
- spis_extremistau_2.pdf (0.98 Mb)
- spis_extremistau_1.pdf (3.08 Mb)