viasna on patreon

"Табе піздз*ц". Мінчука асудзілі да 4 гадоў "хіміі" за пагрозы Прыдыбайлу і распальванне варожасці да рускіх

2021 2021-08-13T09:43:33+0300 2021-08-13T10:43:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lepeshev_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд 12 жніўня асудзіў 48-гадовага мінчука Святаслава Лепешава да чатырох гадоў "хіміі" за пагрозу забойствам расійскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК). 14 верасня Лепешаў убачыў нумар тэлефона Прыдыбайла ў "Чорнай кнізе Беларусі", патэлефанаваў яму і сказаў: "Табе піздз*ц". Падчас суда стала вядома, што ў мэтах бяспекі прапагандыста тады перавезлі ў амбасаду Расіі ў Мінску. Пацярпелы Прыдыбайла змог прысутнічаць на судзе толькі ў дзень спрэчак. Ён заявіў грамадзянскі пазоў у выглядзе 3 000 рублёў за "маральныя пакуты". Следчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах "Обсуждай" і "Спрашивай", дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як "добры маскаль — мёртвы маскаль". За гэта супраць Лепешава распачалі крымінальную справу за распальванне нацыянальнай варожасці. Справу разглядаў суддзя Пётр Арлоў, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Маргарыта Курыловіч. "Вясна" распавядае пра працэс, які доўжыўся больш за два месяцы.

Святаслаў Лепешаў. Фота: spring96.org
Святаслаў Лепешаў. Фота: spring96.org

У чым абвінавацілі мужчыну?

Паводле версіі абвінавачвання, Лепешаў каля 21:29 14 верасня 2020 года, "маючы намер на пагрозы забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў", патэлефанаваў пацярпеламу Канстанціну Прыдыбайлу. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення ў размове з Прыдыбайлам, абвінавачаны выказаў пагрозы, якія Прыдыбайла ўспрыняў як рэальныя, "паколькі Лепешаў валодаў інфармацыяй аб асабістых персанальных дадзеных Прыдыбайла" (адрас рэгістрацыі, назва ўліковых запісаў у «ВКонтакте» і Telegram) у сувязі з размяшчэннем 13 верасня ў "Чорнай кнізе Беларусі" дадзеных Прыдыбайлы. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 186 Крымінальнага кодэкса.

Таксама Лепешаў, "маючы намер на ўзбуджэнне ў неабмежаванага шырокага кола асобаў нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці", размясціў на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай» паведамленні ў перапісцы з іншымі карыстальнікамі, "якія з'яўляюцца разнавіднасцю пісьмовай мовы, у якой маецца негатыўная ацэнка чалавека і групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце нацыянальнасці ("рускія"), а таксама сацыяльна-псіхалагічная накіраванасць якіх звязана з фарміраваннем у абагульненага і спецыфічнага адрасата негатыўнага стаўлення да групы асоб, аб'яднаных па нацыянальнай прыкмеце ("рускія"), варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі да групы асоб, аб'яднаных па нацыянальнай прыкмеце ("рускія"), з абгрунтаваннем неабходнасці, дэманстрацыяй гатоўнасці і пагрозай прымянення гвалтоўных (агрэсіўных) дзеянняў у дачыненні да названай групы". Такім чынам, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Дадзеныя матэрыялы следчыя выявілі 9 лістапада 2020 года, гэта значыць амаль праз два месяцы пасля званка Прыдыбайлу. "Здзяйсненне злачынства па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса" палічылі як абцяжваючае адказнасць па артыкуле 186 КК.

Святаслаў Лепешаў прызнаў віну часткова.

Лепешаў з'яўляецца выкладчыкам гурткоў экалогіі і інфармацыйных тэхналогій у рэлігійнай арганізацыі "Дабрачынная місія Добрага Самараніна пад апекай Святой Уршулі Ледухоўскай". Яму была абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

"Давайце дапаможам яму з'ехаць з Беларусі". Што адбылося 14 верасня?

Па словах Святаслава Лепешава, 14 верасня да яго прыходзіў сябра, яны выпілі.

"Правёў сябра, сеў за кампутар, адкрыў фэйсбук. Убачыў у стужцы інфармацыю пра Прыдыбайлу, што ёсць такі карэспандэнт, які нясе недакладную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, яго фота, нумары тэлефонаў і спасылкі на сацсеткі. А таксама заклік: "Давайце дапаможам яму з'ехаць з Беларусі", – распавядаў сам абвінавачаны.

Пасля гэтага мужчына патэлефанаваў на нумар, размешчаны ў "Чорнай кнізе Беларусі". Гэта сапраўды аказаўся абаненцкім нумарам Прыдыбайлы. У судзе зачыталі стэнаграму званка Лепешава Прыдыбайлу і праслухалі аўдыёзапіс:

— Пазнаў мяне?

— Не пазнаў.

— Мяне завуць твой п*****ц.

— Угу.

— Ага! Так што рыхтуйся.

— Угу.

— Табе тут п*****ц.

Таксама Лепешаў казаў Прыдыбайлу па тэлефоне: "рыхтуйся", "табе не жыць", "рыхтуйся, сучон*к", "мы да цябе прыедзем" і г. д.

На ўдакладняючыя пытанні пракурора, Лепешаў патлумачыў, што хацеў спалохаць Прыдыбайлу, таму што ён даносіць людзям недакладную інфармацыю. Але пры гэтым прызнаў, што падвергнуўся ўплыву гэтай публікацыі. Таксама мужчына растлумачыў, што не пераследваў намеру прычыніць яму шкоду: "На наступную раніцу ўжо забыўся пра гэта".

Лепешава затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, правялі ператрус. З ім запісалі "пакаяльнае відэа", дзе мужчына ў халаце папрасіў прабачэння ў Прыдыбайлы. Здымаў яго на відэа супрацоўнік ГУБАЗіКа Мехавіч М. Н. Яго выклікалі ў суд у якасці сведкі, але ён не з'явіўся. На судзе Лепешаў сказаў, што на відэа ён запісваўся добраахвотна і сам хацеў гэта сказаць.

У тэлефоне Лепешава 9 лістапада 2020 года следчыя выявілі яшчэ і перапіскі мужчыны на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай». У выніку супраць Лепешава распачалі яшчэ адну крымінальную справу па арт. 130 КК — распальванне нацыянальнай варожасці.

Што на судзе казаў сам абвінавачаны?

На судзе зачыталі цытаты з перапісак Лепешава, за якія супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса:

"рускія — рабаўнікі і забойцы", "добры маскаль — мёртвы маскаль", "мой любімы фрукт для вас, маскалёў, ядзерны фугас" і т. д. і т. п.

Зачытвалі перапіскі Лепешава на партале:

Хтосьці піша: "У нас лье дождж, а ў вас?»
Лепешаў: "А ў нас сонейка. Хай вас залье дождж, ватных пачвар".

Суддзя спытаў, чаму мужчына такі агрэсіўны ў перапісках, бо размова пачынаецца нейтральна і міралюбна. Лепешаў патлумачыў, што ён у той час разводзіўся, "вельмі моцна злаваўся і перажываў, а яна падтрымлівала анэксію Крыма".

Святаслаў Лепешаў патлумачыў, што негатыўнага стаўлення і варожых установак у адносінах да рускіх у яго няма:

"Стаўлюся да рускіх, як да родных. Дзядуля рускі, руская жонка. Мая мама былая выкладчыца рускай і старажытнарускай моваў. Не бачу розніцы паміж беларусамі і рускімі".

У судзе па перапісцы ён патлумачыў, што "казаў першае, што на розум прыходзіла".

Суддзя папрасіў Лепешава растлумачыць, хто такі ватнік.

"Ватнік — гэта рускі акупант, які ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі ДНР і ЛНР, які выношвае ідэі захопу зямлі з мэтай аднаўлення камунізму", — сказаў Лепешаў.

Пракурорка пацікавілася ў Лепешава, ці удзельнічаў ён у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у жніўні і верасні 2020 года. Лепешаў адказаў сцвярджальна, але суддзя зняў пытанне, паколькі яно не адносіцца да разглядаемай справы.

У судзе прызначалі псіхолага-лінгвістычную экспертызу аб наяўнасці ў каментарах Лепешава негатыўнага стаўлення да нацыянальнай групы "рускія", якая ўстанавіла такія прыкметы.

"Ведаў, што былі ў краіне радыкальныя групы". Што казаў на судзе пацярпелы Прыдыбайла? 

Канстанцін Прыдыбайла ў судзе. Фота: @lgbelarussegodnya
Канстанцін Прыдыбайла ў судзе. Фота: @lgbelarussegodnya

У перадапошні дзень працэсу на пасяджэнне прыязджаў пацярпелы Канстанцін Прыдыбайла. Сам працэс пачаўся яшчэ напачатку чэрвеня, але тады Прыдыбайла не прыехаў, бо быў на карантыне ў Санкт-Пецярбургу. 10 жніўня Прыдыбайла заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў выглядзе трох тысяч беларускіх рублёў. Прыдыбайла распавёў, што накіруе спагнаныя грошы ў дабрачынны фонд Аляксея Талая. На суд таксама прыходзіла прапагандыстка Людміла Гладкая.

З пратаколу допыту Прыдыбайла падчас следства стала вядома, што пасля апублікавання асабістых звестак у "Чорнай кнізе Беларусі" яму паступіла больш за сто званкоў і паведамленняў з пагрозамі і абразамі, у тым ліку пагрозамі забойства, фізічнай расправы. 

Па словах Прыдыбайлы, ён "некалькі дзён не мог весці нармальную журналісцкую дзейнасць, так як тэлефон распаляўся. Не мог нармальна працаваць на вуліцы. Баяўся за сваё жыццё".

На судзе стала вядома, што пасля званкоў і паведамленняў Прыдыбайлу на час перавезлі ў амбасаду Расіі ў Мінску.

"Калі ты працуеш там, на вуліцы...  Калі цябе абражаюць і кажуць, што табе ... канец, не самае прыемнае. Страх? Так, мне было страшна. Быў вядомы мой адрас, я працаваў на вуліцы, ведаў, што былі ў краіне радыкальныя групы. Не ведаў, ці чакаў мяне хтосьці пад пад'ездам? І не ведаў, дзе і з чым мог мяне чакаць спадар Лепешаў. Я не бачу, каб ён раскайваўся ў сваім учынку", – сказаў Прыдыбайла на судзе.

Чым усё скончылася?

У выніку суддзя Пётр Арлоў асудзіў Святаслава Лепешава да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне прасіла прызначыць пракурорка Маргарыта Курыловіч. Акрамя гэтага, Святаслава Лепешаў павінен выплаціць Прыдыбайлу 3000 беларускіх рублёў маральнай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства