viasna on patreon

Палітвязня Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе яшчэ на год калоніі

2022 2022-07-25T12:39:00+0300 2022-07-25T13:30:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arcjom_aniszczuk_fota_z_sacsetak_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволенага Арцёма Анішчука асудзілі 25 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва па новай крымінальнай справе за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце. Арцём мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін па справе "пашкоджання машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца", але гэтага не адбылося — яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Арцём на судзе віну не прызнаў і заявіў, што новая крымінальная справа — гэта помста начальніка калоніі № 15, дзе ён падвяргаўся катаванням і збіццю. У выніку суддзя Ксенія Нікіфарава склала прысуды па двух крымінальных справах (нават па той, па якой Арцём цалкам адбыў тэрмін) і прызначыла палітвязню ў суме тры гады калоніі, два з якіх ён адбыў. Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зняволення.

Арцём, фота з сацсетак

Нагадаем, Арцёма Анішчука асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і этапавалі ў магілёўскую калонію №15, дзе ён зазнаў катаванні. Палітвязня ў верасні перавялі з магілёўскай калоніі ў бабруйскую калонію № 2, дзе ён таксама падвяргаўся ціску. Там Арцём даведаўся, што супраць яго магілёўскімі следчымі праводзіцца праверка па факце "абразы міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце".

28 чэрвеня, за дзень да вызвалення, Арцёму ўручылі пастанову пракурора Магілёва, згодна з якой Анішчука узялі пад варту ўжо па новай крымінальнай справе. Пры гэтым на момант здзяйснення "злачынства" дзейнічала старая рэдакцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса, якая не прадугледжвала меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Новая справа нібыта была ўзбуджаная 27 снежня 2021 году, і толькі 20 траўня Арцём стаў падазраваным па ёй. 8 чэрвеня яго этапавалі ў следчую турму № 4 на 10 дзён для "правядзення следчых дзеянняў", дзе яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 369 КК. Справу ўзбудзілі за паведамленне ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года, але пад варту яго вырашылі ўзяць цяпер — калі Арцём мусіў выйсці на волю.

Што адбывалася на судзе?

Суд быў расцягнуты на тры працэсы. У залю суда палітвязня заводзілі і выводзілі "ластаўкай". Паводле версіі абвінавачвання, 26 верасня 2020 года Арцём Анішчук "сваім каментаром, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці наўмысна публічна [у закрытым тэлеграм-чаце на 10 чалавек] абразіў прадстаўніка ўлады".

Віну Арцём не прызнаў. Ён на судзе заявіў, што цалкам не згодны з абвінавачваннямі. Ён нагадаў, што пераводзіўся з магілёўскай калоніі ў бабруйскую з-за прадузятага стаўлення начальніка калоніі № 15 Аляксея Лазарэнкі. Палітвязень патлумачыў, чаму два гады да яго не было прэтэнзій, а цяпер з'явіліся:

"Я лічу, што ў адміністрацыі ПК [№ 15] не атрымалася на мяне павесіць артыкул 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае парушэнне рэжыму), якую пракуратура палічыла незаконным і адмяніла. Пасля гэтага начальнік калоніі [ПК № 15] сказаў, што "я цябе ў спакоі не пакіну і зраблю ўсё, каб дадаць табе тэрмін". "У мяне ёсць знаёмыя суддзя, пракуроры", — гэта ягоныя словы. І калі справа па арт. 411 КК была прыпынена, то той жа следчы, які вёў справу па арт. 411 КК, пачаў праверку па арт. 369 КК".

Лінгвістычная экспертыза ў каментары Анішчука не выявіла абразы супрацоўніка органаў унутраных спраў. У матэрыялах справы няма тэлефона, з якога быў пакінуты каментар. Анішчук не ведае, куды ён мог дзецца. Але ў справе ёсць тры іншыя тэлефоны.

Пацярпелы міліцыянт не з'явіўся на суд, таму справу разглядалі без яго. На працэсе зачыталі яго паказанні. Згодна з імі, пра каментары ў дачыненні да сябе ён даведаўся ў снежні 2021 года: перапіску ў чаце "Кепка" яму паказаў супрацоўнік міліцыі. Па словах пацярпелага, раней ён не ведаў аб існаванні гэтага чата. Акрамя таго, ён не мог бы паглядзець змест чата, з-за таго, што ён закрыты. Завочна ён папрасіў спагнаць з Анішчука маральную кампенсацыю.

Сведкамі па справе выступалі іншыя фігуранты справы "пашкоджанні машыны супрацоўніка ДВП Гейца" — іх дапытвалі ў калоніях. 

Пракурорка запрасіла для яго два гады "хіміі", але з улікам папярэдняй судзімасці, склаўшы прысуды па дзвюх крымінальных справах, у выніку запрасіла для Анішчука тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма. 

У апошнім слове сказаў палітвязень:

"Я вельмі спадзяюся і шчыра веру, што ні Высокі суд, ні дзяржабвінаваўца не знаходзяцца ні ў якой змове з супрацоўнікамі ПК № 15, якія мне абяцалі дадаць тэрмін. Гэтак жа я хачу дадаць, што я не здзяйсняў ніякіх дзеянняў ні ў гэтым тэлеграм-чаце, ні ў іншых. Таксама ідэй сацыяльнай варожасці я не прытрымліваюся. І я вельмі сумую па сваёй жонцы".

Суддзя Ксенія Нікіфарава прызначыла палітвязню тэрмін, які запрашвала дзяржабвінавачванне. У рэшце Анішчуку застаўся каля году зняволення па новай крымінальнай справе. Таксама з Арцёма спагналі 1000 рублёў маральнай кампенсацыі ў карысць пацярпелага міліцыянтага.

Падтрымаць Арцёма грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі можна па адрасе:

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Арцём Ігаравіч Анішчук

Рэквізіты для грашовага пераліку:

УНП: 790194835
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY74BAPB36429017000260000000

Храналогія пераследу Арцёма Анішчука:

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой.

Арцём Анішчук у магілёўскай калоніі праглынуў металічныя прадметы, каб яго спынілі катаваць

Падчас сустрэчы высветлілася, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15.

Жонка зняволенага Арцёма Анішчука: Пасля пракурорскай праверкі мужа збіваў начальнік калоніі

Пра катаванні і ціск на мужа праваабаронцам распавяла ягоная жонка Вольга.

"Будзеш сядзець ад званка да званка". Катаванні, бясконцыя ШІЗА, ціск: што вядома пра асуджаных па "справе пяцёркі"

"Вясна" пагаварыла са сваякамі зняволеных па справе "пяцёркі" і распавядае, як адміністрацыі калоній ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання для іх.

ШІЗА і правакатар: ціск на Арцёма Анішчука ў калоніі працягваецца

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ціск на зняволенага працягваецца ў бабруйскай калоніі №2.

Супраць Арцёма Анішчука ўзбудзілі новую крымінальную справу і этапавалі ў магілёўскую турму

Анішчук стаў падазраваным па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і яго перавялі з калоніі ў следчую турму № 4 для "правядзення следчых дзеянняў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства