viasna on patreon

Наступіў на дрэўка сцяга? Падборка дыфамацыйных прысудаў, вынесеных улетку

2022 2022-09-30T19:27:00+0300 2022-10-03T14:01:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sciah_chyrvona-zialiony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Згодна з інфармацыяй Праваабарончага цэнтра "Вясна", самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій у Беларусі сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабрана чарговая падборка дыфамацыйных прысудаў, пра якія стала вядома праваабаронцам.

Дрэўка сцяга і шкода ў 40 рублёў

9 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска асудзіў Вадзіма Кавалёва за "Знявагу дзяржаўных сімвалаў" (артыкул 370 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Паводле версіі абвінавачвання, Кавалёў падышоў да аднаго з аддзяленняў банка ў Віцебску і, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, на вачах у старонніх грамадзян, ухапіўшыся за дрэўка з верхавінай флагштока і Дзяржаўным сцягам РБ, размешчанай у металічным кранштэйне, якія мацуюцца да металічнай стойкі будынка, пашкодзіў металічны кранштэйн, на якім утварылася пашкоджанне (дэфармацыя) яго заснавання, якое з'яўляецца выгінам і ўтворанае ў выніку дзеяння дэфармавальнай нагрузкі ў кірунку ад верхняга левага боку кранштэйна да ніжняга правага, тым самым адарваў паказаны вышэй металічны кранштэйн са змешчаным у ім дрэўкам з верхавінай флагштока і Дзяржаўным сцягам РБ. Пасля чаго кінуў дрэўка і стукнуў абутай нагой па дрэўку, у выніку чаго пашкодзіў верхавіну флагштока, якое разбілася.

Шкода ад адарванага металічнага кранштэйна была ацэнена ў 22 беларускія рублі і 28 капеек, а ад пашкоджанага дрэўка — 17 рублёў 90 капеек. Агулам — 40 рублёў і 18 капеек, ці 1,26 базавыя велічыні.

Вадзім Кавалёў на судовым пасяджэнні вінаватым сябе прызнаў і растлумачыў, што ўвечары ішоў па вуліцы і ўбачыў на калоне будынка на вышыні выцягнутай рукі сцяг. Ён пацягнуў за кранштэйн мацавання і сарваў сцяг з дрэўкам, а пасля, пабачыўшы, што гэта сцяг Рэспублікі Беларусь, кінуў яго на зямлю. Калі пачаў сыходзіць, то дакрануўся да дрэўка нагой, каб адштурхнуць яго і не наступіць на яго. Прычыну сваіх дзеянняў растлумачыў алкагольным ап'яненнем.

Кавалёў адзначыў, што не хацеў здзекавацца з дзяржаўнага сцяга Беларусі, таму што першапачаткова падумаў, што гэта сцяг Расійскай Федэрацыі. Суд у асобе суддзі Іллі Белавуса яму не паверыў, бо гэтыя сцягі істотна адрозніваюцца па знешнім выглядзе.

Адзін са сведак, які выступіў на гэтым судовым пасяджэнні, сказаў, што Кавалёў удар па дрэўку нагой не наносіў. Гэтыя паказанні суд палічыў непраўдзівымі, спаслаўшыся на тое, што на папярэднім следстве сведка паказаў на процілеглае: Кавалёў сцяг штурхаў. Аднак гэты ж сведка на судзе растлумачыў супярэчнасці паміж сваімі паказаннямі проста: падчас допыту ён няўважліва прачытаў пратакол і падпісаў яго.

Аднак суд выключыў з абвінавачвання Кавалёву тое, што ён наступаў на сцяг абутымі нагамі, бо праведзеная экспертыза паказала: аніякіх слядоў хадавых паверхняў падэшваў абутку няма.

У выніку суддзя Ілля Белавус асудзіў Вадзіма Кавалёва да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) — т. зв. хатняя хімія.


Спачатку асудзілі, а потым унеслі ў спіс тэрарыстаў

8 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе вынеслі прысуд 39-гадоваму Валерыю Зізу. Мужчыну судзілі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: “распальванне іншай сацыяльнай варожасці” (ч. 1 арт. 130 КК) і “махлярства” (ч. 1 арт. 209 КК).

valeryj_ziza.jpg
Валерый Зіза

Вядома, што Валерыя дома затрымалі супрацоўнікі КДБ, а ў тэлефоне знайшлі каментар, які кваліфікавалі згодна з ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. У чым канкрэтна абвінавацілі мужчыну паводле ч. 1 арт. 209 КК — невядома.

Суддзя Ірына Майко вынесла прысуд: адзін год калоніі.

У верасні КДБ уключыў Валерыя Зізу ў “Пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Таксама вядома, што Валерый мае першую групу інваліднасці.


Ацаніла негатыўна, але "без нізкіх памкненняў"

14 ліпеня суд Ленінскага раёна горада Магілёва разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Таццяны Галамыцька. Яе абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пацярпелым прызнаны старшы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Барысаўскага РУУС. Паводле абвінавачання, ягоная асоба была ацэнена негатыўна ў каментары, які Галамыцька пакінула пад фатаграфіяй супрацоўніка міліцыі ў месэнджары Тэлеграм.

Але суд выключыў з абвінавачвання Галамыцька згадванне пра тое, што падчас абразы яна кіравалася нізкімі памкненнямі — бо не знайшоў таму пацверджання.

У выніку жанчыну асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Таксама яна павінна выплаціць заяўлены пацярпелым старшым інспектарам міліцыі пазоў аб кампенсацыі ягоных маральных пакут памерам у 1000 беларускіх рублёў. А мабільны тэлефон Таццяны Галамыцька канфіскавалі як сродак здзяйснення злачынства.

Такі прысуд вынесла суддзя Ксенія Нікіфарава. У тым жа месяцы яна асудзіла палітзняволенага Арцёма Анішчука.

Палітвязня Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе яшчэ на год калоніі

Палітзняволенага Арцёма Анішчука асудзілі 25 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва па новай крымінальнай справе за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце. Арцём мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня.

Справу спынілі, але адказнасць за "маральныя пакуты" засталася

Раней “Вясна” паведамляла пра справу 70-гадовай пенсіянеркі Антаніны Мартыненкі з Кобрына , якую абвінавацілі ў абразе ганцавіцкага супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. Тады, 27 чэрвеня, суд Кобрынскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу — і спыніў яе праз заканчэнне тэрміну даўнасці, які складае два гады (абраза, якая інкрымінавалася жанчыне, была здзейснена 28 чэрвеня 2020 года).

Але гісторыя пераследу працягнулася. На гэта звярнула ўвагу “Берасцейская Вясна”.

4 жніўня іншы кобрынскі суддзя Аляксандр Бабаскін разглядзеў пазоў Ігара Вольніча аб матэрыяльнай кампенсацыі яго маральнай шкоды. І задаволіў яго — праўда, часткова. Так, Вольніч хацеў атрымаць 1500 беларускіх рублёў, але суддзя пастанавіў, што Антаніна Мартыненка мусіць яму заплаціць 700 рублёў.


"Абразіў" на тры крымінальныя артыкулы

12 жніўня Чавускі раённы суд вынес прысуд магілёўцу Арцёму Калашуку. Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і абразе суддзі (арт. 391 КК).

Паводле матэрыялаў справы, Калашук увосень-узімку 2020 года пакінуў тры каментары ў тэлеграм-канале "Кулуары КУКУ". 17 лістапада ён, падзяляючы ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. 8 снежня, як палічыў суд, Калашук у каментарах абразіў суддзю суда Фрунзенскага раёна Крэпскую, а праз два дні — пракурора Гомельскай вобласці Віктара Марозава. 15 студзеня 2021 года ў тэлеграм-канале "МКБ. Мая краіна Беларусь" Арцём Калашук пакінуў негатыўны водгук пра намесніка начальніка Генеральнага штаба УС РБ Паўла Муравейку.

Сваю віну мужчына прызнаў часткова.

Суддзя Алена Каралько прызнала Арцёма Калашука вінаватым і асудзіла да 8 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вядома, што Калашук да затрымання жыў з бабуляй, працаваў у Маскве. Ён таксама мае праблемы са здароўем — мужчына не чуе адным вухам.


"Справа Зельцэра": асудзілі на калонію, але адпусцілі

22 жніўня ў Гомельскім абласным судзе разгледзелі справу 31-гадовага палітзняволенага Аляксея Качанава. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна". Мужчыну абвінавачвалі за каментар у сацсетках пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Аляксею Качанаву ставілі ў віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).

zelcer_screen.jpeg
Скрын з відэазапісу з кватэры Андрэя Зельцара.

Суд быў закрытым і трапіць на яго ў слухачоў не атрымалася. Але, як стала вядома, суддзя Вячаслаў Калюка прысудзіў Аляксею пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на адзін год і чатыры месяцы. Гэты час за кратамі палітвязень ужо адбыў падчас следства, таму пасля прысуду яго адпусцілі на волю наўпрост з судовай залы.


Яшчэ адна "справа Зельцэра": і калонія, і штраф

24 жніўня Магілёўскі абласны суд разгледзеў справу палітвязня Яўгена Ракевіча. Яго абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК).

rakevich_jauhen.jpg
Яўген Ракевіч

У верасні 2021 у адным з тэлеграм-чатаў Яўген пакінуў каментар пра супрацоўніка КДБ Федасюка, які загінуў разам з IT-менеджарам Андрэем Зельцэрам падчас перастрэлкі ў кватэры апошняга. Як сцвярджае бок абвінавачвання, у каментары Ракевіч абразіў супрацоўніка КДБ і наогул негатыўна выказаўся пра яго.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова, патлумачыўшы, што каментары напісаў, паддаўшыся эмоцыям.

Справу разглядала суддзя Ірына Цяплова. Яна прысудзіла Ракевічу пазбаўленне волі тэрмінам два гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (што складае 3 200 беларускіх рублёў).


Асудзілі за відэа, якое ў працоўным чаце выпадкова размясціла дзіця

24 жніўня ў Рэчыцы асудзілі работніка метызнага завода Барыса Кайзера, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Пра гэта паведаміў @flagshtok.

Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка. Падрабязнасцяў з судовага пасяджэння няшмат, бо яно праходзіла у закрытым рэжыме.

Вядома толькі, што на відэа, якое і стала падставай для завядзення крымінальнай справы, было знята, як падчас сямейнага застолля абвінавачаны прадказаў паразу Расіі ў вайне з Украінай і асудзіў дзеянні Лукашэнкі. Паводле інфармацыі, відэа апынулася ў працоўным чаце метызнага завода выпадкова — яго загрузіла дзіця Барыса, калі гулялася з тэлефонам. Пазней запіс трапіў у органы. У выніку на мужчыну распачалі крымінальную справу.

Барысу Кайзеру прызначылі адзін год і тры месяцы пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Праваабарончая супольнасць прызнала Барыса Кайзера палітычным зняволеным.


Вусна абразіў Лукашэнку дома

26 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі Сяргея Краўчука. Яго прызналі вінаватым у абразе прэзідэнта Беларусі (арт. 368 КК).

Згодна з абвінавачаннем, Краўчук меў намер публічна абразіць Лукашэнку, таму ў стане алкагольнага ап'янення вусна зняважыў яго дома і ў службовай машыне міліцыянтаў.

Абвінавачаны прызнаў віну і пазнаў сябе на відэазапісах з нагруднага рэгістратара супрацоўніка міліцыі. Ягоная віна таксама даказвалася паказаннямі сведкаў, якія чулі, як Краўчук абражае Лукашэнку.

Суддзя Таццяна Шоцік агучыла вырак: тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (“хатняй хіміі”). Сяргея Краўчука вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Таксама яго будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.


За каментары і лайкі ў сацсетках — адразу пяць артыкулаў і калонія

31 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў Юрыя Чубанава паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

jury_chubanau.jpg
Юры Чубанаў

Юрыя судзілі у тым ліку за лайкі і каментары фотаздымкаў, пастоў і відэа ў сацсетках.

Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла.

Адной з пацярпелых па справе праходзіла інспектарка Партызанскага РУУС Мінска Ліліяна Жылянкова. Мужчына лайкнуў у сацсетках пост, у якім утрымліваліся яе асабістыя дадзеныя, пасля чаго яны сталі бачныя і на ягонай асабістай старонцы. Паводле версіі абвінавачвання, такім чынам Юрый “здзейсніў распаўсюджванне асабістых дадзеных супрацоўніка міліцыі”. Пацярпелая Жылянкова запатрабавала матэрыяльную кампенсацыю сваіх маральных пакут у памеры 1 000 беларускіх рублёў, а пацярпелы Прыгара — 2 000 рублёў.

Праваабарончая супольнасць прызнала Юрыя Чубанава палітычным зняволеным. https://spring96.org/be/news/109120


Суд закрыты

У Гомелі асудзілі мясцовага жыхара Валянціна Музыкіна — пра гэта праваабаронцам стала вядома 5 верасня. Мужчыну абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

valiancin_muzykin.jpg
Валянцін Музыкін

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў.

Падрабязнасцяў справы ў праваабаронцаў няма, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Вядомы толькі вынік: 52-гадовага Валянціна прызналі вінаватым паводле двух інкрымінаваных артыкулаў і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства