viasna on patreon

Мінуў тэрмін даўнасці. Падборка крымінальных спраў за "абразы", дзе абвінавачаных так і не асудзілі

2022 2022-07-16T16:06:56+0300 2022-07-20T15:50:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kozlovskij_grodno.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні паводле крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабраны крымінальныя справы, якія сталі вядомыя праваабаронцам у апошні час. І ў якіх крымінальны пераслед у дачыненні да абвінавачаных быў спынены.


Ляхавічы: гродзенскі міліцыянт Казлоўскі

Як паведаміла "Берасцейская Вясна", на жыхарку Ляхавіцкага раёна Алену Бабко завялі крымінальную справу за "абразу прадстаўніка ўлады" (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Прычынай паслужылі два каментара ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі", пакінутыя ў адрас ўчастковага інспектара міліцыі з Гродна Уладзіміра Казлоўскага. Ён вядомы тым, што падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай 29 траўня 2020 года ўпаў на зямлю — пасля чаго Сяргея Ціханоўскага затрымалі.

kozlovskij_grodno.jpg
міліцыянт Уладзімір Казлоўскі, фота ад 29.05.2020

У сувязі з гэтым у Інтэрнэце з'явіліся пасты з асуджэннем Казлоўскага. Адзін з іх утрымліваў тэкст:

"Як думаеце, ці атрымае гэты малады чалавек прэмію Оскар за лепшую мужчынскую ролю?"

Менавіта пад ім Алена Бабко і пакінула 30 мая 2020 года свой каментар. На наступны дзень, 31 траўня, жанчына пакінула яшчэ адзін каментар пра Казлоўкага, але ўжо пад іншым постам.

А ў сакавіку 2022 года пачаўся крымінальны пераслед Алены. Да яе дадому прыйшлі з ператрусам. Тэлефон, з якога яна заходзіла ў Інтэрнэт, канфіскавалі і далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы за "абразу прадстаўніка ўлады".

3 чэрвеня 2022 года гэтую справу разглядалі ў судзе Ляхавіцкага раёна. Аднак так як дзеі па артыкуле 369 КК адносяцца да тых, якія "не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі", то тэрмін даўнасці (два гады) да моманту судовага працэсу скончыўся.

Таму суддзя Наталля Буднік пастанавіла: спыніць крымінальную справу і адхіліць пазоў міліцыянта Казлоўскага аб кампенсацыі яму маральнай шкоды ў памеры 2000 беларускіх рублёў. Аднак тэлефон, з якога пісаліся ў каментары, забраць у даход дзяржавы.

* У адпаведнасці з пунктам 1 часткі 1 артыкула 83 КК "Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці" — "асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі з дня здзяйснення злачынства "прайшло" 2 гады — пры здзяйсненні злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі". Гэта не адносіцца да выпадкаў, калі да заканчэння тэрміну даўніны "асоба ўчыніць новае наўмыснае злачынства", альбо "хаваецца ад органа крымінальнага пераследу альбо суда". Вызваленне асобы ад крымінальнай адказнасці азначае, што абвінавачанага не могуць судзіць за ўчыненае злачынства, у яго не ўзнікае стан судзімасці і да яго не можа быць ужытае пакаранне за ўчыненне злачынства.


Кобрын: Ганцавіцкі супрацоўнік ДАІ Вольніч

"Берасцейская Вясна" паведаміла яшчэ аб адной спыненай крымінальнай палітычна матываванай справе.

27 чэрвеня ў судзе Кобрынскага раёна пачалі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да 70-гадовай пенсіянеркі Антаніны Мартыненкі. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) — Ганцавіцкага супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. Ён, як і Казлоўскі, не ў першы раз становіцца "пацярпелым" па крымінальных справах (вядомы тым, што на пікеце "ланцуг салідарнасці" ў Ганцавічах жорстка прыціснуў каленам галаву затрыманага да асфальту).

Ігар Вольніч затрымлівае ўдзельніка мірнай акцыі.
Ігар Вольніч затрымлівае ўдзельніка мірнай акцыі ў Ганцавічах, 2020 год

Антаніна Мартыненка 28 чэрвеня 2020 года ў" Аднакласніках " убачыла пост Вольгі Карач пра Ігара Вольніча. Пад яго фатаграфіяй жанчына і пакінула каментар са словам "брыда".

Амаль праз два гады, 27 чэрвеня 2022 года, гэта крымінальная справа і пачалі разглядаць. Але ў першы дзень судовага пасяджэння высветліліся працэсуальныя парушэнні: позву ў суд Антаніна Дзмітрыеўна атрымала менш чым за 5 сутак да судовага працэсу.

Гэта стала падставай для таго, каб адкласці пасяджэнне, а потым і зусім спыніць крымінальную справу за заканчэннем тэрміну даўнасці, які складае два гады. Аднак тэлефон пенсіянеркі суддзя Ала Богнат пастанавіла канфіскаваць.


Светлагорск: зноў Казлоўскі

4 ліпеня ў судзе Светлагорскага раёна адбылося пасяджэнне суда па справе Марыны Савельевай. На ім паўстала пытанне аб вызваленні грамадзянкі ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна".

Марыну Савельеву вінавацілі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Паводле матэрыялаў справы, Савельева ў 2020 годзе пакінула ў інтэрнэце абразлівы, на думку следства, каментар адносна міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага. У ходзе расследавання справы скончыўся тэрмін даўнасці.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Валодзькін.


Гомель: зноў Вольніч

Гомельскі раённы суд спыніў крымінальны пераслед Вадзіма Лясько.

Суд над ім павінен быў адбыцца 11 ліпеня. Мужчына абвінавачваўся ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 за абразу прадстаўніка ўлады — і зноў Ганцавіцкага супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. Пост з абразай, па версіі следства, ён напісаў у "Аднакласніках". Аднак крымінальны пераслед у дачыненні да Лясько быў спынены, паколькі скончыліся тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці (згодна з арт. 83 КК).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства