Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
8 верасня 2022 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
- Іван Карабельнікаў, асуджаны па арт. 341 КК за надпіс на плоце “НЕТ ВОЙНЕ” да 3 месяцаў арышту.
- Арцём Калашук, асуджаны па арт. 368, 369, 391 КК за абразу А. Лукашэнкі, пракурора і суддзі да васьмі месяцаў пазбаўлення волі;
- Барыс Кайзер, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго году і 3 месяцаў пазбаўлення волі;
- Дзмітрый Крывулька, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго году і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
- Сяргей Ананьеў, асуджаны па арт. 364 КК за выказванне мяркавання, у якім адсутнічалі пагрозы ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Яўген Ліцкевіч, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Уладзіслаў Шалабанаў, узяты пад варту па арт. 365 КК за выказванне мяркавання, ў якім адсутнічалі пагрозы ў дачыненні да прадстаўніка ўлады;
- Сяргей Сясіцкі, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
- Віталь Грыгаль, узяты пад варту па “справе Зельцара”;
- Аляксандр Пугач, узяты пад варту па арт. 369 КК і арт. 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А.Лукашэнкі;
- Сяргей Скакун, узяты пад варту па арт. 391 КК за абразу суддзі;
- Павел Варапай, асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі па арт. 368 КК, 369 КК, 188 КК, 391 КК за абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, суддзі і за паклёп.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Івана Карабельнікава, Арцёма Калашука, Барыса Кайзера, Дзмітрыя Крывульку, Сяргея Ананьева, Яўгена Ліцкевіча, Уладзіслава Шалабанава, Сяргея Сясіцкага, Віталя Грыгаля, Аляксандра Пугача, Сяргея Скакуна, Паўла Варапая і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.