viasna on patreon

Стомленая, незалежная, пратэстуючая. Якой запомнілася Марфа Рабкова ў СІЗА?

2022 2022-09-09T10:19:07+0300 2022-09-09T10:59:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_637.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі. Разгляд ейнай справы пачаўся ў красавіку 2022 года і доўжыўся некалькі месяцаў, а агулам у зняволенні Марфу ўтрымліваюць амаль два гады.

У ліпені палітзняволеная Іна Шырокая сустрэла Марфу Рабкову ў СІЗА-1. Цяпер Іна на волі — і распавяла "Вясне" пра тое, якой ёй запомнілася дзяўчына.

Марфа Рабкова. Фото: spring96.org
Марфа Рабкова да зняволення

Іна Шырокая бачылася з Марфай Рабковой тройчы, увесь час — у «адстойніках»: 25 ліпеня — перад судовым пасяджэннем і пасля яго, а таксама 26 ліпеня — перад вынясеннем прысуду самой Іне. Жанчыне прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (так званую «хатнюю хімію»), пасля чаго вызвалілі ў зале суда.

* «Адстойнік» — гэта спецыяльна вылучаная камера ў СІЗА, дзе зняволеныя чакаюць адпраўкі ў суд. Для гэтага зняволеных збіраюць з камер іх «пражывання» — усіх, у каго судовае пасяджэнне прызначана ў адзін дзень.

Арыстакратычная бледнасць і незалежная аддаленасць. Як выглядае Марфа?

Іна адзначае, што да свайго зняволення не была знаёмая з Марфай — таму не можа параўнаць, «якой яна была і якой стала цяпер».

Марфа распавяла, што вельмі схуднела — за час судовага працэсу яна, са слоў Іны, «змяніла ўжо другі раз штаны». А за час знаходжання ў СІЗА з-за «раснічак» (адмысловых кратаў на вокнах, што не прапускаюць натуральнае святло) Марфа «два гады не бачыла сонца»:

«Марфа рэальна белага колеру, — кажа Іна. — У яе там ні кроплі загару — мы ж не траплялі на сонца наогул. І ў яе бачная гэта бледнасць арыстакратычная».

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка
Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

«Яна рабіла ўражанне стомленай. Але гэта выглядала не як безнадзейнасць, а як такая вось пакора і аддаленасць. Я магу назваць гэта такім словам.

Мы ўсе, дзяўчынкі, мітусіліся: мы ж ідзём пад канвоем вялікім натоўпам (у дзень на суды магло ехаць вельмі шмат людзей) — часам ішлі і па 50 чалавек. А Марфа — ззаду, у такой «развалачцы». У яе такі выгляд быў: адчужаная, незалежная, звыклая да ўсяго.

І ў «адстойніку» — ва ўсіх зашкальваюць эмоцыі, бо страшна і невядома, што там з прысудам — мы разраджалі абстаноўку жартамі: «Ну ты, Марфа, быццам на спатканне сабралася!» У яе была нязменная палатняная сумачка, джынсы-слімы і чорная майка з нейкім прынтом».

Магчыма, адзначае Іна, гэта была цішотка з сімвалічным надпісам «Добі — вольны эльф», у якой Марфа была заўважана ў першы дзень судовага працэсу, пасля чаго яго зрабілі закрытым, а таксама ў дзень прысуду.

Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка
Марфа Рабкова ў цішотцы з надпісам "Добі — вольны эльф" на першым судовым паседжанні

«Я ўжо стамілася ад усяго гэтага абсурду», — перадае словы Марфы Іна.

Працэс над Марфай: у суд як на працу і абсурднае шоў

Як успамінае Іна, адна з ейных сукамерніц таксама бачыла Марфу ў «адстойніку» — і перадала жарт дзяўчыны:

«[Сукамерніца] прыйшла і кажа: уяўляеш, Марфа пажартавала: «У мяне сёння свята: 90-ты дзень суда».

А мы жартавалі, што Марфа ходзіць у суд як на працу».

Ад давання паказанняў на судовым працэсе Марфа Рабкова адмовілася.

«Марфа казала, што ёй інкрымінуюцца зусім абсурдныя рэчы — і яна проста слухае і глядзіць на ўсё гэтае шоў.

Пракурор успрымаў яе як асабістага ворага. І на ўсе гэтыя пафасныя рэчы, якія ён ёй у якасці абвінавачвання прыгаворваў, яна проста моўчкі ківала і паказвала жэст рукой: “лайк”».

Марфа меркавала, што яе асудзяць на 12 гадоў (у выніку ёй прызначылі 15 гадоў калоніі). Гэтым яна падзялілася з Інай:

«Я кажу: Божа, 12 гадоў, які жах! — узгадвае Іна. — А Марфа кажа: «Зразумела, што я не адсяджу гэтыя 12 гадоў, таму што адбудзецца змена ўлады — і трэба патрываць нейкі час».

Яна цвёрда верыць, што ўсё гэта скончыцца са звяржэннем рэжыму».

Зняволеная Марфа — абаронца ўсіх зняволеных

Марфа ведае і адстойвае свае правы нават у СІЗА:

«“Іна, магчыма, цябе будуць судзіць у кайданках — ты пратэстуй, гэта незаконна”, — такую параду дала Марфа Іне падчас іх першай сустрэчы.

«Марфа казала, што яе не водзяць у кайданках, таму што яна пратэстуе супраць гэтага, — прыгадвае Іна. — Яна ведала правы і казала, што трэба рабіць з прававога пункту гледжання».

Напрыклад, Іну збянтэжыў «голы шмон» (агляд зняволеных з поўным распрананнем перад кожнай паездкай на суд). Марфа дала ёй параду: «Патрабуйце, каб гэта было ў асобным пакоі».

siza-1_budynak-valadarka.jpg
СІЗА-1, у якім ужо амаль два гады ўтрымліваецца Марфа

Праваабаронца падзялялася сваімі ведамі і з іншымі зняволенымі:

«Яна з усімі добра камунікуе — незалежна ад артыкулаў [у абвінавачванні зняволеных], — успамінае Іна. — Бо з намі сядзелі дзяўчынкі за крадзяжы, наркотыкі, аліменты. Часта з маргінальнай знешнасцю. І калі я разумела, што ў мяне не хопіць камунікацыйных здольнасцяў з імі размаўляць, то Марфа абсалютна спакойна тлумачыла ім нейкія юрыдычныя рэчы. Паводзіла сябе вельмі адкрыта і душэўна. Была даступнай, сціплай, непатрабавальнай.

І вось гэтыя дзяўчынкі ўсе да Марфы звярталіся, убок адводзілі і штосьці запытвалі. І яна ўсё падрабязна, што ведае, з юрыдычнага пункту гледжання распавядала: «Цябе чакае тое і тое». То бок кансультавала нават у турме!»

Апошняя сустрэча

Калі дзяржабвінаваўца па справе Іны Шырокай запатрабаваў ёй пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі» (а не калоніі, чаго асцерагалася жанчына), тая з радасці падзялілася гэтым з Марфай.

«Яна парадавалася за мяне — што ў мяне «нармальнае» рашэнне суда: “Ты хутка будзеш на волі”».

Гэта была апошняя сустрэча ў «адстойніку» — на наступны дзень Іну адпусцілі пасля вынясення прысуду. Таму яна прапанавала Марфе дапамогу — перадаць што-небудзь з волі ў перадачах і пасылках. На што праваабаронца ёй адказала:

«Не, усё нармальна, мне асабіста нічога не трэба. У мяне ўсяго хапае, усё ёсць. Я тут за два гады ўжо ўсім абжылася».

«Камунікацыі паміж палітычнымі ўпіраліся ў тэрміны. Тэрміны пакутаў»

Іна Шырокая ўжо некалькі месяцаў на волі. Цяпер яна пераасэнсоўвае свой досвед знаходжання ў СІЗА:

«Цяпер у мяне памянялася рэальнасць, і здаецца, што гэта быў абсалютны сюр. Як быццам я пабывала ў кіно, а цяпер яно скончылася. Але я вось разумею, што ў кагосьці гэтае кіно наогул не сканчаецца... І такое бяссілле вельмі жорсткае, таму што перыядычна крые.

Маці пяцярых дзяцей з Гродна, якая галасавала за Лукашэнку, асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту

26 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе палітзняволенай Іны Шырокай, якую абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".

 Крыла ўсіх нас. Нас увесь час крыў іспанскі сорам праз тое, што мы ва ўсім гэтым удзельнічаем. Мне пашанцавала трошкі больш, чым астатнім — бо ў мяне артыкул быў [мякчэйшы].

І па сутнасці ўсе камунікацыі паміж палітычнымі ўвесь час упіраліся ў тэрміны. У тэрміны пакутаў: хто колькі сядзеў і каму колькі засталося. Там словы спагады не скажаш нікому — таму што яны гучаць вельмі фальшыва. Ніякай падтрымкі таксама не акажаш — бо рэальнасць такая. І ўвесь час лунала ў паветры няёмкасць за факт таго, што ўсё гэта адбываецца».


Падтрымайце Марыю Рабкову лістамі салідарнасці і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства