viasna on patreon

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч

2022 2022-09-07T15:32:29+0300 2022-09-07T15:32:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franckevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі, валанцёру Андрэю Чапюку — 6 гадоў калоніі, актывістам анархісцкага руху Аляксандру Францкевічу— 17 гадоў калонііАкіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі, Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі, Аляксандру КазлянкуПаўлу ШпетнамуМікіту Дранцу — па 6 гадоў калонііАндрэю МарачуДанілу Чулю — па 5 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў фігурантам справы менавіта такія тэрміны, якія запатрабаваў пракурор Раман Бізюк. Тэлеграм-канал "Рэвалюцыйнага дзеяння" апублікаваў моцнае апошняе слова 32-гадовага палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага ўчора да рэкорднага турэмнага тэрміну па гэтай справе.

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня
Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

"Скажу шчыра, у мяне першапачаткова было іншае апошняе слова. Яно было напісана ў іншым кантэксце, можна сказаць, у іншай краіне. Тыя ахвяры, прынесеныя ў імя адзінаасобнай улады ў 20-ым годзе цмянеюць на фоне ваенных злачынстваў, у якіх Лукашэнка стаў саўдзельнікам. Калі арыштоўвала мяне палітычная паліцыя аўтарытарнай дзяржавы, то судзіць мяне ўжо ваенна-грамадзянская адміністрацыя беларускай акругі.

Але нягледзячы на ўсю жорсткасць, усю нахабную хлусню, агрэсіўнае невуцтва, нягледзячы на велізарную колькасць бессэнсоўнага гвалту, я ведаю — час моцных гаспадарнікаў і збіральнікаў зямель сыйшоў. Гэта ведаюць нават тыя, хто па інерцыі або з-за страху выконваюць усе загады, указы і задачы. Гісторыя пераварочвае старонку і ў новай главе гэты змрочны перыяд знойдзе сваю ацэнку, вартую таго. Тыя ж, каго вымусілі з'ехаць, каго судзяць і прэсуюць у калоніях, тыя, хто на фронце ваюе з імперскім вар'ятам — яны будуць вызначаць будучыню Беларусі. Вырашаць праблемы, назапашаныя за дзесяцігоддзі безадказнага і самадурнага праўлення.

Адзінае, аб чым шкадую, што не прыклаў больш высілкаў, больш старанняў, каб гэтыя муры абрынуліся. Не зрабіў больш для таго, каб Расія ўрэшце была разбураная. Не быў у Кіеве тады, калі "рускі ваенны карабель" пайшоў у вызначаным кірунку, а кіяўляне спынілі арду, якая ўявіла сябе непераможнай.

Я ведаю і веру — замест таталітарызму, улады хамаў і цынікаў, замест непадзельнага панавання нямногіх над большасцю, мы ўбачым увасабленне дэмакратыі і сапраўднага народаўладдзя. Не недзе далёка, а тут, у нас, у Беларусі. Я ведаю — будучыня належыць нам.

Жыве Беларусь і Слава Украіне!"

Апошнія словы іншых палітвязняў па гэтай справе:

Андрэй Чапюк у апошнім слове: "Праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ"

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 26-гадовы палітвязень Андрэй Чапюк падрыхтаваў да апошняга слова.

"Такое прадстаўленне не вартае нават пухавіцкага палаца культуры", — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 22-гадовы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада падрыхтаваў да апошняга слова.

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства