viasna on patreon

Мінчук у сацсетках "абразіў" Лукашэнку, Ярмошыну, Качанаву, Шведа, Макея і іншых чыноўнікаў — 3,5 гады калоніі і штрафы на больш як 20 тысяч рублёў

2022 2022-09-05T16:17:23+0300 2022-09-05T16:21:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/izobrazhenie_2022-09-05_150525430.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Варапай

Павел Варапай

30 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес рашэнне па справе Паўла Варапая, якога абвінавачвалі ў публічнай абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), суддзі (арт. 391 КК), а таксама ў паклёпе (арт. 188 КК).

Справу разглядаў Дзмітрый Карсюк, які быў прызначаны на пасаду суддзі Цэнтральнага раёна Мінска ўвосень 2020 года і неаднаразова выносіў палітычна матываваныя рашэнні.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 31 год і што ён мінчук.

Згодна з версіяй абвінавачвання, са студзеня па снежань 2021 года ў розных Telegram-каналах Павел Варапай размясціў каментары з абразамі ў адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, намесніка міністра ўнутраных спраў Дзмітрыя Карзюка, прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, начальніка Віцебскай мытні Паўла Лобачава, а таксама пракурорскага работніка, суддзі аднаго са сталічных раёнаў і іншых прадстаўнікоў улады.

Таксама пад публікацыяй пра расследаванне крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і паваенны час "абвінавачаны распаўсюдзіў загадзя хлуслівыя звесткі, якія ганяць генпракурора Беларусі і ў якіх утрымлівалася яго абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства".

Вядома, што падчас судовага пасяджэння абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, растлумачыўшы свае дзеянні тым, што "паказаныя каментары пакінуў на эмоцыях пасля чытання інфармацыі ў дэструктыўных Telegram-каналах".

30 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Паўла Варапая вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады", арт. 188 КК "Паклёп", ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", арт. 391 КК "Абраза суддзі ці народнага засядацеля" і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 3,5 гады са штрафам у памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў).

Мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства суд пастанавіў канфіскаваць у прыбытак дзяржавы.

Паводле грамадзянскага пазову генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, які прызнаны адным з пацярпелых па гэтай справе, з Паўла Варапая вырашана спагнаць 10 тысяч рублёў у кошт пакрыцця прычыненай шкоды. Швед заявіў, што гэтыя грошы ён пералічыць у цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства