viasna on patreon

У Пружанах за пасты ў сацсетках пра мігрантаў судзяць актывістку Алену Гнаўк

2022 2022-06-13T13:35:15+0300 2022-06-17T11:57:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_sud_gnauk_2020_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 13 чэрвеня, у судзе Пружанскага раёна распачаўся суд над 65-гадовай палітзняволенай актывісткай Аленай Гнаўк. Асуджаную па "справе карагодаў" цяпер судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія пасты ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. Цяпер жанчыне пагражае да шасці гадоў калоніі. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў. Справу разглядае суддзя Юрый Жытко. 

Алена Гнаўк. Фота: tut.by
Алена Гнаўк. Фота: tut.by

Затрыманні, крымінальныя справы, суды: пераслед Алены пасля падзей 2020 году

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня Алену Гнаўк асудзілі па "справе карагодаў" па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў "хатняй хіміі". Праз 2,5 месяцы супраць яе распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).

Згодна з абвінавачваннямі, яна, "знаходзячыся ў зале 201 "Дома правасуддзя", выказалася фразай, якая змяшчае негатыўную ацэнку і з'яўляецца абразлівай у адносінах да дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чым публічна абразіла яго". Як апісвае сітуацыю сама актывістка, на разглядзе "справы карагодаў", дзе яна выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: "9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек..."

Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы стала заява аднаго з ахоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста, які знаходзіўся на судзе. Па ч. 1 арт. 368 КК суд Ленінскага раёна Брэста 3 верасня прызначыў пенсіянерцы два гады "хатняй хіміі", а ўлічваючы яшчэ і пакаранне па "справе карагодаў", Алене сумарна прызначылі 3 гады "хатняй хіміі". Сама Алена Гнаўк не прызнала віну на судзе. Актывістка здымала на відэа абвяшчэнне ўласнага прысуду, за гэта яе пасля заканчэння пасяджэння затрымалі.  За фота суддзі ў РУУСе на жанчыну склалі пратакол па арт. 25.1 КаАП (непавага да суду). У той жа вечар актывістку аштрафавалі на 87 рублёў (3 базавых велічыні).

27 верасня ў Алены Гнаўк адбыўся ператрус. Ён праходзіў у межах справы аб пагрозах на адрас старэйшага пракурора брэсцкай гарадской пракуратуры — Міхаіла Булыгіна, які падтрымліваў дзяржабвінавачванне на апошнім судзе па справе супраць Алены. З тэхнікі канфіскавалі старэнькі ноўтбук, флешку і мабільны тэлефон. Алена праходзіла сведкай па справе, узбуджанай з-за выдаванне асабістых дадзеных пракурора ў тэлеграм-канал "ЧКБ Брэст і вобласць". 

26 снежня мінулага году Алену зноў затрымлівалі за "БЧБ-пікет" каля свайго дома — прычынай стаў фотаздымак жанчыны ў Instagram. Тры дні да суда жанчына правяла ў пружанскім ІЧУ. У выніку, яе аштрафавалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) да 50 базавых велічынь (1450 рублёў).

Але Алена працягнула актыўную дзейнасць.

У чым цяпер абвінавачваюць палітзняволеную актывістку?

11 студзеня 2022 года Алену затрымалі ў чарговы раз і арыштавалі на 15 сутак за парушэнне рэжыму адбывання "хатняй хіміі" ў сувязі з апошнім затрыманнем у снежні. У пружанскім ІЧУ ёй забаранілі перадачы, чытаць і пісаць. У знак пратэсту Алена абвясціла галадоўку. 

З "сутак" пенсіянерку не выпусцілі — супраць яе ўзбудзілі дзве крымінальныя справы па арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Згодна з матэрыяламі справы Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

На пачатку сакавіка Алена была пераведзеная з баранавіцкага СІЗА-6 у СІЗА-1, адтуль — у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Пасля яе ізноў перавялі ў СІЗА-6, перад судом — у Пружанскі ІЧУ.

Напачатку траўня Алена Гнаўк абвяшчала галадоўку за кратамі. Яна патрабавала, каб лісты, якія яна напісала, даходзілі адрасатам. Алена трымала галадоўку больш за тыдзень і дамаглася таго, каб ёй пачалі аддаваць лісты.


Падтрымайце Алену:

ІЧУ АУС Пружанскага райвыканкама, 225133, Брэсцкая вобласць, г. Пружаны, вул. Савецкая, 36, Алена Пятроўна Гнаўк

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства