viasna on patreon

«Прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла». Экс-палітвязні і юрыст — пра жоўтыя біркі

2022 2022-05-19T16:39:01+0300 2022-05-21T00:05:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zona_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жоўтыя біркі зрабіліся своеасаблівым сімвалам палітвязняў у Беларусі. Такога колеру нашыўкі на адзенне і таблічкі на ложкі выдаюць зняволеным, якія пастаўленыя на прафілактычныя ўлікі як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Затрыманых паводле «палітычных» артыкулаў ставяць на такі ўлік аўтаматычна, таму сотні чалавек у месцах зняволення цяпер ходзяць з жоўтымі біркамі. Былыя палітвязні расказалі «Вясне», як прафулік уплываў на іх умовы ўтрымання ў СІЗА, калоніі і «хіміі», а юрыст Павел Сапелка пракаментаваў такую практыку.

Ілюстратыўнае фота spring96.org
Ілюстратыўнае фота spring96.org

«Палітычных можна адрозніць здалёк»

Як адзначаюць былыя зняволеныя, практычна ўсіх затрыманых паводле «палітычных» артыкулаў аўтаматычна ставяць на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Некаторым дадаюць іншыя прафулікі, напрыклад, «схільнага да гвалту да адміністрацыі і захопу закладнікаў», «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», «схільнага да ўцёкаў» і г.д. У палітвязня Мікалая Дзядка, якія адбывае тэрмін у горацкай калоніі, на гэты момант налічваецца тры прафулікі. Ён нядаўна расказаў, што наогул існуе 10 катэгорый прафулікаў:

«Падумалася, што раней наша пакаленне збірала фішкі, маркі і налепкі, а цяпер — прафулікі. Засталося яшчэ сем (усяго 10 катэгорый), і будзе поўны камплект. Толькі для гэтага трэба будзе пачаць збіраць «абшчак» і гуляць у рызыкоўныя гульні».

Жоўтыя біркі выкарыстоўваюцца ў калоніях, на «хіміях» і ў некаторых следчых ізалятарах дзеля адзнакі тых, хто знаходзіцца на «экстрэмісцкім» прафуліку.

Упершыню пра тое, што «палітычным» зняволеным, асуджаным за падзеі 2020 года, у шклоўскай калоніі масава нашываюць на адзенні жоўтыя біркі, расказаў загінулы палітычны зняволены Вітольд Ашурак:

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў у сваіх апошніх лістах да сяброўкі Вітольд.

«Героі не паміраюць»: 21 траўня — гадавіна са дня смерці Вітольда Ашурка

Вітольд хацеў змяніць жыццё ў Беларусі да лепшага і выкарыстаць кампаніі падчас выбараў дзеля таго, каб размаўляць ў людзьмі.

«На «Валадарцы» сустрэчы з адвакатам і следчым — праз шкло і краты»

Паводле былых зняволеных, жоўтыя біркі вешаюць на ложкі ў СІЗА Баранавічаў, Брэста і ў жодзінскай турме. У СІЗА-1 такая практыка не знайшла распаўсюду. Экс-палітвязень Кірыл Салееў, які на «Валадарцы» прабыў чатыры месяцы, падзяліўся з «Вясной», як адзначаюць тых, каго паставілі на прафулік, там:

«На «Валадарцы» праверка прафулікоўцаў адбываецца так: адчыняюць «тармазы», заходзяць у камеру і называюць па прозвішчах — і глядзяць, на якім ложку спіш. Вось гэта была ўся праверка».

Былы палітвязень Аляксандр Багданаў (Папа Бо) пацвердзіў «Вясне», што жоўтымі біркамі ў СІЗА-1 не адзначаюць тых, хто знаходзіцца на прафуліку, але звярнуў увагу на іншыя абмежаванні:

«На «Валадарцы» сапраўды такой практыкі (жоўтых бірак) не было. Прафулік ніяк не ўплываў ні на што ні ў мяне, ні ў сакамернікаў-прафулікоўцаў. Адно што — сустрэчы з адвакатам і следчым — праз шкло і краты, а ў простых бандытаў — у пакоі за сталом.

Мяне гэта не кранала і не абурала. Наадварот, весяліла».

«Прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла» 

Жоўтая бірка экс-палітвязня Віктара Царыкевіча
Жоўтая бірка экс-палітвязня Віктара Царыкевіча

Кірыл Салееў распавядае, што з 12 чалавек у ягонай камеры — восем стаяла на прафуліках. З іх шэсць — «чыста палітычныя». Паводле былога палітвязня, калі яго ставілі на прафулік, ён разумеў, што гэта «адзнака палітычных»:

«Але самым зацятым «палітычным» ставілі прафулік не толькі па «схільнасці да экстрэмізму», але і як «схільным да гвалту да адміністрацыі і захопу закладнікаў». Такі прафулік быў у Дзядка. У такім разе ўмовы кардынальна адрозніваюцца: Дзядок заўсёды ў СІЗА хадзіў у кайданках. У яго быў асобны наглядчык, а на шпацыр хадзіў у асобны дворык у кайданках.

Было непрыемна пачувацца пазначаным, бо я разумеў, што нічога добрага мне не свеціць з гэтым прафулікам, калі мне дадуць пазбаўленне волі, таму я проста рыхтаваўся да найгоршага. Гэта быў такі псіхалагічны бар'ер, які мне вельмі цяжка даўся, але я яго ўсё ж такі пераадолеў пад канец. Я быў гатовы да ўсяго. І я быў гатовы да таго, што калі мне дадуць калонію, то мне давядзецца сядзець ад званка да званка.

Я лічу, што гэты прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла. Гэта пакаранне за думказлачынства, таму што людзі нічога дрэннага не зрабілі. Гэта абсалютнае варварства. Гэта абсалютная дыктатура. Гэта абсалютна недапушчальна».

Экс-палітвязень Кірыл Салееў: "Уцякаць — адзіны спосаб дамагчыся нейкай справядлівасці"

Чаму ён прыняў такое рашэнне, як прайшлі яго чатыры месяцы на "Валадарцы", каго ён сустракаў за кратамі — былы палітвязень распавёў "Вясне".

«Свеціць жоўценькімі промнямі кожны і грэе»

Зміцер Фурманаў, які цалкам адбыў тэрмін паводле «справы Ціханоўскага», распавёў, як ён упершыню сутыкнуўся з прафулікам:

«Мяне паставілі на першы ўлік у гродзенскай турме. Я не разумеў наогул, што гэта за ўлікі такія. Давялося насіць кайданкі па-за камерай і па-за шпацырным дворыкам. Увесь час адчувалася ўвага, ну гэты не новы павеў, так было пры "саўку"».

Палітзняволены Максім Знак, які адбывае дзесяцігадовы тэрмін у «Віцьбе», проста цяпер ходзіць з жоўтай біркай. Вось што ён напісаў у лісце ад 3 траўня гэтага года:

«Магчыма, пакуль гэты ліст дойдзе, з нас ужо здымуць целагрэйкі. 28.04 зранку быў снег. А з ацяпленнем, калі як — перасталі, потым пару начэй, здаецца, тапілі, цяпер не, але не халодна. Свеціць жоўценькімі промнямі кожны і грэе :). Я, дарэчы, падумаў, што ў Кларка Кента (also knows as Супермэн) таксама на грудзях была жоўтая бірка. І нічога :). Максім Знак»

«Схільных да экстрэмізму» не выпусцілі на працу 8 жніўня (напярэдадні гадавіны пратэстаў) і 26 лютага (перад рэферэндумам)»

Былы палітвязень Аляксей Караткоў, які два месяцы таму вызваліўся з івацэвіцкай калоніі, расказаў, як прафулік уплываў на ягонае жыццё ў калоніі:

«Гэта значыць, што на працягу дня будуць дадатковыя праверкі. Кантралёры прыходзяць нават на прамзону і адзначаюць, ці на месцы «прафулік». Памятаю, былі выходныя, калі правяралі сем разоў за дзень. Ты нармальна не можаш пачытаць кнігу ці напісаць ліст. У гэтым нічога страшнага няма, але гэта непрыемна і злуе. Акрамя гэтага, у «палітычных» часцей ладзяць вобшукі».

«Чалавек трапіў у турму — трэба за яго змагацца!» — экс-палітвязень Аляксей Караткоў

Як прайшлі ягоныя паўтара года ў зняволенні, як ён даведаўся пра вайну і як яе ўспрынялі зняволеныя, ці варта маўчаць пра рэпрэсіі супраць блізкіх, што пісаць і чаго пазбягаць у лістах палітвязням — Аляксей распавёў «Вясне».

Вікторыя Лысковіч, якая адбывала тэрмін на «хіміі» паводле «справы карагодаў», таксама стаяла на ўліку як «схільная да экстрэмізму»:

«Мяне гэты ўлік наогул не ўшчамляў, але ў горад без суправаджэння ты не выйдзеш. Нават у маленькую крамку праз дарогу я не магла самастойна схадзіць — са мной хтосьці мусіў быць з супрацоўнікаў.

Памятаю, што «схільных да экстрэмізму» не выпусцілі на працу 8 жніўня (напярэдадні гадавіны выбарчых пратэстаў) і 26 лютага (перад рэферэндумам). Пры гэтым яны нічога не тлумачылі, а проста сказалі: «Вы ж разумееце».

Часам у нас праводзілі прафілактычныя лекцыі, на якіх пыталіся ў нас, палітвязняў: «Ну, распавядзіце, чаму вы выходзілі на пратэсты? Дзеля чаго гэта рабілі?» Намначальніка казаў: «Цікава паслухаць меркаванне нашых экстрэмістаў».

«Гэта дадатковыя неабгрунтавана накладзеныя абавязкі і параза ў правах»

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка звяртае ўвагу, што пастаноўка на ўлік практычна не можа быць абскарджаная:

«Такая нашыўка зрабілася меткай прыналежнасці асуджаных да катэгорыі тых, хто ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі пратэставаў супраць парушэнняў палітычных і грамадзянскіх правоў, выказваў сваё меркаванне і аб'ядноўваўся ў асацыяцыі. Нашыўка і статус асобы, схільнай да экстрэмісцкай дзейнасці, — гэта дадатковыя неабгрунтавана накладзеныя абавязкі і параза ў правах.

Вельмі важна, што рашэнні пра пастаноўку на ўлік прымаюцца ў адміністрацыйным парадку і практычна не могуць быць эфектыўна абскарджаныя ў судовым.

Варта дадаць, што рэакцыйны закон аб процідзеянні экстрэмізму дазваляе пасля адбыцця пакарання, і нават пасля пагашэння судзімасці яшчэ на працягу пяці гадоў паражаць у правах такіх асуджаных: ім забароненыя некаторыя прафесіі, а таксама на іх могуць быць накладзеныя іншыя абмежаванні».

За нязгоду з пастаноўкай прафулік — карцар

Асуджаная 12 траўня палітзняволеная актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч, якая ўтрымоўвалася пад вартай чатыры з паловай месяцы, расказала, што ў СІЗА-1 за нязгоду з пастаноўкай на прафілактычны ўлік яе адправілі ў карцар:

«Мяне змясцілі ў карцар на пяць дзён за тое, што я не была згодная з пастаноўкай на ўлік як нібы схільная да суіцыду і экстрэмізму. Я даказвала, што я не схільная, а паводле 16 КПК не вінаватая, і пастаноўка на ўлік незаконная. А прымус абгаворваць сябе — гэта ўжо 394 КК. У карцары я абвясціла галадоўку. Галадала ўсе пяць дзён, пакуль там знаходзілася. Грэлі мяне шкарпэтачкі і водар лавандавага мыла».

Жоўтыя біркі, кайданкі, татальны кантроль: як ціснуць на «палітычных» у СІЗА і калоніях з дапамогай прафулікаў

Былы вязень, які адбываў пакаранне ў адной з папраўчых калоній Беларусі, распавёў «Вясне», як выглядаюць на практыцы прафілактычныя ўлікі для зняволеных: як абмяжоўваюць «палітычных» і якія гэта наступствы мае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства