Актывістку руху "Маці-328" асудзілі за паклёп і абразу Лукашэнкі да чатырох гадоў "хіміі"
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 12 траўня да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асудзілі палітзняволеную актывістку руху "Маці-328" Марыну Кісялевіч. Яе судзілі па "даносу неабыякавага" па допісах «УКантакце» па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Пад вартай жанчыну ўтрымлівалі чатыры з паловай месяцы. У турме яе змяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як "схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці", а яна абвяшчала галадоўку. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Рудэнка.
30 снежня 2021 года Марыну Кісялевіч выклікалі ў міліцыю з надуманай нагоды — нібыта апытаць наконт нейкіх допісаў ва «УКантакце», дзе жанчына ўвогуле не сядзіць. Марыну вырашылі пакінуць на ноч у РАУС, дзе яна выпіла пачак снатворнага — жанчына трапіла ў рэанімацыю. Пасля гэтага яе накіравалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, а потым перавялі ў жодзінскую турму да суда. Пад вартай яна ўтрымлівалася чатыры з паловай месяцы.
Як стала вядома, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала заява "неабыякавага грамадзяніна", пра гэта распавяла сама Марына пасля вызвалення:
"Як аказалася пільны грамадзянін проста напісаў на мяне данос. Мой чытач, падпісчык, прыхільнік, так сказаць. А можа, яго нехта аб гэтым папрасіў? У заяве прасіў схаваць ад мяне яго дадзеныя, прозвішча, імя, так як па яго думку, я агрэсіўная. Але не схавалі, больш за тое, выклікалі як сведку ў суд, і ў судзе ён быў вельмі засмучаны, што з ім так паступілі, ён шкадаваў сябе, што вось так усё выйшла. А я сядзела ў клетцы, у кайданках, як асабліва небяспечная, глядзела на яго і думала... Які ж ён няшчасны".
Пасля прысуду палітзняволеную вызвалілі ў залі суда.
Марына ў сябе на старонцы ў фэйсбуку распавяла, што яе змяшчалі ў карцар, дзе яна абвяшчала галадоўку:
"Мяне змясцілі ў карцар на пяць дзён, за тое, што я не была згодная з пастаноўкай на ўлік як нібыта схільныя да суіцыду і экстрэмізму. Я даказвала, што я не схільная, а па 16 КПК не вінаватая і пастаноўка на ўлік незаконная. А прымус агаворваць сябе — гэта ўжо 394 КК. У карцары я абвясціла галадоўку. Галадала ўсе пяць дзён пакуль там знаходзілася. Грэлі мяне носочкі і пах лавандавага мыла".
Сын Марыны быў асуджаны ў 2017 годзе да 13 гадоў калоніі.