viasna on patreon

«Героі не паміраюць»: 21 траўня — гадавіна са дня смерці Вітольда Ашурка

2022 2022-05-16T13:19:12+0300 2022-05-17T10:44:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ashurak_partret.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Малюнак: mff.by

Малюнак: mff.by

«Добры дзень, сябры! Я Вітольд Ашурак, мне 49 год. Я каардынатар Руху “За свабоду” у Гродзенскай вобласці, сябра Сойму партыі БНФ. Шмат год удзельнічаю ў рашэнні праблемаў рэгіёна», — менавіта так пра сябе распавёў мужчына ў тэлезвароце падчас дэпутацкіх выбараў 2019 года. Ён не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент, удзельнічаючы ў выбарах у Бярозаўскі гарадскі савет у 2018 годзе, нават ва ўмовах страшэнных фальсіфікацый ён атрымаў 15,9% галасоў. Ён хацеў змяніць жыццё ў Беларусі да лепшага і выкарыстаць кампаніі падчас выбараў дзеля таго, каб размаўляць ў людзьмі.

Вітольд Ашурак — беларускі палітвязень з Бярозаўкі, што на Лідчыне. Першы раз яго затрымалі 9 жніўня 2020 года і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту: на 15 — за ўдзел у мерапрыемстве і яшчэ на 5 — за непавагу да суда, бо ён не ўстаў, калі зайшоў суддзя. Тады яго адпусцілі праз 5 сутак, але Вітольд і далей працягнуў ездзіць на «ланцугі салідарнасці» у Ліду. 

21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!

Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

Ён не хаваўся, бо не лічыў сябе вінаватым. 19 верасня затрыманы спачатку на суткі, а праз месяц за кратамі – і паводле крымінальнай справы. Суддзя Максім Філатаў асудзіў яго да пяці гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2020 году. Памёр у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.

ashurak_sud.jpeg
Вітольд падчас суда паводле адной з адміністрацыйных спраў

Вітольд — рашучы і нязломны. Ягоная актывісцкая дзейнасць пачалася з Плошчы-2010. За ўдзел у мерапрыемстве яму далі 12 сутак – двое сутак дадалі за тое, што сказаў, што прымаў удзел у мерапрыемстве «За ідэю». Пасля гэтага ён уступіў у БНФ, хаця казаў, што ніколі не будзе ўдзельнічаць у партыі. Умеў працаваць над сабой: калі ў 2010 годзе перайшоў на беларускую мову, прасіў жонку дыктаваць яму дыктоўкі.

Хто такі Вітольд Ашурак?

Вітольд закончыў 10 класаў школы ў Бярозаўцы, але сябры неаднаразова ўзгадвалі ягоныя акадэмічныя веды: ён шмат чытаў, ведаў гісторыю Беларусі і свету. Доўгі час ён працаваў выдзімальнікам на шклозаводзе, потым стаў займацца будоўляй, рамонтам кватэр. Таксама набіваў татуіроўкі. Ён трэніраваўся на сабе, а якія не падабаліся — забіваў. Брат Андрэй называе яго найлепшым майстрам на Бярозаўцы. Акрамя таго, Вітольд маляваў карціны – захавалася ўсяго некалькі з іх, адна з каторых называецца «Простыя рэчы». Добра гуляў у шахматы.

ashurak_malunak.jpeg
Карціна «Простыя рэчы»

З 1988 года Вітольд падарожнічаў на платах па Нёману, які ён вельмі любіў. У першае падарожжа выправіўся са Змітром Вайцюшкевічам — тады хлапцы яшчэ вучыліся ў школе. З тых часоў кожны год сплаўляўся па Нёману і да кожнага сплаву будаваў новы карабель, да кожнага з іх ён самастойна рабіў чарцяжы. Летам 2021 года сябры зладзілі традыцыйны сплаў у памяць пра Вітольда.

«Не хапае яго, усё жыццё мы былі недзе побач, — распавядаў ягоны брат Андрэй Ашурак. — Ён заўсёды быў разумным, генератарам ідэй. Неяк вычытаў, што можна выкапаць артэзіянскі калодзеж, мы выбралі жудаснае месца з пяском і дзіцячымі савочкамі вырылі метры тры ўніз — і капалі ўсе рабяты са двара. Усім было цікава, як хутка мы дакапаемся да вады».

Ён шанаваў гісторыю Беларусі і разбіраўся ў ёй. Калі ў 2019 годзе ў Лідзе адкрылі помнік Гедыміну, Ашурак быў вельмі натхнёны атмасферай, колькасцю бел-чырвона-белых сцягоў і па выніках дня быў упэўнены: «Будучыня належыць нам!» Таксама Вітольд быў адным з арганізатараў фэстаў патрыятычнай песні, якія праходзілі пад Бярозаўкай.

ashurak_2020.jpeg
Ашурак падчас адной з акцый у 2020 годзе

Палітвязень удзельнічаў у шматлікіх акцыях, звяртаючы ўвагу людзей да праблем у Беларусі, у тым ліку — экалагічных. Напрыклад, 26 красавіка 2020 года ён зладзіў адзіночны пікет супраць будаўніцтва ў ягонай роднай Бярозаўцы новага цэху шклаваты. Вітольд лічыў, што гэтай акцыяй падведзеная рыса над ілюзіямі. «Сёння бессэнсоўна накіроўваць лісты, апеляваць да вышэйшых інстанцыяў і да Лукашэнкі, бо ён сам і загадаў пабудаваць гэты цэх», — сказаў ён тады. Разам з паплечнікамі ён судзіўся з заводам за парушэнне Орхускай канвенцыі, яны дамагліся грамадскіх слуханняў. Урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Таксама ў 2019 годзе прыцягнуў увагу да мора рыбы ў Дзітве, пасля гэтага пачалі пашыраць лідскія ачышчальныя збудаванні. А напярэдадні 7 лістапада 2017 года ён з сябрамі прынёс да помніка Леніна вянок з надпісам «Гары ў пекле, кат».

Дзякуючы ягоным намаганням, у Лідскім раёне быў зладжаны мемарыял у гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў у рэальным месцы змаганняў наваградскага атраду. Гаспадар колішняй сядзібы сабраў каля целы каля 30-ці загінулых там хлопцаў на полі і пахаваў на ўскрайку свайго фальварку. У 2016-2017 гадах Вітольд з сябрамі рэстаўравалі ўсталяваныя ў 90-я гады крыжы. Ён марыў, каб гэтае месца стала своеасаблівым беларускім Пантэонам. Ашурак лічыў, што гэта повязь пакаленняў — тых, якія сыйшлі, і тых, якія прыйдуць. Ён быў і на пахаванні парэшткаў паўстанцаў у Вільні. Зараз усё больш беларусаў прыязджаюць у гэтае месца.

ashurak_1863.jpeg
Вітольд у месцы шанавання памяці паўстанцаў

«Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з "кармушкай"? Ці пазбавіў мяне будынак былога езуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!» — так напісаў Вітольд у лісце ў рэдакцыю газеты «Новы час» пасля некалькіх месяцаў зняволення.

Як шануюць памяць пра актывіста?

Імя Вітольда Ашурка ёсць на Мемарыялах пры беларускай царкве ў Лондане, у беларускай царкве Антвэрпэна ўсталявалі і асвяцілі памятны знак у гонар Вітольда Ашурка, ягоны партрэт ставілі ў Курапатах, акцыі памяці Ашурка праходзяць у розных гарадах і краінах. Мастак Яўген Лукашэвіч зімой 2021 года зрабіў у Бярозаўцы скульптуру «Бярозаўскага Зубра з вялікім сэрцам», якую прысвяціў Вітольду Ашурку.

ashurak_londan.jpeg
Мемарыял у Лондане
ashurak_zubr.jpeg
«Бярозаўскі Зубр з вялікім сэрцам». Вітольд атрымаў фотаздымкі скульптуры падчас зняволення

Беларускі актывіст пасмяротна быў ўганарованы крыжом «За годнасць у палоне», якім узнагароджваюцца ўкраінцы і грамадзяне, якія былі ўзятыя ў палон і выявілі ўзор мужнасці і нязломнасць перакананняў. 

«Прыйшоў час браць адказнасць за Айчыну на сябе. Мы павінны самі вырашаць свой лёс і адказваць за сваю будучыню. Ва ўмовах татальных фальсіфікацый я не маю права заклікаць вас на выбарчыя ўчасткі. Але так будзе не заўжды. За самай цёмнай ноччу прыходзіць дзень, і мы павінны сустрэць гэты дзень падрыхтаванымі. Гатуйцеся, сябры!

Будзьце актыўнымі, смела выказвайце сваю грамадзянскую пазіцыю і патрабуйце павагі да сябе. Ведайце, што патрыётаў Беларусі больш, чым прыстасаванцаў. Памятайце: вы – сіла, а Беларусь — перадусім!» – сказаў ён у тэлезвароце падчас кампаніі па выбарах у дэпутаты.

У лісце да сяброўкі Вольгі Быкоўскай ён напісаў: «Як я зайздрошчу тым нам, якія пакінуць часы зняволення і здзекаў над нацыяй у мінулым. Усё гэта безумоўна будзе!»

ashurak_yakubouskaya.jpeg
Работа мастачкі Вольгі Якубоўскай, прысвечаная Вітольду Ашурку

Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі суполкі «Вітольд Ашурак», фільма «Радыё Свабода» «Я Вітольд Ашурак», іншых матэрыялаў «Радыё Свабода»Тут можна знайсці рамкі для профільных выяваў у гонар Вітольда Ашурка. У назве матэрыяла выкарыстоўваецца цытата з песні Лявона Вольскага «Героі не паміраюць».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства