Ад двух да шасці гадоў калоніі: дзяржабвінавачванне запрасіла тэрміны для ўдзельнікаў "віцебскіх перформансаў"
У судзе Віцебскага раёна 16 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу на чатырох мясцовых жыхароў за “экстрэмісцкія перформансы”.
Абвінавачаныя – палітвязні Ірына Пярцова, Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юля Лабунова.
У залежнасці ад ролі кожнага ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў іх абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства);
ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства).
Справу разглядае суддзя Міхаіл Зубеня.
Пад час сённяшняга пасяджэння, дзяржабвінаваўца ў судовых спрэчках спыніўся на тым, што злоснае хуліганства – з’ява асабліва небяспечная, асабліва калі здзяйсняецца па матывах палітычнай, ідэалагічнай і сацыяльнай варожасці… Такія дзеянні падрываюць аўтарытэт улады, спрыяюць падзенню прэстыжу і негатыўна ўплываюць на дзеянні дзяржаўнага апарата.
Віцебск: у судзе за “экстрэмісцкія перформансы” дапыталі сведкаў і абвясцілі тайм-аут
У судзе абвінавачаныя не пагадзіліся, што дзейнічалі па матывах варажнечы. Арцём Латышаў мае апазіцыйныя погляды, судом даказана, што псаванне банераў з выявамі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі ён планаваў загадзя. Сваёй віны не прызнаў і адмовіўся ў судзе даваць паказанні.
Апрача таго, абвінаваўца спаслаўся на той момант, што Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юля Лабунова стаяць на ўліку як асобы, схільныя да экстрэмісцкай дзейнасці.
У Ірыны Пярцовай просіць прызнаць змякчальнымі абставінамі наяўнасць непаўнагадовага дзіця і супрацоўніцтва са следствам.
Зыходзячы з гэтага, дзяржабвінаваўца просіць наступнае пакаранне:
Ірыне Пярцовай па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Юлі Лабуновай па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Кацярыне Макарэвіч па ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 339 адпаведна, па сукупнасці пакаранняў, два і тры з паловай гады пазбаўлення волі. Канчаткова – чатыры з палавінай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Арцёму Латышаву па арт. 341 і ч. 2 арт. 339 адпаведна па сукупнасці пакаранняў два і чатыры з паловай гады пазбаўлення волі, Канчаткова – шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.