viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні пяці новых палітзняволеных

2021 2021-11-18T11:14:14+0300 2021-11-18T11:24:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

18 лістапада 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, у сувязі з прыцягненнем да крымінальнай адказнасці і змяшчэннем пад варту паводле арт.361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Ірыны Пярцовай, Паўла Сакалова, Кацярыны Макарэвіч, за стварэнне і кіраўніцтва дзейнасцю груп у месэнджары Telegram, заяўляем наступнае:

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў; кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар. Кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцыі з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтымі  правамі не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што прадугледжваюцца законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў, свабод і рэпутацыі іншых асобаў.

Варта адзначыць, што крымінальная справа распачатая, абвінавачанне выстаўленае, і пералічаныя людзі пазбаўленыя волі да прызнання іх чатаў і груп экстрэмісцкімі фармаваннямі. У адсутнасць фактаў здзяйснення згаданымі людзьмі злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці спасылка на наяўнасць мэты іх здзяйснення можа быць пацверджана толькі дастатковымі дапушчальнымі доказамі, у адсутнасць якіх прад'яўленне абвінавачання паводле арт.361-1 КК не можа быць законным.

Ірына Пярцова, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў прыцягнутыя да адказнасці і змешчаныя пад варту паводле ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства) за перформанс, падчас якога на надмагільным крыжы замацавалі таблічку з надпісам "Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч 30.08.1954-30.08.2021" і партрэт Лукашэнкі А.Р. з чорнай стужкай, адкаркавалі бутэльку шампанскага і вылілі змесціва на паверхню магілы.

Варта падкрэсліць, што ў дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду паводле крымінальнага абвінавачання, то бок пасля прад'яўлення абвінавачання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Змяшчэнне пад варту павінна быць заснаванае на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымоўваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Пералічаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных..

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам ці Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  2. асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед і пазбаўленне волі Ірыны Пярцовай, Паўла Сакалова, Кацярыны Макарэвіч, Юліі Лабуновай, Арцёма Латышава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў меры і працэсуальныя рашэнні пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнні аб меры стрымання;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

"Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства