За красавік па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 89 чалавек
Праваабарончы цэнтр «Вясна» на працягу красавіка фіксаваў працяг тэндэнцыі па крымінальным пераследзе грамадзян паводле палітычных матываў. За красавік колькасць палітычных зняволеных павялічылася на 56 чалавек.
За сакавік па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 99 чалавек
ПЦ «Вясна» вядома пра не менш як 89 грамадзян, асуджаных у красавіку паводле палітычных матываў. Суадносіны вядомых праваабаронцам жанчын і мужчын, асуджаных за красавік у крымінальным парадку, складае 28,1% і 71,9% адпаведна.
З агульнай колькасці асуджаных у красавіку грамадзян, звесткі пра якіх атрымалася сабраць ПЦ «Вясна», паводле дыфамацыйных артыкулаў, на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэкса доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць, асуджана 28,1% грамадзян. Паводле артыкулаў аб падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным удзеле у іх, і масавых беспарадках асуджана 58,4% грамадзян.
Праваабаронцы зафіксавалі, што ў красавіку судовая сістэма ў пераважнай большасці выпадкаў працягвала ўжываць да фігурантаў «пратэсных» крымінальных спраў пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна за красавік, па вядомых ПЦ «Вясна» справах, суды вынеслі:
- 106 гадоў і 4 месяцы зняволення ў дачыненні да 41 чалавека;
- 62 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да 24 чалавек;
- 40 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») у дачыненні да 18 чалавек;
- 18 месяцаў арышту для 6 чалавек;
- 100 базавых велічынь штрафу на суму 3200 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 1 чалавека разам з пазбаўленнем волі.
Па вядомых праваабаронцам прысудах паводле «пратэсных» крымінальных спраў у красавіку суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 46% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 27% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 20,2% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 6,8% выпадкаў.
Такім чынам, пакаранне паводле палітычна матываваных крымінальных спраў, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» і арыштам суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў у красавіку.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, якія адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: viasna@spring96.org