Замест лячэння зроку афармляюць першую групу інваліднасці: гісторыя ахвяры катаванняў Дзмітрыя Мішакоўскага
Праваабаронцы працягваюць сачыць за лёсам ахвяраў катаванняў і жорсткага абыходжання, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня 2020 года. Адзін з іх – жыхар Мінска Дзмітрый Мішакоўскі.
Першы раз ён патрапіў пад дручкі амапаўцаў яшчэ на Дзень волі ў 2017 годзе. Дзмітрыя 25 сакавіка збілі двойчы - пры затрыманні і ў аўтобусе. У тым ліку па галаве. Пасля кінулі яму нейкую дзяругу, каб не запэцкаў аўтобус крывёю.
Другі раз Мішакоўскага затрымалі каля станцыі метро «Малінаўка» ў Мінску 12 жніўня 2020 каля паўдзесятага вечара. Ён не мог застацца ўбаку, калі даведаўся ў сваёй Курасоўшчыне аб тым, што ў цэнтры Мінску пачалі страляць у мітынгоўцаў, кідаць у натоўп светлашумавыя гранаты. Па выхадзе з метро паспеў заўважыць, як амапаўцы за кімсьці гналіся, і ён трапіўся ім пад руку. Мужчыну кінулі ў аўтазак, забралі тэлефон і зламалі яго. А калі адвезлі ў Маскоўскі РАУС – пачалі люта збіваць.
Прычым, білі і рукамі, і нагамі, і дубінкамі. Білі берцамі па галаве, не давалі падняцца. Ад удараў пакрышыліся зубы. Катаванні працягваліся і на Акрэсціна.
Сведчаць пацярпелыя: У Маскоўскім РУУСе білі берцамі па галаве
Літаральна праз месяц Дзмітрый адчуў, што ў яго пачаў імкліва падаць зрок. І гэта выклікала зразумелую трывогу. Ён звярнуўся да афтальмолагаў і пераканаўся, што праблема са зрокам даволі сур’ёзная. Выявілася, што патрэбна адмысловае лячэнне. Ён планаваў патрапіць за мяжу, каб зрабіць аперацыю на ствалавых клетках, якая б давала надзею спыніць гэты працэс. Аднак замест лячэння, волею лёсу апынуўся за кратамі. Ягоная новая крымінальная справа не звязаная з грамадска-палітычнай дзейнасцю, але “актыўнае” мінулае ўплывае на стаўленне да яго.
3-га снежня 2021 года яму прад'явілі абвінавачванне па артыкулах 206 (рабаванне) і 208 (вымагальніцтва) і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага. Дзмітрый ў знак пратэсту парэзаў пры следчым вены. І на тое былі свае прычын. Мішакоўскі перакананы, што яго хочуць зрабіць крайнім у адной непрывабнай гісторыі, у якоў шмат заблытанага, пашытага, як кажуць, “белымі ніткамі”.
Лёс Дзмітрыя Мішакоўскага: удзельнічаў у акцыях пратэсту, быў збіты, страціў зрок, патрапіў пад новыя крыміналкі
Судзіць Мішакоўскага пачалі яшчэ 2 лютага. За гэты час прызначалася больш за адзінаццаць судовых пасяджэнняў, палова з іх пераносілася з-за няяўкі на працэс альбо сведкаў, альбо пацярпелага.
Пад час знаходжання ў СІЗА Дзмітрый доўга хварэў, Але самае галоўнае – далейшае і катастрафічнае пагаршэнне зроку.
Лекі, якія перадаюць сваякі Дзмітрыю для падтрымання зроку, дапамагаюць мала. Неабходна тэрміновае лячэнне і аперацыя. Аднак замест гэтага Мішакоўскаму пачалі афармляць першую групу інваліднасці. Але гэта зрок ужо не ўратуе. Сродкі, якія сям'я збірала, каб зрабіць неабходную аперацыю ў Нямеччыне, пайшлі на паслугі адваката.
За спробу суіцыду зняволенага пакаралі накіраваннем у штрафны ізалятар