viasna on patreon

Лёс Дзмітрыя Мішакоўскага: удзельнічаў у акцыях пратэсту, быў збіты, страціў зрок, патрапіў пад новыя крыміналкі

2022 2022-01-11T13:57:44+0300 2022-01-12T10:10:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mishanouski-06.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Мішакоўскі. Фота: august2020.info

Дзмітрый Мішакоўскі. Фота: august2020.info

У межах міжнароднай кампаніі па дакументаванні выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня 2020 года, было апытана некалькі соцень чалавек, якія найбольш пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў. Адзін з іх – жыхар Мінска Дзмітрый Мішакоўскі. Як склаўся ягоны далейшы лёс, ці панеслі вінаватыя ў збіцці пакаранне – чытайце у нашым матэрыяле.

Дзмітрыя Мішакоўскага затрымалі каля станцыі метро «Малінаўка» ў Мінску 12 жніўня каля паўдзесятага вечара. Ён не мог застацца ўбаку, калі даведаўся ў сваёй Курасоўшчыне аб тым, што ў цэнтры Мінску пачалі страляць у мітынгоўцаў, кідаць у натоўп светлашумавыя гранаты. Па выхадзе з метро паспеў заўважыць, як амапаўцы за кімсьці гналіся, і ён трапіўся ім пад руку. Мужчыну кінулі ў аўтазак, забралі тэлефон і зламалі яго. А калі адвезлі ў Маскоўскі РАУС – пачалі люта збіваць.

Прычым, білі і рукамі, і нагамі, і дубінкамі. Білі берцамі па галаве, не давалі падняцца. Ад удараў пакрышыліся зубы. Катаванні працягваліся і на Акрэсціна.

Сляды ад міліцэйскіх берацаў на галаве.
Сляды ад міліцэйскіх берцаў на галаве.

Пачуццё справядлівасці ў Мішакоўскага было абвостраным заўжды: яшчэ ў 2017 годзе пабачыў недзе інфармацыю аб тым, як напярэдадні Дня Волі людзей выцягваюць з аўто і збіваюць, як дзяўчат цягнуць за валасы па асфальце. Тады ён таксама выйшаў на вуліцу, каб выказаць сваё абурэнне. 25 сакавіка Дзмітрыя збілі двойчы - пры затрыманні і ў аўтобусе. У тым ліку па галаве. Пасля кінулі яму нейкую дзяругу, каб не запэцкаў аўтобус крывёю. Тады нягледзячы на рассячэнне на твары, галавакружэнне і млоснасць Дзмітрый правёў на Акрэсціна пяць сутак.

Але вернемся да падзей 2020 года. Неўзабаве пасля вызвалення з ЦІП Мішакоўскі падаў заяву ў СК з-за перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі, але адказу, як і сотні іншых пацярпелых, так і не атрымаў. Зразумела, што і вінаватых таксама не знайшлося. А Дзмітрыя нават ніводнага разу не запрасілі да следчага.

Збіццё не прайшло бясследна – катастрафічна стаў падаць зрок

Літаральна праз месяц Дзмітрый адчуў, што ў яго пачаў імкліва падаць зрок. І гэта выклікала зразумелую трывогу. Ён звярнуўся да афтальмолагаў і пераканаўся, што праблема са зрокам даволі сур’ёзная. Выявілася, што патрэбна адмысловае лячэнне. Ён планаваў патрапіць за мяжу, каб зрабіць аперацыю на ствалавых клетках, якая б давала надзею спыніць гэты працэс. Але не паспеў, нечакана і незразумела з’явілася новая судзімасць, пра якую трохі ніжэй.

У красавіку 2021 года Дзмітрыю далі другую групу інваліднасці па зроку. Раней ён займаўся прамысловым альпінізмам і закладкай падмуркаў. Цяпер гэта засталося ў іншым жыцці. Далей стаў жыць надзеяй што зрок адновіцца, збіраўся звярнуцца ў цэнтр занятасці і знайсці працу для людзей з інваліднасцю па зроку.

Новы пераслед, крыміналка і змена рэжыму

26 красавіка 2021 года, у Дзень чарнобыльскай трагедыі, Дзмітрыя затрымалі ізноў. Афіцыйная прычына - непадпарадкаванне. Тады Мішакоўшскаму прысудзілі тры базавыя велічыні штрафу. І з гэтага дня ўвагу сілавікоў прыцягнулі зусім іншыя акалічнасці ягонага жыцця. У час допыту супрацоўнікаў міліцыі цікавілі ягоныя адносіны з праваабарончым цэнтрам "Вясна", пыталіся пра людзей, якія яму дапамагалі пасля жнівеньскіх падзей, аб тым, хто дапамагаў са скаргамі і лячэннем.

У гэты час, маючы судзімасць за ўдзел у бойцы, Мішакоўскі адбываў пакаранне ў выглядзе “хатняй хіміі”. За нязначнае парушэнне рэжыму адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі і адміністрацыйнае пакаранне за Чарнобыльскі шлях, на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Яшчэ да суда, 23 ліпеня 2021 года яго дапыталі ў ГУБАЗ: ізноў цікавіліся, хто дапамагаў лячыць і аднаўляць выбітыя амапаўцамі зубы, хто набываў медыкаменты, хто аказваў дапамогу.

У верасні 2021 года адбыўся суд. У выніку Дзмітрыя асудзілі на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Нават адвакат быў у шоку. А літаральна на наступны дзень гэты артыкул (415) прыбралі з Крымінальнага кодэкса.

Сведчыць Мішакоўскі: У Маскоўскім РУУСе білі берцамі па галаве

Я крычаў, што вы робіце. Я не мог ні спаць, ні адпачываць, паколькі быў прышпілены. Гадзіны тры так пратрымалі, потым пачалі дадзеныя пытацца.

Зрок аднавіць не выпадае: чарговая крыміналка і новыя артыкулы

Новая крымінальная справа ўсплыла зусім нечакана. Мішакоўскі з сябрамі паехалі да знаёмага, з якім раней працавалі і вялі сумесны бізнэс. Яны - за сваім доўгам, а Дзмітрый каб забраць свае інструменты. Там завязалася няпростая размова ў духу “калектарства”, у якой Дзмітрый не ўдзельнічаў. Яшчэ адзін эпізод: Мішакоўскі неяк забраў ў залог мабільны тэлефон у знаёмай.

Па выніку – здзяйсненне злачынстваў па артыкулах 206 (рабаванне) І 208 КК (вымагальніцтва), змяшчэнне ў СІЗА на Валадарскага.

13-га снежня 2021 года яму прад'явілі абвінавачванне, Дзмітрый ў знак пратэсту парэзаў пры следчым вены. І на тое былі свае прычыны. Мішакоўскі перакананы, што яго хочуць зрабіць крайнім у гэтай непрывабнай гісторыі.

Пад час следства, як паведаміла праваабаронцам маці Дзмітрыя, першыя вочныя стаўкі з пацярпелымі прайшлі на карысць Дзмітрыя, а потым пацярпелыя сталі мяняць паказанні. 

Цяжка нешта сцвярджаць больш дэталёва да судовага разбіральніцтва гэтай справы, якое павінна адбыцца ў студзені. Аднак зараз несумненна адно: удзел у жнівеньскіх пратэстах 2020 года кардынальна змяніў жыццё Мішакоўскага. Як і многіх іншых грамадзян Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства