Боль у жываце, запаленне лімфавузлоў і крышэнне зубоў. Здароўе Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца
Здароўе палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца, ёй патрабуецца тэрміновае абследаванне, але медыцынскую дапамогу ў належным аб'ёме ёй не аказваюць.
На працягу свайго зняволення ў СІЗА-1 у Марфы Рабковай неаднаразова ўзнікалі праблемы са здароўем. Яна як мінімум двойчы страчвала прытомнасць (у чэрвені і ліпені 2021 года). Таксама дзяўчына некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і снежні 2021, а таксама дрэнна пачувалася і на пачатку 2022 года (адзначым, што ў СІЗА-1 тэсты на наяўнасць каронавіруснай інфекцыі зняволеным не робяць, і падазрэнне на COVID-19 вызначаецца дактарамі ізалятара сімптаматычна, аднак "Вясне" вядома, што ўся камера Марфы была хворая і сыходзіла на поўную ізаляцыю).
Да таго ж Марфа ўвесь час адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя Марфай яшчэ ўвосень 2021 года, былі дрэннымі: выяўлены нізкі гемаглабін і прыкметы запаленчага працэса. Таму праваабаронца пачала дамагацца правядзення УГД. Яго, як стала вядома "Вясне", зрабілі Рабковай толькі ў сакавіку 2022 года — і ў выніку знайшлі вадкасць у малым тазе. Такі стан выклікае сур'ёзную ўстурбаванасць, бо патрабуе неадкладнага абследавання — хірургічнага і гінекалагічнага. Марфе можа спатрэбіцца аперацыя.
Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэнняў, неабходна правесці дадатковае абследаванне.
Таксама ў Марфы Рабковой працягваюць разбурацца і крышыцца зубы. Дазвол на наведванне стаматолага ёй не даюць ужо каля 9 месяцаў.
Палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова знаходзіцца ў СІЗА-1 з 17 верасня 2020 года. Нядаўна ёй у чарговы раз падоўжылі тэрмін знаходжання пад вартай. Крымінальная справа ў дачыненні да Рабковай была перададзена ў Следчы камітэт у снежні 2021 года, а ў студзені 2022 года — у пракуратуру для накіравання ў Мінскі гарадскі суд. Аднак судовы працэс па справе Марфы Рабковай пакуль так і не прызначаны.
Марфа Рабкова — каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны". Яе затрымалі 17 верасня 2020 года ў межах аднаго крымінальнага артыкула — ч. 3 арт. 293 КК (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне такой дзейнасці). Меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ёй увесь час падаўжалі. У лістападзе 2021 года стала вядома, што Марфу будуць судзіць ужо паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса .
Падтрымайце Марфу Рабкову лістамі салідарнасці! СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |