Справу ў дачыненні Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 8 палітвязняў перадалі ў пракуратуру
Як паведамляе СК, крымінальную справу ў дачыненні да каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай, валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка ды яшчэ васьмі палітзняволеных анархістаў перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Палітвязняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах - "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя", і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў. Яны ўжо азнаёміліся з матэрыяламі справы, якія складаюцца з 160 тамоў.
10 палітзняволеных у залежнасці ад ролі абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1, 2 і 3 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 1. арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт);
- ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім);
- ч. 1 і 2 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй);
- ч. 1 і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 2 і 3 арт. 339 (злоснае хуліганства);
- арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці);
- ч. 3 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненыя арганізаванай групай);
- ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб).
Траіх палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідэрамі.
“Для супрацьпраўнай дзейнасці фармаваліся "общаки" , быў створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, падшуквалі асоб з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, - падкрэсліў СК.
У асобную вытворчасць выдзелена крымінальная справа ў дачыненні тых, хто з’ехаў за мяжу – Дзмітрыя Ляўчука, Артура Кандратовіча, Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама неўстаноўленых асоб.
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова была затрыманая ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння прэстыжнай прэміі Яна Карскага. Дома ў яе правялі вобшук, а саму дзяўчыну затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова яе вінавацілі па ч. 3 арт. 293 за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта. Пазней Марфе прад’явілі новыя абвінавачванні – па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 285 КК. І толькі ў лістападзе 2021 года праваабаронца ў лісце да родных паведаміла, што судзіць яе будуць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк быў затрыманы 2 кастрычніка 2020 года.
У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, разам з валанцёрамі "Вясны", ажыццяўлялі назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымалі актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічалі ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, дапамагалі родным палітвязняў.