З Днём Народзінаў, Марфа! Дапоўнена
Сёння каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай спаўняецца 27 гадоў. Гэта другі яе дзень народзінаў запар, які Марфа сустракае не ў коле сям'і і сяброў, а за кратамі.
Віншаванні для праваабаронцы накіравала яе сімвалічная "хросная" Агнешка Бругер, намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу.
"Дарагая Марфа Рабкова,
У твой Дзень нараджэння хачу шчыра павіншаваць цябе і выказаць сваю нязменную салідарнасць з табой. Я засмучаная і абураная, бо ведаю, што ты ў зняволенні і што ты не можаш адзначыць гэты дзень з блізкімі людзьмі. Сёння і штодня я жадаю табе шмат сіл, настойлівасці і здароўя.
Тваё мужнае імкненне да свабоды, свабодных выбараў і дэмакратыі з'яўляецца прыкладам і матывацыяй для многіх людзей па-за межамі Беларусі. Наш абавязак — бесперапынна супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі з яго дзяржаўным гвалтам, карупцыяй і ігнараваннем правоў чалавека.
Я буду працягваць патрабаваць твайго неадкладнага вызвалення і не перастану звяртаць увагу на тваю сітуацыю і твае мужныя намаганні ў справе дэмакратыі ў Беларусі.
Я шчыра спадзяюся, што свой наступны Дзень нараджэння ты зможаш адзначыць на волі.
Я жадаю табе ўсяго найлепшага,
Агнешка Бругер"
Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт асабліва занепакоены тым, што Марфе Рабковай неаднаразова адмаўлялі ў доступе да медыцынскай дапамогі, а яе просьба наведаць пахаванне бацькі была адхіленая.
"Сведчаннем рэпрэсіўнай сістэмы Аляксандра Лукашэнкі з'яўляецца тое, што людзі, якія законна фіксуюць парушэнні правоў чалавека, асабліва тыя, якія ўчыняюцца ўладамі, рэгулярна падвяргаюцца крымінальнаму пераследу, трапляюць за краты і не атрымліваюць доступу да базавых патрэбаў".
Разам з тым, прыхільнікі Amnesty International з Германіі і Аўстрыі агулам сабралі больш за 5000 подпісаў пад зваротам да генеральнага пракурора Беларусі з патрабаваннем аб прадастаўленні Марфе неадкладнай медыцынскай дапамогі.
Праваабаронца Human Constanta Наста Лойка далучылася да віншаванняў палітзняволенай Марфы Рабковай і напісала ёй адкрыты ліст са словамі падтрымкі.
«Ліст у Азкабан 06.01.2022
Дарагая Марфа!
Мы так прызвычаліся камунікаваць тэкстам, але ў гэтым годзе я бы вельмі хацела мець магчымасьць павіншаваць цябе з Днём народзінаў ужывую ці хаця б голасам – адчуваньне, што вельмі шмат хочыцца сказаць.
Мы з табой заўжды так марылі пра лепшае, больш свабоднае грамадзтва, шмат спрачаліся пра тое, з чаго варта пачынаць ці на што зьвяртаць увагу, але гэтае імкненьне заўжды было ў нас агульным. Я бы вельмі хацела, каб гэтая мара і імкненьні не згасалі ніколі – нават ня гледзячы на ўсе выпрабаваньні, якія нам дасылаюць.
Табе за апошнія паўтары гады давялося іх перажыць вель-вельмі шмат. І дэмэнтары і сьцены старога замку забіраюць твае сілы, але веру ў тваю ўнутранае сьвятло і здольнасьць выстаяць праз усё гэта. Зычу, каб добрыя ўспаміны прыходзілі ў самыя цяжкія хвіліны. І каб ніхто не перахапліваў паштовых соваў)
Калі Добі стаў вольным эльфам, тое і мы аднойчы зможам.
Да сустрэчы ў судзе і ня толькі.
Н.»
Балерына, сыты кот і фемінітывы ў СІЗА. Незвычайныя факты пра Марфу Рабкову
Дасылайце віншаванні Марфе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Нагадаем, Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. У лістападзе 2021 Марфа паведаміла сваякам у лісце, што яе будуць судзіць паводле 11 артыкулаў КК, цяпер ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў.