Балерына, сыты кот і фемінітывы ў СІЗА. Незвычайныя факты пра Марфу Рабкову
Сёння, 6 студзеня, палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай cпаўняецца 27 гадоў. Свой дзень народзінаў яна ўжо другі раз запар сустракае ў СІЗА. І сёння "Вясна" распавядае незвычайныя гісторыі і факты пра Марфу.
Тут Марфе 11 гадоў. У той час яна марыла стаць балерынай. Але нічога не атрымалася — чаму Марфа рада. Пра гэта яна распавядала ў адным з відэа для праекта ў ЕГУ, студэнткай якога з'яўляецца:
Перажывала, што "недавучаная". Студэнцкі шлях Марфы Рабковай
"Вясна" распавядае пра тое, які шлях прайшла праваабаронца Марфа Рабкова, каб вучыцца.
У дзяцінстве Марфа вельмі любіла чытаць:
"Казала, што магла проста схавацца ў доме і чытаць гадзінамі", — распавёў муж Марфы Вадзім Жаромскі.
Марфа любіць і кнігі (а таксама музыку) Андрэя Лысікава, вядомага як Дэльфін.
Як Марфа чытала кнігі да зняволення ў СІЗА?
"Паядаючы чыпсы", — кажа Вадзім.
У СІЗА чытаць Марфа працягнула. Вось топ-3 кніг, якія Марфа за апошнія паўгода вылучыла як вартыя:
Топ-3 кніг ад Марфы з СІЗА:
- Васіль Быкаў, аповесць "Сотнікаў" (1969) і фільм "Узыходжанне", зняты паводле яе матываў. Імі Марфа захаплялася яшчэ да свайго арышту. Але перачытала "Сотнікава" ўжо знаходзячыся ў СІЗА, гледзячы на гісторыю ўжо іншымі вачыма, сутыкнуўшыся з дакладна такім самым маральным выбарам людзей, якія яе атачалі. "Сотнікаў" — гэта гісторыя двух савецкіх партызанаў, якія патрапілі ў палон і якім трэба зрабіць выбар паміж гераічнасцю і здрадай, жыццём і смерцю. Твор прымушае задумацца пра маральны бок жыцця чалавека, які знаходзіцца пад грузам акалічнасцяў, і правесці паралелі з сённяшнім днём.
-
Рышард Капушчынскі, збор твораў "Імператар. Шахіншах" пра крушэнні імперый і рэжымаў у Афрыцы. Марфу ўзбурылі дакументальна зафіксаваныя аповеды людзей, набліжаных да двара імператара Селасіе, які кіраваў у Эфіёпіі 40 гадоў. "Гісторыі з жыццяў здаваліся да абсурду знаёмымі — штодзённыя даносы, каста абраных, вертыкаль улады. Усё жыццё імператарскага двара было падпарадкаванае толькі аднаму: утрыманню ўлады", — напісала Марфа ў адным са сваіх лістоў.
- Эрых Марыя Рэмарк, раман "На заходнім фронце без перамен". Гэты антываенны твор пра страчанае пакаленне маладых людзей, якія перажылі жахі крывавых бітваў, што пакінулі непазбыўны след у іх жыццях.
Падчас свайго зняволення Марфа Рабкова заўсёды выкарыстоўвала фемінітывы і нават прывучыла да гэтага работнікаў СІЗА. Як?
"Марфа піша, напрыклад, заяву ці агучвае штосьці на праверцы — і кажа: “Запрасіце доктарку”, “Чакаю адвакатку”», — распавёў Вадзім.
Спачатку работнікі СІЗА смяяліся, але потым і самі пачалі выкарыстоўваць фемінітывы — прынамсі ў размове з Марфай. Гэтак жа сталі рабіць і тыя сукамерніцы Марфы, якія раней фемінітываў не ўжывалі.
У Марфы з ейным мужам Вадзімам быў уласны чэлендж: пара спаборнічала ў тым, хто больш накорміць катоў
"Калі мы ехалі кудысьці, то бралі з сабой пакет сухога корму і кармілі катоў, якіх сустракалі па дарозе. Хто ката ўбачыць — той і корміць. Звычайна пара дзясяткаў набіралася", — распавёў Вадзім Жаромскі і дадаў: выйгравала заўсёды Марфа.
Чэленджа мае і ўласны хэштэг #сытыйкот, які Марфа і Вадзім выкарыстоўвалі ў асабістай перапісцы.
Марфа любіць катоў і сабак — яна валанцёрыла ў прытулку для жывёл. Сваім калегам з "Вясны" яна распавядала: паездкі ў прытулак і праца там — гэта для яе ў тым ліку і своеасаблівы адпачынак, і спосаб напоўніцца рэсурсамі. А яшчэ Марфа ўдзельнічала ў дабрачынных мерапрыемствах у падтрымку прытулкаў для бяздомных жывёлаў.
Марфа таксама падбірала на вуліцы бяздомных катоў і котак, даглядала іх, а затым адпраўляла ў прытулак ці ў добрыя рукі. Адначасова ў Марфы ў доме жыло чатыры каты. Цяпер яе чакае адзін сталы кот — яго завуць Марфей.
З СІЗА Марфа неяк даслала паштоўку Вадзіму і адзначыла, што кот на ёй падобны да Марфея:
Аднойчы ў Марфы ледзь не з'явіўся сабака. Вось як гэта было:
Марфа і Вадзім ішлі па вуліцы, убачылі прывязанага на ланцужку сабаку — і падумалі, што яго кінулі. Пара прачакала цэлую гадзіну, але ніхто па яго не прыходзіў. Тады Марфа вырашыла ўзяць яго дадому — і тут раптам з'явіўся састарэлы гаспадар сабакі. Аказалася, ён вельмі доўга быў у краме.
Знаходзячыся ў СІЗА, Марфа працягвае клапаціцца пра жывёлаў. Яна змагла ўбачыць праз "раснічкі" (жалезныя пласціны на вокнах, якія практычна не прапускаюць дзённае святло), што ў двары СІЗА жывуць каты. На адным з абыходаў па камерах Марфа папрасіла аддаць ейны хлеб гэтым катам, каб яны не заставаліся галоднымі. Гэтую гісторыю распавёў Вадзім Жаромскі ў 16-м выпуску праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе". Там можна пачуць і голас Марфы (выпуск запісаны пры канцы 2020 года, калі Марфа знаходзілася за кратамі тры месяцы):
"Вясна прыйдзе" · #16. Голас Марфы. Выпуск прысвечаны праваабаронцы “Вясны” і палітзняволенай Марыі Рабковай