viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-12-27T14:56:16+0300 2021-12-27T16:39:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

20 снежня, у Міжнародны дзень салідарнасці людзей, удзельнікі і ўдзельніцы трэнінгу "Міжнароднае гуманітарнае права" далучыліся да акцыі Human Rights House Foundation па напісанні паштовак палітзняволеным праваабаронцам Беларусі, якія цяпер утрымліваюцца ў няволі. 

Украінскія праваабаронцы падтрымалі зняволеных калег з Беларусі

Паштоўкі праваабаронцам "Вясны" падпісвалі прадстаўнікі чатырох украінскіх арганізацый: ЦГП "Альменда"/CCE "Almenda", ZMINA. Центр прав людини, Regional Center for Human Rights, Крымская праваабарончая група/Crimean Human Rights Group.

Алесь Бяляцкі: “Унутрана я ўжо рыхтуюся да Новага году

Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі даслаў ліст з-за кратаў, у якім распавёў, што ўжо рыхтуецца да святкавання Новага года, чытае вершы Барадуліна, успамінае адкрыццё Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і глядзіць спаборніцтвы па біятлоне.

“Зараз зіма, пагода крыху прыгнятае ў нашых шыротах, таму трэба паклапаціцца пра сваё здароўе і настрой, шукаць хоць нейкія крыніцы для аптымізму і прыроднай прыгажосць. Але колькі той зімы – як у нас кажуць – “12 бань”, што значыць схадзіць 12 разоў у душ – і ўсё. Унутрана я ўжо рыхтуюся да Новага году. Пачнуцца перадкалядныя канцэрты, шоў, навагоднія перадачы па тэлевізары. Я замовіў ў лаўцы [турэмнай краме] вафельны корж, згушчанае малако, масла, а жменя грэцкіх гарэхаў і журавінаў у цукры ў мяне і так ёсць. Так што, на Новы год буду рабіць торт.  Журавіны, дарэчы, мне бандэролькаю пераслала мая знаёмая. Паклала туды крыху журавінаў, шакаладку і зялёную гарбату. І я з прыемнасцю атрымаў гэтую вестку ад яе.

Я працягваю чытаць вершы Рыгора Барадуліна (другі том з пяцітомніка). Чытаю па некалькі вершаў, бо яны ў яго складаныя, вобразныя, багата загадак, моўнай гульні. Адным словам, ён пісаў сабе ў ахвоту, а чытачам – на задавальненне.

Блог Алеся Бяляцкага: Музей. На святочным прыёме, зазіраючы ў свае тэзы, давялося імправізаваць

Алесь Бяляцкі, дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў 1989-1998 годзе, апісвае юбілейную вечарыну на 100-годдзя з Дня нараджэння паэта, якая адбылася 8 снежня 1991 года ў Оперным тэатры.

Усе блогі Алеся Бяляцкага

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Валянцін Стэфановіч: “Цяпер я зноўку поўны сілаў і буду чакаць вясны

Ад палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на волю дайшоў ліст, які ён напісаў у шпіталі.

Што да мяне, то зараз мне значна лепей. Я не ведаю, ці ў курсе ты, я захварэў на каранавірус. Зараз я ў шпіталі ў мясцовым, ужо трэці тыдзень. Але мне ўжо значна лепей і хутка мяне ўжо выпішуць. Такія вось справы. Цяпер я зноўку поўны сілаў і буду чакаць вясны.

Валянцін адзначае:

“Самае дарагое, што ў нас ёсць – жыццё і свабода, свабода ў жыцці і жыццё ў свабодзе. Гэта каштоўнасць, якую асабліва адчуваеш, калі губляеш гэтую свабоду. Так, ты жывеш і жывы, але без свабоды гэтае жыццё непаўнавартаснае. Цаніце тое, што маеце. Увогуле, канешне ж, усё будзе добра!

"Вясна прыйдзе незваротна!" – што з-за кратаў пішуць палітвязні-вясноўцы

Валянцін распавядае як змагаўся з пнеўманіяй і сумнымі думкамі, Алесь узгадвае, як 30 гадоў таму адчыняў музей Максіма Багдановіча, а Уладзь дзякуе ўсіх за дасланыя яму за краты вершы.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Уладзімір Лабковіч з-за кратаў: Стаў значна менш чытаць, бо кожны дзень баліць галава

Неабыякавыя беларусы атрымалі ад юрыста “Вясны” Уладзя Лабковіча ліст і віншавальную паштоўку. Ён піша, што карэспандэнцыя стала хадзіць горш, чым раней, нават ад маці і дзяцей. 

pashtouka_labkovich.jpg
Паштоўка, якую даслаў з-за кратаў Уладзь Лабковіч

“У нас тут нічога не адбываецца. Я не ведаю, якое на вуліцы надвор’е, бо снег амаль не трапляе. Добра, што ў камеры не халодна. Стаў значна менш чытаць, бо кожны дзень баліць галава і моцна сапсаваўся зрок. Ды і штосьці з памяццю. Таму асноўнае, што чытаю – гэта вершы. Таму, вялікі дзякуй за цудоўны цёплы верш Алеся Дудара”, - піша праваабаронца.

Уладзь Лабковіч просіць дасылаць яму ў лістах вершы, тэксты песен і цікавыя пераклады на беларускую мову.

Паўдзельнічайце ў акцыі Не толькі Бродскі ў падтрымку Уладзя Лабковіча:

  • напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў,
  • размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com.

У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова скончыла азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справай

Як стала вядома “Вясне”, палітзняволеная каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова 23 снежня скончыла азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы. У хуткім часе справу накіруюць у суд. Нагадаем, дзяўчыну вінавацяць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса і ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.

Таксама вядома, што некалькі тыдняў таму ў камеру, дзе знаходзіцца Марфа, перавялі жанчыну з псіхічным захворваннем, якая не разумее, дзе знаходзіцца, і нават не мыецца. Гэта стварае напружаную атмасферу ў камеры і кругласуткавы псіхалагічны ціск для ўсіх зняволеных.

pashtouka_rabkova.jpg
Паштоўка, дасланая Марфай Рабковай

Але Марфа Рабкова піша ў лістах, што трымаецца. Нядаўна ёй даслалі "мемы" і праваабаронца апісвае свае ўражанні: 

“Такое пачуццё, што я прагледзела стужку ў інтэрнэце. Забыты ўжо вопыт, успамінаю вось. <…>

Вырашыла адправіць табе паштоўку з “Касіяпеяй” [беларускі музычны гурт – заўв. рэд.]. Мне яна падабаецца, некаторыя іх песні ёсць у маіх аўдыёзапісах. <…>

Я сама ў парадку, трымаюся і стараюся не сумаваць!”

За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Прызначана дата разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд гомельскім праваабаронцам "Вясны"

14 студзеня ў судзе Гомельскага раёна адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да кіраўніка Гомельскай філіі ПЦ "Вясна" Леаніда Судаленкі і яго памочніц Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка.

Пачатак працэсу прызначаны на 10 гадзін раніцы, ён пройдзе ў закрытым рэжыме. Скаргу будзе разглядаць суддзя Мікалай Маратаеў.

Валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца ў лістах сябрам распавядае пра свой настрой і падарожжы ў снах.

Яна піша, што хвалюецца за настрой сяброў, перадае віншаванні з надыходзячымі святамі і зычыць усяго новага, добрага, а галоўнае – здароўя. Таксама яна распавядае пра свой настрой падчас апеляцыі:

"Не хвалюйцеся, я трымаюся, не журуся. Зараз знаходжуся на апеляцыі, новы год буду адзначаць тут".

Таксама Таццяна распавядае, што ў снах бачыць блізкіх людзей і падарожжа па вуліцы невядомага горада. Яна ўпэўненая: яшчэ будзе час для размоў і падарожжаў.

Падтрымайце Таццяну і Леаніда:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы
Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як павіншаваць палітзняволеных “вясноўцаў” з надыходзячымі Калядамі і Новым годам?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у СІЗА-3 Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Вось дадзеныя:

СІЗА-3, Гомель
УНП: 490313877
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY31BAPB36429000005630000000

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства