"Вясна прыйдзе незваротна!" – што з-за кратаў пішуць палітвязні-вясноўцы
Ідзе ўжо шосты месяц як старшыня “Вясны”Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА за сваю праваабарончую дзейнасць. Днямі мы атрымалі ад іх новыя лісты: Валянцін распавядае як змагаўся з пнеўманіяй і сумнымі думкамі, Алесь узгадвае, як 30 гадоў таму з калегамі адчыняў музей Максіма Багдановіча і нагадвае пра магчымасць даслаць усім палітвязням калядныя бандэролькі, а Уладзь дзякуе ўсіх за дасланыя яму за краты вершы. Мы дзелімся цытатамі з лістоў нашых калегаў.
"Штосьці змянілася, а штосьці засталося тым самым", – Алесь Бяляцкі
“Зараз зіма, пагода крыху прыгнятае ў нашых шыротах, таму трэба паклапаціцца пра сваё здароўе і настрой, шукаць хоць нейкія крыніцы для аптымізму і прыроднай прыгажосць. Але колькі той зімы – як у нас кажуць – “12 бань”, што значыць схадзіць 12 разоў у душ – і ўсё. Унутрана я ўжо рыхтуюся да Новага году. Пачнуцца перадкалядныя канцэрты, шоў, навагоднія перадачы па тэлевізары. Я замовіў ў лаўцы [турэмнай краме] вафельны корж, згушчанае малако, масла, а жменя грэцкіх гарэхаў і журавінаў у цукры ў мяне і так ёсць. Так што, на Новы год буду рабіць торт. Журавіны, дарэчы, мне бандэролькаю пераслала мая знаёмая. Паклала туды крыху журавінаў, шакаладку і зялёную гарбату. І я з прыемнасцю атрымаў гэтую вестку ад яе.
Я працягваю чытаць вершы Рыгора Барадуліна (другі том з пяцітомніка). Чытаю па некалькі вершаў, бо яны ў яго складаныя, вобразныя, багата загадак, моўнай гульні. Адным словам, ён пісаў сабе ў ахвоту, а чытачам – на задавальненне.
Вось толькі як адсвяткавалі 130-я ўгодкі з нараджэння Максіма Багдановіча. Я ўвесь лістапад-снежань узгадваў, як 30 гадоў таму мы адчынялі музей Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці. Два гады перад адкрыццём я і мае калегі па музеі працавалі без перадыху. Якое задавальненне і радасць былі, калі музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Быў невялікі сюжэцік па БТ пра музей – прыемна было глядзець. Як кажуць, “быў час, была эпоха”. 30 гадоў – нейкія неверагодныя лічбы. Вось так жыццё і мінае.
А зараз гляджу з захапленнем біятлон. Сола і Алімбекава робяць сярод дзяўчат надвор’е. Ёсць што паглядзецьі за каго пабалець. І, вось дзіва, у хлопцаў урэшце з’явіўся Смольскі, так што і мужчынскі біятлон таксама стаў цікавым. Я згадваю, як 10 гадоў таму глядзеў гонкі з удзелам Домрачавай, і тады пачаў балець і цікавіцца біятлонам. Штосьці змянілася з таго часу, а штосьці засталося тым самым”.
Блог Алеся Бяляцкага: МУЗЕЙ. Слова "Музэй" было напісана праз "э": гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” таксама нагадвае пра магчымасць даслаць палітвязням на святы ў СІЗА бандэрольку з прыемнасцямі. Гэта добры спосаб падтрымаць іх цяпер.
"Буду тут зімаваць і чакаць вясны", – Валянцін Стэфановіч
“Дзякуй вялікі за твае кранальныя паштовачкі, асабліва, за дубок з Глуску. Я так рады, што паспеў перад арыштам з’ездзіць у Глуск разам з сястрой і бацькам, наведаць могілкі дзеда і бабулі. Вельмі ўжо мой дзед мяне турбаваў, прыходзіў у снах і нешта хацеў мне сказаць, пра нешта папярэдзіць. Цяпер я разумею пра што, а тады я падумаў, што проста ягоную магілку даўно не наведвалі і трэба з’ездзіць.
Я ўсё яшчэ ў шпіталі [па стане на 16 снежня] на лячэнні, хаця стан мой ужо добры, аднаўляюся па-ціху. Верагодна, што напрыканцы гэтага тыдні ўжо і выпішуць.
Хварэць тут, канешне, лепш не трэба. Я ўжо трэці тыдзень тут ляжу, а перад гэтым – у самы цяжкі перыяд хваробы хварэў у камеры. Думаў, што падстыў і хутка ўсё пройдзе. Але рабілася ўсё горш і горш, я ўжо ледзь прытомнасць не губляў.Тады напісаў заяву на медчастку і мяне шпіталізавалі з пнеўманіяй. Быў момант, калі я ўжо падумаў, што я ўжо не выйду адсюль. Такая туга мяне ўзяла, асабліва думаў пра дзетак, як жа яны без таткі будуць. І тады я пачаў гнаць гэты адчай і казаў сабе: “Не, ты вырвешся, ты патрэбны сваёй сям’і, сваім бацькам, дзеткам, не маеш права”. Вось такія думкі ў галаве былі ў мяне. Цяпер ужо ўсё добра, хвароба адышла. Я набраўся сілаў і буду тут зімаваць і чакаць вясны".
“Увогуле добра, што я своечасова звярнуўся па медыцынскую дапамогу, бо невядома, ці вытрымаў бы мой арганізм яшчэ тыдзень. Цяпер, калі самае цяжкае ўжо мінула, я ў добрым і аптымістычным настроі, у чаканні вясны”.
“Калі на мінулым тыдні мяне павялі на паўторны здымак і вывелі на вуліцу , я са здзіўленнем убачыў, што пачалася зіма і выпаў снег. Вельмі дзіўныя адчуванні, бо ў маёй галаве ўсё яшчэ лета, апошнія дні свабоды. Цяпер вось пасля пяці месяцаў у турме я са здзіўленнем усвядоміў, што прыйшла зіма. І гэта добра, гэта азначае, што час бяжыць, час не стаіць на месцы і праз наступныя пяць месяцаў наступіць вясна, травень месяц. І я са здзіўленнем убачу маладую лістоту і траўку. Вясна прыйдзе незваротна!”
“Самае дарагое, што ў нас ёсць – жыццё і свабода, свабода ў жыцці і жыццё ў свабодзе. Гэта каштоўнасць, якую асабліва адчуваеш, калі губляеш гэтую свабоду. Так, ты жывеш і жывы, але без свабоды гэтае жыццё непаўнавартаснае. Цаніце тое, што маеце. Увогуле, канешне ж, усё будзе добра!"
“Тым часам, хутка ўжо Каляды і Новы год. Трохі сумна іх тут адзначаць. Вы, сябры, паспрабуйце ж добра адзначыць, у цёплай і прыемнай атмасферы, наколькі гэта магчыма".
Праваабаронца-вясновец Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Вось і цяпер мы побач з людзьмі – у турме"
"Вам трэба ісці наперад", – Уладзь Лабковіч
"Сёння пяць месяцаў роўна, як я ў вязніцы. Сумна, канешне, асабліва ад разумення, што наперадзе бясконцасць тут. Я б таксама хацеў пабачыць надзею, але тут пакуль халодна, вільготна і няма сонца. А вам трэба ісці наперад. І толькі так!
Я таксама карыстаўся Spotify. Памятаю свой агляд за 2020 год. Першае месца займала песня Кіно «Перемен», што і зразумела. А другое месца – The Rolling Stones – Paint It, Black.
Цяпер я чытаю зборнік вершаў Аляксндра Галіча. Такі паэт блізкі да дысідэнтаў. У яго ёсць вельмі пранізлівы верш «Петербургский романс»".
"Самае жахлівае тут за кратамі – гэта прачынуцца і зразумець, што толькі дзве гадзіны ночы. І тады думкі проста ўрываюцца ў галаву і ірвуць на шматкі. Цяжка гэта вельмі".
"Уся вашая праца не дарма. Вы крочце далей наперад".
Таксама Уладзь распававядае, што яму дасылаюць кранальныя вершы беларускіх паэтаў сучаснікаў і класікаў. Нядаўна ён атрымаў вершы Алеся Дудара і Андрэя Хадановіча. Акрамя гэтага, вясноўца працягваюць хваляваць пастаянные болі ў галаве.
Сем праваабаронцаў-вясноўцаў адзначаць за кратамі Дзень правоў чалавека
Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх вясноўцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках. Усе падрабязнасці па "справе Вясны" можна знайсці на адмысловым сайце freeviasna.org.
Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)