viasna on patreon

"Арганізоўвала правядзенне сумеснага вольнага часу": у чым абвінавачваюць палітзняволеную маці пецярых дзяцей

2021 2021-11-15T22:17:07+0300 2021-11-19T09:11:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/456u5654_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся судовы працэс над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар, якую ўтрымліваюць пад вартай ужо восем месяцаў. У красавіку былы адвакат Залатар Андрэй Мачалаў заявіў, што падчас допытаў Вольгу збівалі і «выбівалі» паролі ад тэлефона. За гэтую заяву адваката пазбавілі ліцэнзіі. Цяпер Вольгу абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і матэрыяльнае забяспячэнне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Палітзняволеная абвінавачваецца, у тым ліку, у стварэнні экстрэмісцкіх фарміраванняў –  тэлеграм-чатаў "Ждановічы сёння", "Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя", якія прызналі экстрэмісцкімі праз сем месяцаў пасля затрымання Вольгі. Жанчыне пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Справу палітзняволенай разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Жанна Баранава. 

Вольга Залатар
Вольга Залатар

Як і калі затрымалі палітзняволеную?

Жанчыну затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. 

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрыманьня да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

«Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджаньняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах».

Пра збіццё жанчына паведаміла на першым жа допыце, але следчы гэта проста праігнараваў: Вольгу не агледзеў судмедэксперт, які павінен быў зафіксаваць пашкоджанні, на падставе экспертызы пасля павінны былі ацаніць дзеянні сілавікоў, але ніякага разбіральніцтва ў выніку не было. Адвакат Андрэй Мачалаў, які пракаментаваў сітуацыю, у выніку быў пазбаўлены ліцэнзіі.

У чым абвінавачваюць Вольгу?

Палітзняволеную Вольгу Залатар абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання);
  • ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У судзе 15 лістапада зачыталі абвінавачванне Вользе, якое заняла каля 40 хвілін. "Вясна" публікуе поўны яго аўдыёзапіс:

Viasna96 · Абвінавачванне палітзняволенай Вольгі Залатар

Паводле версіі абвінавачвання, Вольга Залатар са жніўня 2020 года і па 18 сакавіка 2021 года, "выкарыстоўваючы неўстаноўленыя тэхнічныя сродкі і тэлефон у глабальнай сетцы інтэрнэт па месцы жыхарства і ў іншых неўстаноўленых месцах сумесна з іншымі неўстаноўленымі асобамі заклікала да ўдзелу да загадзя спланаваных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, вяла дэструктыўную дзейнасць. Рэалізуючы злачынную задуму наўмысна публічна выказвала незаконнымі спосабамі свае грамадска-палітычныя інтарэсы".

Таксама паводле версіі абвінавачвання, яна ўдзельнічала ў незаконных масавых мерапрыемствах з 23 жніўня 2020 з 12:00 і да 20:00: "блакавала дарогі, перашкаджала працы прадпрыемстваў і ўстановаў, абмяжоўвала правы добрапрыстойных грамадзян".

Вользе Залатар ставіцца ў віну, што яна стварыла экстрэмісцкія чаты "Ждановічы сёння", "Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя" (іх прызналі экстрэмісцкімі 22.10.2021 года, праз сем месяцаў пасля затрымання Вольгі) і кіравала экстрэмісцкім фарміраваннем, у якіх была свая атрыбутыка і сімвалы. Праз іх яна ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць: фармавала склад чатаў, фінансіравала яго, размяркоўвала ролі, распаўсюджвала інфармацыю аб месцах збору, вяла кантроль па напаўненні экстрэмісцкімі матэрыяламі з іншых рэсурсаў, згуртавала і маральна падтрымлівала ўдзельнікаў, прымала меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў чатаў, арганізоўвала вольны час.

Па словах дзяржабвінаваўцы, Вольга Залатар у телеграм-чатах навучала людзей метадам і спосабам ўзаемадзеяння, "псіхолага-ўстойлівага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, абароны і ўхілення ад пераследу і затрымання".

"Залатар прыняла меры па згуртаванні ўдзельнікаў супольнасці, а менавіта, маральна іх падтрымлівала, арганізоўвала правядзенне сумеснага вольнага часу, у тым ліку ў выглядзе сумеснага супрацьпраўнага распаўсюджвання агітацыйнай прадукцыі, нанясення малюнкаў і надпісаў пратэстнага характару на будынках".

Паводле версіі абвінавачвання, Залатар "выдавала, захоўвала і перавозіла экстрэмісцкія матэрыялы, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, якія змяшчаюць няпраўду аб прававым становішчы грамадзян у Беларусі, абразу ўлады, акты вандалізму і іншыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Акрамя гэтага, палітвязняволеную абвінавачваюць у навучанні асоб ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

Вольга не прызнала віну ні па адным артыкуле.

Допыт сведак мамы і мужа палітзняволенай

На судзе дапыталі дваіх сведак — маму і мужа Вольгі. Мама палітзняволенай на судзе распавяла, што Вольга заўсёды дапамагала людзям, якім было дрэнна. Ласкавая і пяшчотная дачка. Людзі да яе цягнуліся. З дзяцінства асвоіла запаведзі Божыя. Заўсёды дапамагала і не праходзіла міма, калі патрэбна была яе дапамога. Па словах маці Вольгі, з 8 жніўня 2020 года яна была ў вёсцы з дзеткамі. Калі даведаліся, што людзей збівалі, яна плакала вельмі. Калі даведалася, што патрэбна дапамога людзям, то Вольга паехала дапамагаць: шукала людзей, суцяшала блізкіх.

Як кажа маці, Вольга заўсёды любіла сустрэчы, чаявання, яшчэ з дзяцінства. Заўсёды былі госці: пілі чай, былі торцікі.

Муж Вольгі Сяргей Ганкевіч на судзе сказаў, што яго жонка любіць выдатны чалавек і кахаючая маці. На пытанні, якія адносяцца да абвінавачвання Вольгі ён адмовіўся даваць паказанні.

"Сумленны веруючы чалавек. Ніколі ў сваім жыцці не дазваляла сабе рабіць дрэнных учынкаў".

Даследаванне матэрыялаў справы

Матэрыялы справы складаюць сем тамоў. Так, у іх маецца заключэнне экспертызы, згодна з якой у закліках і ў арганізацыі дваровых актыўнасці ёсць прыкметы экстрэмізму.

У справе ўтрымліваюцца матэрыялы, як Вольга арганізоўвала сустрэчы ў мясцовай бібліятэцы, каб падпісваць паштоўкі з віншаваннямі палітвязняў з Калядамі, як запрашала зацікаўленых людзей на курсы беларускай мовы. У плане сустрэчы па падпісванні паштовак планавалася чаяванне і шэсце са сцягамі.

На працэсе зачыталі асабістыя перапіскі Вольгі, якія неяк пацвярджаюць яе грамадзянска-палітычную актыўнасць. Пракурорка зачытала паведамленні Вольгі Nextа пра тое, што яны не чуюць голас людзей і падстаўляюць людзей пад дубінкі, і што патрэбны рупар, а не лялькавод.

У матэрыялах справы ўтрымліваюцца звесткі аб арганізацыі Вольгай каляднага кірмашу з дабрачыннай мэтай. Таксама зачытвалі, напрыклад, яе просьбу праявіць салідарнасць з анархістамі.

Працэс працягнецца 16 лістапада.

Што вядома пра Вольгу Залатар?

Вольга Залатар — беларускамоўная жыхарка Ждановічаў. Яна скончыла Ліцэй БДУ і Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Вольгу называюць "маці-гераіня", бо ў яе пяцера непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ — 17 год, малодшаму — усяго чатыры.

Жанчына была адной з назіральніц на выбарах 2020 года. Але, як і на шматлікіх іншых участках, незалежных назіральнікаў у Ждановічах сачыць за падлікам галасоў не дапусцілі. 

pyra.jpg

У Мінску супраць маці пецярых дзяцей узбудзілі крымінальную справу за "заклікі да захопу ўлады"

37-гадовую Вольгу Залатар са Ждановіч затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу.

11111_1.jpg

Вольга Залатар з "Валадаркі": Негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай

Вольга не прызнае сваёй віны і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Жанчына не губляе аптымізму, піша сваім дзецям і маці вялікія лісты на беларускай мове, у якіх распавядае пра быт у камеры, пра свае планы на Вялікдзень і дзеліцца сваім партрэтам з турмы аўтарства палітзняволенай студэнткі Касі Будзько. “Вясна” публікуе вытрымкі з лістоў Вольгі Залатар.

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вольге Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства