viasna on patreon

У Мінску супраць маці пецярых дзяцей узбудзілі крымінальную справу за "заклікі да захопу ўлады"

2021 2021-03-22T13:10:00+0300 2021-10-01T15:18:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/11111_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

37-гадовую Вольгу Залатар са Ждановіч затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі да дому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. У той жа вечар каля 23:00 на допыт выклікалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, але, як высвятлілася ў наступстве, гэта была толькі фармальная падстава для выкліка Сяргея ў аддзяленне, каб яго затрымаць. На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а яе мужа арыштавалі на 10 сутак за вывешаны сцяг на акне. Іх пяцера непаўнагадовых дзяцей засталіся пад наглядам бабулі. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. Толькі сёння блізкія Вольгі дазналіся, што супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) — яна з'яўляецца падазраванай. “Вясна” сабрала ўсё, што вядома па гэтай справе: хто такая Вольга Залатар, як судзілі яе мужа Сяргея Ганкевіча і як пракаментавала затрыманне жанчыны міліцыя.

Вольга Залатар
Вольга Залатар

Як развіваліся падзеі ў сям'і Ганкевіча і Залатар у гэтыя дні:

  • 18 сакавіка раніцай у доме сямʼі Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа правялі ператрус.
  • Вольгу Залатар затрымалі. У доме засталася адна 10-гадовая дачка.
  • Сяргей Ганкевіч прыехаў дадому каля 14:30, але на яго склалі пратакол, што ён а 13:50 вывесіў у вакне бел-чырвона-белы сцяг, чым правёў пікетаванне.
  • Вакно выходзіць на двор, не бачнае з вуліцы, бо вышыня плота 2,2 метра.
  • А 23-й гадзіне Ганкевіча выклікалі на допыт у РУУС і там затрымалі.
  • 19 сакавіка Сяргея арыштавалі па арт. 24.23 КаАП у Судзе Мінскага раёну на 10 сутак.
  • 19 сакавіка Вольгу змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў межах крымінальнай справе.
  • 21 сакавіка міліцыя паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», але артыкул, у межах якога затрымалі Вольгу, так і не паведамілі.
  • 22 сакавіка стала вядома, што Вольга Залатар з'яўляецца падазраванай па арт. 361 Крымінальнага кодэкса.

Хто такая Вольга і за што яе пераследуюць

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй

Вольга Залатар — беларускамоўная жыхарка Ждановічаў. Яна скончыла Ліцэй БДУ і Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Вольгу называюць "маці-гераіня", бо ў яе пяцера непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ — 17 год, малодшаму — усяго чатыры.

Жанчына была адной з назіральніц на выбарах 2020 года. Але, як і на шматлікіх іншых участках, незалежных назіральнікаў у Ждановічах сачыць за падлікам галасоў не дапусцілі. 

Пасля выбараў Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць: валанцёрыла каля Акрэсціна, у судах, дапамагала людзям рознымі спосабамі. Нават цяпер на аватарцы Вольгі стаіць фотаздымак Ігара Банцара з подпісам «Я/МЫ Ігар Банцар», які 16 дзён трымаў сухую галадоўку і якога 19 сакавіка асудзілі за перфоманс на 1,5 гады «хіміі». Але Вольга не дазналася пра прысуд музыку — за дзень да суда яе самую затрымалі.

З моманту выбараў жанчыну затрымлівалі тройчы. Першы раз Вольгу асудзілі за фота з дваравога чаявання. Па словах самой Вольгі, яе нават і не было відаць на гэтым фотаздымку.

Другі раз Вольгу разам з яшчэ адной жанчынай затрымалі 28 студзеня каля мурала Паўла Латушкі: яны адмывалі фарбу з замаляванай выявы на будынку электрашчытавой. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП за мелкае хуліганства. Вось, што напісалі ў пратаколе ждановіцкія міліцыянты:

"Знаходзячыся на вуліцы, у грамадскім месцы, са сцяны трансфарматарнай будкі, размешчанай... у а.г. Ждановічы, дзе раней фарбай чорнага колеру быў зафарбаваны намаляваны фарбай партрэт Латушкі П. П., ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэта, чым груба парушыла грамадскі парадак, выяўляючы відавочную непавагу да грамадства". 

Суд па гэтай справе так і не адбыўся.

Трэці раз жанчыну затрымалі літаральна праз тры дні — 31 студзеня. У той дзень напярэдадні «Усебеларускага народнага сходу» міліцыя зладзіла «хапун» на праспекце Незалежнасці, абгрунтоўваючы гэта тым, што нібыта тыя, у каго быў пакет «Суседзі» і медыцынская маска, ладзілі пікет. Пасля гэтага затрымання Вольгу 48 гадзін утрымлівалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Тады па ч. 3 арт. 23.34 КаАП суддзя Маскоўскага суда Таццяна Пірожнікава пакарала яе максімальным штрафам — 50 базавых (1450 рублёў).

Везла дачку на заняткі па цымбалах, але сілавікі вярнулі яе дадому на ператрус

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй

Вольга распавядала, што нядаўна дадому да яе прыходзіла інспекцыя аб жыллёвых умовах — каля шасці чалавек, а 18 сакавіка сям'я Ганкевіча і Залатар мусіла разглядацца на прафілактычнай радзе. У гэты дзень і затрымалі жанчыну.

38-гадовую Вольгу затрымалі, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах — яе машыну развярнулі. Ператрус праводзілі каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа пры 10-гадовай дачцэ. Менавіта ў дзіцячым пакоі потым і з'явіўся БЧБ-сцяг, за які пакаралі Сяргея Ганкевіча. Пасля ператрусу Вольгу павезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе сказалі, што «затрыманай займаецца КДБ». Увечары Вольгу змясцілі ў ІЧУ, а на наступны дзень перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Міліцыя: Жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць»

zalatar_home8.png
Скрыншот з відэа прэс-службы міліцыі

У нядзелю, 21 сакавіка, прэс-служба УУС Мінаблвыканкама ў тэлеграм-канале паведаміла, што на затрыманую 18 сакавіка 37-гадовую жыхарку аграгарадка Ждановічы завялі крымінальную справу. Пры гэтым, не ўдакладнілі па якім менавіта артыкуле. Гаворыцца, што жанчына «арганізоўвала пратэсныя акцыі ў пасёлку». 

zalatar_home3.png
Скрыншот з відэа прэс-службы міліцыі

У міліцыі заявілі, што жанчына была адміністратарам мясцовага дваровага чата і з лета мінулага года арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, так званых чаяванняў, прагулак, канцэртаў.

"Неаднаразова ў Ждановіцкі аддзел міліцыі і на лінію "102" паступалі скаргі мясцовых жыхароў аб тым, што ўдзельнікі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў перашкаджаюць камфорту і адпачынку. Кожны раз, ледзь убачыўшы супрацоўнікаў міліцыі, „акцыянеры“ прыбіралі ўсю пратэсную сімволіку і распавядалі, што проста сабраліся „пагутарыць“ альбо „папіць гарбаты“, аднак пасля сыходу праваахоўнікаў у мясцовых чатах актыўна посціліся фота, дзе ўдзельнікі „п'юць гарбату“ ў асяроддзі пратэснай сімволікі, якой, дарэчы, быў „упрыгожаны“ і двор мужа і жонкі, а таксама адно з вокнаў дома", — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак міліцыі, жанчына раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, але суд прымаў рашэнне аб прызначэнні пакарання, не звязанага з арыштам, таму што яна з мужам выхоўвае пецярых дзяцей. 

zalatar_home5.png
Скрыншот з відэа прэс-службы міліцыі

У міліцыі паведамілі, што 18 сакавіка жанчыну затрымалі "за актыўную пратэсную дзейнасць", у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.

"Падчас агляду ў доме выяўленая і канфіскаваная пратэсная сімволіка і носьбіты інфармацыі. За правядзенне пікетавання — вывешвання палатна з незарэгістраванай сімволікай у акне — да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты яе муж, як уладальнік дома. Дзеці ў цяперашні час знаходзяцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзена ацэнка выкананню мужам і жонкай абавязкаў па выхаванню дзяцей", — паведамілі ў міліцыі.

Сяргей Ганкевіч: Супрацоўнікі самі вывесілі сцяг на акно

zalatar_home2.png
Скрыншот з відэа прэс-службы міліцыі

Пра працэс над Сяргеем падрабязна распавядае тэлеграм-канал «Вясна назірае». На Сяргея Ганкевіча склалі пратакол, па якім ён «у 13:50 у акне прыватнага дома на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне". Але Сяргей 18 сакавіка толькі ў 14:30 прыехаў дадому з працы, дзе да гэтага часу дома была толькі адна 10-гадовая дачка. Аб пратаколе па арт. 24.23 КаАП мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго выклікалі каля 23:00 нібыта для допыту.

Справу Ганкевіча 19 сакавіка разглядала суддзя Мінскага раёна Кацярына Новікава. Суду Сяргей растлумачыў, што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі яго, каб мець падставы для затрымання.

У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме 58, вось толькі ён пражывае ў доме 56. У матэрыялах справы ёсць фатаграфіі сцяга на акне, але Ганкевіч звярнуў увагу суда, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы. А справа ў тым, што з вуліцы вокнаў дома на першымі паверсе не відаць, таму што плот вакол дома вышынёй 2.2 метра. 

На судзе дапыталі і маму Вольгі Залатар Яніну, па словах якой, Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяць дзяцей. 

Рапарт складаў сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што ўказаны ў пратаколе дом 58 – гэта толькі тэхнічная памылка.

З допыту сведкі-міліцыянта:

– Вы можаце указаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне?

– Не.

– Што адбылося са сцягам, дзе ён?

– Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.

– Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі?

– Не.

– Сцяг з вуліцы бачны?

– Плот вышэй за мяне (2.2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха.

У выніку, суддзя Новікава не ўлічыла памылкі ў пратаколе і асудзіла Сяргея на 10 сутак арышту. 

Што за артыкул 361 Крымінальнага кодэкса?

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. У Беларусі па гэтаму артыкуле ўзбудзілі крымінальную справу супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Абвінавачванні па ч. 3 арт. 361 КК прад'яўлены Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку, Іллю Салею.

Таксама Генеральная пракуратура Беларусі ініцыявала праз Інтэрпол міжнародны вышук сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі, у тым ліку, на падставе ч. 3 арт. 361 (таксама ч. 1 арт. 357, ч. 1 арт. 361-1) КК.

Таксама першапачаткова па гэтым артыкуле праходзіла 28-гадовая адміністратарка тэлеграм-канала "Водители 97%", які нядаўна прызналі экстрэмісцкім. Адразу яе прызналі падазраванай па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт), але ў суд справу перадалі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК.

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вольге Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства