За перформанс лідара гурта Mister X Ігара Банцара асудзілі на паўтары гады "хіміі". Ён вызвалены з-пад варты Дапоўнена
Суд Ленінскага раёна Гародні 19 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе музыканта і шоўмена Ігара Банцара. Яго вінавацяць паводле часткі першай артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства).
Беларускай праваабарончай супольнасцю Ігар Банцар прызнаны палітычным зняволеным.
Працэс вядзе суддзя Наталля Козел. Пракурор - Віктар Нічыпарук.
Лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.
Пад вартай Ігар Банцар знаходзіцца з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу 3 сакавіка ён абвесціў сухую галадоўку.
На папярэднім пасяджэнні 18 сакавіка пракурор прапанаваў пакараць Банцара паўтара гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову (так званая "хімія").
Справа Ігара Банцара: пракурор патрабуе паўтары гады "хіміі"
Суддзя Наталля Козел выносіць прысуд: паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін пяць месяцаў знаходжання пад арыштам, якія лічацца як дзень за два.
Ігар Банцар зараз на волі да моманту накіравання ў месца адбыцця пакарання.