viasna on patreon

Справа Ігара Банцэра: пракурор патрабуе паўтары гады "хіміі"

2021 2021-03-18T17:57:49+0300 2021-03-18T17:57:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bancar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Банцар падчас судовага паседжаньня 12 сакавіка (скрыншот з відэа), "Радыё Свабода"

Ігар Банцар падчас судовага паседжаньня 12 сакавіка (скрыншот з відэа), "Радыё Свабода"

18 сакавіка прадоўжыўся крымінальны працэс па справе гарадзенскага панк-рок-музыканта і шоўмэна палітвязня Ігара Банцэра, перадае гарадзенская "Вясна". Два тыдні ён трымае сухую галадоўку на знак пратэсту таго, што яго не выпусцілі пад падпіску і судзяць непрапарцыйна здзейсненаму.

Лідара гурта Mister X Ігара Банцэра судзяць за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.

Яшчэ пры ўваходзе сяброў, родных і журналістаў у залу суда Банцэр заявіў, што сёння супраць яго ў турме была здзейснена правакацыя — у суседняй камеры нехта гучна крычаў, што ён нібыта п'е ўпотай ваду са зліўнога бачка. На турэмнай мове гэта азначае, што чалавеку, якога так характарызуюць, могуць "надаць" нізкі сацыяльна-турэмны статус. Пазней у час паседжання Ігар Банцэр сказаў, што за час галадавання яго ажно 5 разоў (!) пераводзілі з камеры ў камеру.

Ігар Банцэр выглядае моцна схуднелым, але ён па-ранейшаму трымаецца на нагах і ў час судовага паседжання нават не прысядае.

На пачатку паседжання суддзя Наталля Козел зачытала рапарт прадстаўніка міліцыі Дайнэкі, у якім сказана пра немагчымасць дастаўкі ў суд як сведкі грамадзяніна Канюшкі. Канюшка — гэта адміністратар гарадзенскага бара "Біг-бар", каля будынку якога Банцэр здзейсніў свой перформанс у ноч з 4-га на 5-е верасня. Менавіта з-за неяўкі Канюшкі раней у працэсе абвяшчаўся перапынак. 

Пацярпелы міліцыянт Багдзевіч настойваў на чарговым выкліку гэтага сведкі. Пракурор Віктар Нічыпарук прапанаваў разглядаць далей справу без яго прысутнасці і ўдзелу, суддзя пастанавіла прадоўжыць працэс без дадатковага выкліку гэтага сведкі і агучыла яго пісьмовыя паказанні, дадзеныя ў час папярэдняга следства.

Далей прайшлі судовыя спрэчкі. Дзяржабвінаваўца Нічыпарук лічыць, што віна Банцэра даказаная. Адзінае, што цягам разгляду справы ён здымае папярэдняе абвінавачанне ў тым, што сваю акцыю Банцэр здзейсніў у стане алкагольнага ап'янення, як сцвярджала следства. Сам Банцэр неаднаразова на працэсе заяўляў, што ён не ўжывае алкаголь ажно з 2007 году.

Змякчальнымі акалічнасцямі пракурор лічыць наяўнасць у Банцэра малалетніх дзяцей, абцяжарвальных акалічнасцяў не выяўлена. З улікам гэтагна пракурор прапануе суду пакараць Банцэра паўтара гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову (так званая "хімія").

Ігар Банцэр, які адмовіўся ад паслугаў адваката, са свайго боку заявіў, што мае месца чыста палітычная матывіроўка кваліфікацыі яго дзеянняў. Банцэр сказаў, што ён ва ўсіх неаднаразова папрасіў прабачэння і знявольваць яго не было ніякіх падставаў. Сваю віну паводле крымінальнага артыкулу ён не прызнае абсалютна, заяўляе, што ён як творчы чалавек не зменіцца і просіць суд пакараць яго трымя гадамі турэмнага зняволення.

Пасля гэтага судовыя спрэчкі былі скончаныя і Банцэру прадаставілі апошняе слова. Ігар Банцэр у апошнім слове прыводзіў шмат цытатаў з "Апалогіі Сакрата", даваў адсылкі на Мантэня і Свіфта. Ён заявіў яшчэ раз, што нельга было яго контркультупную актыўнасць трактаваць як крымінальнае злачынства. Банцэр пажадаў пракурору кар'ернага росту і абавязкова дажыць да часу люстрацыі.

Пасля апошняга слова Банцэра суддзя закрыла паседжанне і паведаміла, што прысуд па справе будзе агучаны заўтра — 19 сакавіка а 10.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства