Вольга Залатар з "Валадаркі": Негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай Фота
37-гадовую маці пецярых дзяцей Вольгу Залатар са Ждановіч затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 18 сакавіка. Дома правялі ператрус, пасля якога забралі і саму Вольгу. У той жа вечар каля 23:00 затрымалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, калі яго выклікалі ў міліцыю на «допыт». На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а Сяргея арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 10 сутак нібыта за вывешаны сцяг на акне. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць». 29 сакавіка Вользе прад'явілі абвінавачванне — "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (артыкул 361-1 КК). Гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў. 31 сакавіка суд Партызанскага раёна адхіліў скаргу адваката Вольгі на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яна застаецца ў мінскім СІЗА №1 на Валадарскага. Вольга не прызнае сваёй віны і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Жанчына не губляе аптымізму, піша сваім дзецям і маці вялікія лісты на беларускай мове, у якіх распавядае пра быт у камеры, пра свае планы на Вялікдзень і дзеліцца сваім партрэтам з турмы аўтарства палітзняволенай студэнткі Касі Будзько. “Вясна” публікуе вытрымкі з лістоў Вольгі Залатар.
Нагадваем храналогію пераследу сям'і Ганкевіча і Залатар:
|
Вольга Залатар нумаруе свае лісты і падпісвае, на колькі аркушаў яе ліст. Маці і дзеці Вольгі атрымалі ад яе некалькі лістоў. Яна распавядае, што сядзіць у камеры з пяццю жанчынамі.
“Адвакат – вельмі дарагі псіхатэрапеўт”
“Але ўсё можа змяніцца ў любы момант. Тут трэба ўсведамляць, што няма нічога пастаяннага, што могуць перавесці ці цябе, ці кагосьці з дзяўчат”, – удакладняе Вольга.
У лістах жанчына апісвае свой быт з сукамерніцамі:
“Нам цэлымі днямі з 6:00 да 22:00 круцяць «Русское радио» па дынаміку з вуліцы. Здараецца, круцяць і добрыя песні, пад якія можна патанчыць.
Сёння [24 сакавіка] мы наводзілі парадак, усё памылі чысценька, чай заварылі і п’ем з пячэнькамі і сушкамі.
Зраніцы прыходзіў адвакат. Як жартуюць дзяўчынкі, адвакат – вельмі дарагі псіхатэрапеўт”.
Запрасіла святара ў СІЗА
Праз чатыры дні Вольга распавяла, што ў камеры жанчыны святкавалі Вербную нядзелю:
“Сёння [28 сакавіка] мы святкавалі Вербную нядзелю. Накрылі салодкі стол, прачыталі малітву. Гарэшкі [прысмакі з перадач знаёмых Вольгі] выклікалі фурор!”
Вольга распавяла, што напісала заяву на запрашэнне святара ў СІЗА. Сапраўды, такое права ёсць у абвінавачаных.
“Мне вельмі цяжка ад думкі, што я не буду з вамі [з сям'ёй] святкаваць Вялікдзень, не буду пячы кулічы, мы не пойдзем разам да касцёла. Я напісала заявы, каб запрасілі святара для правядзення набажэнства. Я вельмі спадзяюся, што маю просьбу задаволяць, улічваючы, што тут ёсць пакой святара і Чырвоны касцёл побач”.
Вольга — пра першыя тэлеграмы: “Агромністая энэргія падтрымкі ў некалькіх словах!”
У першых лістах распавяла Вольга і пра першыя весткі з волі:
“Я атрымала дзве тэлеграмы: адну ад ліцэістаў, а другую – ад кагосьці блізкага. На жаль, адправіцелі мне невядомыя. Трэба падпісваць у тэксце тэлеграмы. Яны былі мне перададзены праз тры дні пасля адпраўлення. І іх можна адпрўляць з гарадскога тэлефона, не выходзячы з дома (я толькі нумар тэлефона не памятаю). Тэлеграмы мяне вельмі парадавалі. Гэта былі першыя вестачкі з волі, агромністая энэргія падтрымкі ў некалькіх словах!”
“Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей”
Пры ўсёй складанасці сітуацыі Вольга застаецца мужнай і не губляе аптымізм:
“Я веру, што ўсё будзе добра і ў нашай сям’і, і ў нашай краіне. Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей. Паколькі распавядаць пра сваіх сукамернікаў нельга, я толькі напішу, што адна жанчына паказала практыкаванне, як зрабіць прыгожымі попку і рукі. На прагулцы пасля 15-хвіліннай прабежкі і размінкі мы з Касяй робім гэты комплекс. Фізічныя практыкаванні дапамагаюць спраўляцца з думкамі. Двары для прагулак вам бы не спадабаліся – гэта невялікія пляцоўкі прамавугольнай ці квадратнай формы з высокімі грубымі, шэршавымі, бетоннымі, вільготнымі сценамі, а зверху – рашотка ці сетка. Нават у такіх умовах радасна выйсці на свежае паветра, у ідэале – злавіць сонейка ці дробны дожджык”.
"Адвакат кажа, што шмат людзей вас падтрымлівае і дапамагае"
“Ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі”
“Я злавіла сёння дзіўнае адчуванне: негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай. У мяне чыстае сумленне, я рабіла і раблю добрыя справы, у мяне ёсць вы, мае цудоўныя дзеці, у мяне самы лепшы муж і заботлівая мама, дзесяткі людзей, якія моляцца за мяне і падтрымліваюць. Я адчуваю бязмерную ўдзячнасць да Бога і да людзей, ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі. Я не адчуваю злосці да тых людзей, якія здзейснілі злачынства супраць мяне і маёй сям’і, мне іх шкада. Мяне ўразілі словы Віктара Марціновіча, якія я прачытала ў газеце “Новы Час”: “Свабода – гэта права не рабіць іншаму кепска тады, калі ты яму спачуваеш”. Я малюся, каб Бог адкрыў сэрцы і вочы тых людзей, каб яны ўсвядомілі свае злачынствы і павярнуліся”.
“Кася кажа: “Мы ж у турме!”
Вольга даслала свой партрэт, які намалявала Кася:
“Мой партрэт намалявала мая сукамерніца, юная, светлая Кася, якая не перастае мяне здзіўляць сваімі поглядамі і разважаннямі. На партрэце я вельмі сур’ёзная, бо Кася кажа: “Мы ж у турме!”
Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 Вольге Віктараўне Залатар (07.07.1983) |
У Мінску супраць маці пецярых дзяцей узбудзілі крымінальную справу за "заклікі да захопу ўлады"