viasna on patreon

“Хатняя хімія” за абразу міліцыянтаў, “хімія” за сарваныя сцягі і прымусовае лячэнне за абразу Лукашэнкі

2021 2021-06-25T17:40:00+0300 2021-06-28T13:35:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_grodno1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджаным рэпрэсіўным інструментам сёння з’яўляецца пераслед грамадзянаў за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў (арт. 368, 369, 391 КК). “Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У Магілёве чалавека адправілі на прымусовае лячэнне за абразу Лукашэнкі

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 18 чэрвеня вынес прысуд Міхаілу Ляпейку, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 368 КК). Пра гэта паведамляе телеграм-канал MAYDAY.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Міхаіла Ляпейку на пасяджэнні прадстаўляў законны прадстаўнік. Знаёмыя абвінавачанага паведамілі, што ён ужо дастаткова пажылы чалавек.

Як стала вядома, суддзя Жанна Пушкіна вынесла рашэнне аб накіраванні Міхаіла Ляпейкі на прымусовае лячэнне.


Год “хіміі” за ўнесены па-п'яні дамой сцяг

У Кобрыне 21 чэрвеня да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) асудзілі Пятра Кірылюка, якога вінавацілі ў знявазе дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК). Справу разглядала суддзя Ала Богнат.

kiryluk1.jpg
Пётр Кірылюк каля суда. Фота spring96.org

Згодна з абвінавачваннем, 4 траўня у вёсцы Быстрыца Кобрынскага раёна Кірылюк у стане алкагольнага ап’янення пашкодзіў сцяг, які знаходзіўся на фасадзе прадуктовай крамы. Зроблена гэта было “у мэтах прычынення шкоды аўтарытэту Рэспублікі Беларусь”.

Пётр Кірылюк прызнаў віну цалкам і раскаяўся. Ён распавёў, што ў той дзень накіраваўся ў краму, каб набыць бутэльку водкі. Аднак грошы ён забыў дома і таму ў краме прасіў прадаўшчыц даць яму бутэльку ў доўг. Атрымаўшы адмову, мужчына выйшаў з крамы і сарваў дзяржаўны сцяг з флагштока. Сцяг ён забраў з сабой. На наступны дзень ён папрасіў пляменніка аднесці сцяг назад у краму, а пазней вярнуў краме яго кошт, бо пашкодзіў яго ў той момант, калі зрываў.

Пракурор запрасіў для Пятра Кірылюка адзін год “хіміі”, суддзя падтрымала бок абвінавачвання і прызначыла менавіта такое пакаранне.


Жыхара Брэста пакаралі 1,5 гадамі “хатняй хіміі” за абразу АМАПаўца

У судзе Ленінскага раёна горада Брэста 21 чэрвеня на адзін год і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” асудзілі Дзмітрыя Неўмяржыцкага. Менавіта столькі запрасіў дзяржабвінаваўца, а прысуд вынес суддзя Аляксандр Семянчук.

Дзмітрыя прызналі вінаватым у абразе прапаршчыка Гомельскага АМАП Эдуарда Халадчука (арт. 369 КК). Паводле абвінавачвання, 13 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” Дзмітрый Неўмяржыцкі размясціў пад фота Халадчука каментар: “Божа правы, якое ў***шча, няма іншых слоў”.

Сваю віну Неўмяржыцкі прызнаў цалкам і раскаяўся. Першае судовае паседжанне па крымінальнай справе прайшло 1 чэрвеня, а другое - 18 чэрвеня. За гэты час Неўмяржыцкі звязаўся з пацярпелым Халадчуком і кампенсаваў яму заяўленыя маральныя пакуты памерам у 2000 рублёў, а таксама папрасіў прабачэння, таму той ніякіх прэтэнзій не прад'яўляў.


Брэст: два гады “хатняй хіміі” за абразу супрацоўніка АМАП

23 чэрвеня ў Ленінскім судзе Брэста суддзя Аляксандр Семянчук абвясціў прысуд жыхару горада Альберту Сацюку, пишет “Бресткая Весна”. Мужчыну вінавацілі па артыкуле 369 КК – “Абраза прадстаўніка ўлады”.

Судовы працэс пачаўся больш за месяц таму, яшчэ 18 траўня, але ў справе аб'яўляліся вялікія перапынкі. Бок дзяржабвінавачання, якую прадстаўляў Міхаіл Юшчук, дакладваў: 25 кастрычніка 2020 года Альберт Сацюк у телеграм-чаце “Брэст Усход 97” размясціў абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўніка АМАП Аляксея Таляронка з “мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады”.

Альберт сваю віну на судзе не прызнаваў. Адзначыў, што выдаліў свой телеграм-рахунак, а разглядаемае абразлівае паведамленне размясціў не ён.

Пацярпелы Таляронак на пасяджэнне не з'яўляўся, даваў паказанні толькі на этапе следства. Аб размешчаным у дачыненні да яго паведамленні даведаўся ад работнікаў ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці. Заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму ў 500 рублёў.

У выніку суддзя Семянчук пастанавіў: прызнаць Альберта Сацюка вінаватым, прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, канфіскаваць мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства, а таксама задаволіць пазоў пацярпелага на суму 500 рублёў.


Абвінавачаны ў абразе Ярмошынай і Караева на суд не з’явіўся. Яго абвясцілі ў вышук

24 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні павінен быў пачацца судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да гарадзенца Андрэя Банушкевіча. Яго абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу. Але Андрэй Банушкевіч на суд не з’явіўся.

sud_grodno.jpg

Справу разглядала Маргарыта Ланцэвіч, пракурор - Георгій Смольскі.

Вядома, што Банушкевіч нібыта  абразіў у каментарах старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну і былога міністра МУС Юрыя Караева. Пацярпелай па справе таксама праходзіць вядомая гарадзенская супрацоўніца АМАПу Марыя Мазуркевіч.

Напачатку судовага працэсу высветлілася, што Банушкевіч на пасяджэнне не з’явіўся, датэлефанавацца да яго не змаглі. Тады пракурор Смольскі папрасіў перапынак на тры гадзіны, каб высветліць прычыны і акалічнасці няяўкі падсуднага, які знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Як паведаміў праваабаронца Раман Юргель, пасля перапынку пракурор зачытаў, што па яго даручэнні абвінавачанага знайсці не змаглі. Прадстаўнікі Следчага камітэту высвятлялі, ці быў Банушкевіч актыўны ў сацыяльных сетках, але пачынаючы з 14 чэрвеня ягоных допісаў там не было. Пракурор дадаў, што без абвінавачанага немагчыма пачынаць судовы працэс і прапанаваў аб’явіць Банушкевіча у вышук, а пры затрыманні заключыць яго пад варту.

Разгляд справы часова прыпынены.


За каментар у аднакласніках пінчанку асудзілі на 1,5 гады “хатняй хіміі”

24 чэрвеня ў Пінску Марына Лаврова асуджаная суддзёй Яўгенам Мельнікам паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса на паўтары гады абмежавання волі без накіравання у ПУАТ (“хатняя хімія”). Таксама суд абавязаў выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды – тысячу рублёў.

Бок абвінавачання падтрымліваў пракурор Марчак. Пацярпелы – оперупаўнаважаны Драгічынскага РАУС Юры Чарнышкоў. На суд ён не з’явіўся: ягоныя інтарэсы прадстаўляла адвакатка Воран.

Марыну Лаўрову абвінавацілі ў тым, што прачытаўшы ў “Аднакласніках” пост, як Чарнышкоў 10 жніўня 2020 года на плошчы ў Драгічыне збіваў рукамі і нагамі дзяўчыну, а потым “перадаў” яе АМАПу, напісала каментар: “Мразь последняя”.

Віну жанчына прызнала поўнасцю. Яна патлумачыла, што на здымку Чарнышкоў быў без формы, і яна не ведала, што ён міліцыянт, а таксама лічыла, што ён насамрэч збіваў дзяўчыну.

Бок абвінавачання запрасіў паўтары гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, дзве тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а таксама канфіскаваць тэлефон, выплаціць 87 рублёў судовых выдаткаў і 200 рублёў кампенсацыі – за паслугі адваката пацярпелага. Суддзя пагадзіўся з усімі патрабаваннямі пракурора, акрамя пазову аб кампенсацыі маральнай шкоды: замест 2000 рублёў абавязаў Марыну Лаўрову выплаціць 1000 рублёў.


Два гады “хатняй хіміі” прызначылі жыхару Баранавічаў за абразлівы каментар у сацсетках

У Баранавічах 25 чэрвеня вынесены прысуд мясцоваму жыхару Дзянісу Ярашэнку, які пакінуў у сацыяльных сетках зняважлівы каментар у бок супрацоўніка міліцыі Вольніча.

Прадстаўнік пракуратуры Сасюк прасіў суд прызнаць Дзяніса Ярашэнка вінаваты і асудзіць яго да абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а таксама спагнаць з яго кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага ў памеры 2 000 рублёў.

Суддзя Юльяна Шчэрба пасля кароткага перапынку абвесціла прысуддва гады “хатняй хіміі” і сплаціць 1000 рублёў кампенсацыі.


Яшчэ адзін суд за сарваны сцяг скончыўся годам абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ

Жыхара Ганцавічаў Андрэя Тарановіча судзілі 25 чэрвеня па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Па словах пракурора Гурыновіч, 25 траўня абвінавачаны знаходзіўся каля магазіна ў нецвярозым стане, наўмысна пацягнуў за дрэўка сцяга, размешчанага на фасадзе, вырваў яго, біў аб зямлю і зламаў дрэўка, а сцяг – парваў, чым прычыніў шкоду ў памеры 6 рублёў 45 капеек.

Андрэй Тарановіч прызнаў віну поўнасцю і патлумачыў у судзе, што ў той дзень выпіў і пасварыўся з жонкай, у яго скончыліся цыгарэты, таму мужчына выйшаў у краму. Там пабачыў сцяг, дастаў яго з кранштэйна, пачаў размахваць ім, пасля чаго да яго падбег незнаёмы чалавек і пачаў здымаць на відэа. Абвінавачаны раззлаваўся, ён зламаў дрэўка сцяга, палотнішча ўпала на зямлю, і Андрэй на яго выпадкова наступіў.

“Пасля прыехалі супрацоўнікі міліцыі і “заламалі” рукі, завезлі ў РАУС”, - распавёў абвінавачаны.

Ён сплаціў нанесеную шкоды на наступны дзень пасля здарэння.

Пракурор і сведкі сцвярджалі, што Тарановіч спецыяльна таптаўся па сцягу і нават пляваў на яго.

Дзяржабвінаваўца прасіў суд прызаць Андрэя Тарановіча вінаватым і пакараць яго адным годам абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Аксана Зоткіна пагадзілася з прапановай і прызначыла абвінавачанаму адзін год “хіміі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства