viasna on patreon

У Брэсце пачалі судзіць чацвёртую партыю абвінавачаных у масавых беспарадках

2021 2021-06-11T16:04:08+0300 2021-06-11T16:12:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/19protesty_brest_den_vtoroibg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
10 жніўня ў Брэсце. Фота "Брэсцкай газеты"

10 жніўня ў Брэсце. Фота "Брэсцкай газеты"

У судзе Ленінскага раёна Брэста 11 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках) супраць чацвёртай партыі берасцейцаў. 12 чалавек судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў прэзідэнта, якія прайшлі ў Брэсце 9 і 10 жніўня мінулага года. Разглядае гэтую справу суддзя Дзмітрый Шурын.

Як паведаміла “Брэсцкая Вясна”, ужо традыцыйна на пасяджэнне не змаглі трапіць усе жадаючыя. На гэты раз у зал не трапілі каля 15 чалавек. Пусцілі толькі ўдзельнікаў працэса, а таксама па аднаму сваяку да тых абвінавачаных, якія ўтрымліваюцца пад вартай.

Каго пачынаюць судзіць?

На лаве падсудных – 12 чалавек. Восем з іх знаходзяцца пад вартай. Двое з абвінавачаных непоўнагадовыя, траім толькі нядаўна споўнілася 18. Усе абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках).

  • палітвязень Марк Антонаў
  • палітвязень Святаслаў Герасімук 
  • палітвязень Давід Збаранскі (споўнілася 18 гадоў у СІЗА) 
  • палітвязень Валерый Мельнічук 
  • палітвязень Яўген Пекач 
  • палітвязень Марэк Сірадзэ 
  • Вячаслаў Трафімук (знаходзіцца пад вартай)
  • 19-гадовы Аляксандр Цімафееў (знаходзіцца пад вартай)
  • 17-гадовы Максім Імхавік (знаходзіцца на волі)
  • 17-гадовы Іван Пацяйчук (знаходзіцца на волі)
  • 18-гадовы Алег Юраў (знаходзіцца на волі)
  • 18-гадовы Андрэй Тарасавец (знаходзіцца на волі)

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.

У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавіка. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў галіне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх —пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.

Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.

На першым судовым пасяджэнні было зачытана абвінавачванне, а таксама кожны з фігурантаў справы паведаміў, ці прызнае віну. Поўнасцю віну прызналі Марэк Сірадзэ, Яўген Пекач, Святаслаў Герасімук і Аляксандр Цімафееў. Часткова віну прызналі Марк Антонаў, Давід Збаранскі, Валерый Мельнічук, Максім Імхавік і Іван Пацяйчук. Адмовіліся ад прызнання віны Вячаслаў Трафімук, Алег Юраў і Аляксандр Тарасавец.

Працяг суда адбудзецца 16 чэрвеня ў 10.30.

«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?

У Брэсце пасля стыхійных акцый пратэсту 10 жніўня супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках). У Следчым камітэце сцвярджаецца, што на працягу дзвюх гадзін у горадзе адбываліся масавыя беспарадкі, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і знішчэннем маёмасці. 

Па гэтай крымінальнай справе ўжо пакараныя 22 чалавекі. Усе яны атрымалі пазбаўленне волі тэрмінамі ад 3 да 5 гадоў. Агульны тэрмін пазбаўлення волі склаў 81 год і 6 месяцаў. Суд над трэцяй партыяй фігурантай крымінальнай справы яшчэ цягнецца. 

У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 чалавек за "масавыя беспарадкі" пасля выбараў

У судзе Ленінскага раёна Брэста пачаўся разгляд крымінальнай справы за масавыя беспарадкі 10 жніўня супраць яшчэ 12 чалавек. Усіх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Гэта ўжо трэцяя "партыя" абвінавачаных па артыкуле 293 КК. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна, дзяржабвінавачанне падтрымліваюць Бараноўскі і Шарко. Усяго ў калонію на тэрміны ад 3 да 5 гадоў па справе "жнівеньскіх беспарадкаў" брэсцкія суды адправілі ўжо 22 чалавекі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства