Юрыст пра вымову Лаеўскаму: гэта помста Мінюста і кіраўніцтва адвакатуры
Беларускія адвакаты, якія абараняюць палітвязняў, услед за сваімі падабароннымі працягваюць трапляць пад рэпрэсіі. Праваабаронцы адзначаюць, што размах рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў ужо даўно перасягнуў падзеі 2011 года, калі Мінюст чыніў расправу над адвакатамі дзекабрыстаў – фігурантаў справы “Плошчы-2010”.
Статуса адваката пазбаўленыя дзясяткі юрыстаў, якія абаранялі правы ахвяраў рэпрэсій, якія ўлады праводзяць шырокамасштабна на працягу апошняга года з пачатку выбарчай кампаніі. У лютым улады пазбавілі ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці абаронцу палітзняволенай Марыі Калеснікавай Людмілу Казак. У фарсіраваным тэмпе пасля пазачарговай пераатэстацыі ў сакавіку выключаны са складу Менскай абласной калегіі адвакатаў Сяргей Зікрацкі. Рэпрэсіям кропкава падвяргаюцца адвакаты, якія самааддана выконваюць свой прафесійны абавязак і якія на замоўчваюць факты парушэнняў правоў сваіх падабаронных.
Гэтым разам пад удар трапіў Дзмітрый Лаеўскі – абаронца палітвязняў Віктара Бабарыка і Максіма Знака. Як адзначаецца на сайце МГКА, нагодай для выкліку на пасяджэнне Савета калегіі паслужыла размяшчэнне адвакатам “выказванняў аб працы адвакатаў і загадчыкаў юрыдычных кансультацый на старонцы ў сетцы facebook”.
Як развіваліся падзеі?
5 лютага намесніца начальніцы ўпраўлення Мінюста па ліцэнзаванню адвакацкай дзейнасці Алена Радабольская падчас выступу на канферэнцыі Менскай абласной калегіі адвакатаў публічна агучыла пагрозы аб скасаванні дазволу на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці тым адвакатам, якія прадстаўлялі інтарэсы Аляксандра Пыльчанкі ў судзе па абскарджванні рашэння Мінюста аб спыненні яго адвакацкага статуса.
Потым, 4 сакавіка, намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў на канферэнцыі МГКА выкажа незадаволенасць эфектыўнай і прафесійнай абаронай Аляксандра Пыльчанка ў судовым пасяджэнні падчас абскарджвання рашэння Мінюста аб спыненні яго адвакацкага статуса.
*Дзмітрый Лаеўскі прадстаўляў бок Аляксандра Пыльчанка ў якасці аднаго з адвакатаў.
4 сакавіка адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя МГКА, на якой старшыня БРКА Віктар Чайчыц і намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў не хавалі таго, якім чынам змены, якія адбудуцца, паўплываюць на адвакацкую карпарацыю. Спробы спыніць публічныя выказванні адвакатаў на гэтай канферэнцыі прадпрымаў старшыня МГКА Аляксей Швакаў.
Апублікаваны ў пачатку сакавіка праект зменаў у закон аб адвакацкай дзейнасці згубна можа адбіцца на незалежнасці ўсяго інстытута адвакатуры, паколькі анансавана ўзмацненне ролі дзяржавы. У адвакатаў, якія практыкуюць індывідуальна і ў складзе адвакацкіх бюро, плануецца адабраць магчымасць ажыццяўлення абароны па крымінальных і адміністрацыйных справах – рабіць гэта змогуць толькі адвакаты ў складзе юрыдычных кансультацый.
Што схавалі ад саміх адвакатаў?
Інфармацыя аб фактычна падрыхтаваных у абыход прафесійнай супольнасці зменах літаральна ўскалыхнула ўсю адвакацкую карпарацыю, устрывожыла праваабарончую супольнасць і выклікала рэзкую крытыку ў грамадстве, паколькі кіраўніцтва Мінюста ўсведамляе, што праўкі адаб’юцца на кліентах, якім адвакаты аказваюць прававую дапамогу.
Як паказаў час, праца над зменамі вялася “мэнэджэрамі” адвакатуры ў сакрэтнай абстаноўцы ад саміх адвакатаў, якія штодзень аказваюць прававую дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека. Дзмітрый Лаеўскі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы выказаў прафесійнае меркаванне аб тым, які негатыўны ўплыў могуць аказаць падобныя змены на прафесію адваката і выказаў заклапочанасць тым, што самім адвакатам не далі магчымасці ўзяць удзел у распрацоўцы зменаў, што ідзе насуперак з асноўным прынцыпам незалежнасці адвакатуры.
Якую нагоду ўлады выкарыстоўваюць для пераследу Лаеўскага?
24 сакавіка Савет МГКА прыняў рашэнне аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да адваката Дзмітрыя Лаеўскага нібыта “за парушэнне ім Правілаў прафесійнай этыкі адваката, якое мела выраз у некарэктных і крытычных выказваннях у дачыненні да дзейнасці сваіх калегаў, загадчыкаў юрыдычнымі кансультацыямі і адвакатаў, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць у складзе юрыдычных кансультацый”. Канкрэтныя фармулёўкі ў тэксце публікацыі на сайце МГКА не прыводзяцца.
8 красавіка адбылося пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА, на якім прынята рашэнне аб абвяшчэнні вымовы Дзмітрыю Лаеўскаму – адвакату палітвязняў Максіма Знака і Віктара Бабарыка. Сам адвакат пакуль тэксту пастановы не атрымаў, але вядома, што падставай для дысцыплінарнай вытворчасці стала публікацыя абаронцы, у якой ён выказаў прафесійнае меркаванне наконт паправак у прававое рэгуляванне адвакацкай дзейнасці, якія ўтрымлівае праект закона аб унясенні зменаў.
У выніку дысцыплінарная камісія вынесла вымову Дзмітрыю Лаеўскаму за тое, што ён публічна выказаў сваё меркаванне як адвакат, на прафесійную дзейнасць якога анансаваныя змены могуць мець непасрэдны ўплыў далёка не ў самы лепшы бок.
Праваабаронца пра пераслед Лаеўскага: гэта помста Мінюста і кіраўніцтва адвакатуры за выказванне адвакатам свайго прафесійнага меркавання
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка ўпэўнены, што вымова адвакату Лаеўскаму за прафесійнае выказванне меркавання – гэта непрыхаваная помста Мінюста і кіраўніцтва адвакатуры за тую дыскусію, якую ўзняў абаронца ў публічнай прасторы па пытанні аб незалежнасці інстытута прафесійных абаронцаў у кантэксце тых зменаў, якія чакаюць беларускую адвакатуру.
Як адзначае праваабаронца, увесь апошні час пачынаючы з піка крызісу правоў чалавека, выкліканага стратай легітымнасці прэзідэнцкай вертыкалі ўлады ў сувязі з дэманстратыўнай адмовай беларускіх уладаў выконваць свае міжнародна-прававыя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека і прыслухоўвацца да пераважнай колькасці беларусаў, мы назіралі, што менскіх адвакатаў, якія працуюць з наступствамі масавых парушэнняў правоў чалавека, прымушалі замаўчаць і рабіць выгляд, што адвольных затрыманняў, катаванняў і несправядлівасці ў судах не адбываецца.
"Адвакат Лаеўскі неаднаразова выказваўся ў публічнай прасторы аб тым, па якім бязмежжным сцэнары пераследуюць яго падабароннага Віктара Бабарыка, а потым і Максіма Знака, – кажа Аляксей Лойка. – Якой бы ні была аргументацыя ў пастанове аб вынясенні дысцыплінарнага спагнання, гэтыя маніпуляцыі несумяшчальныя са свабодай выказвання адвакатам прафесійнага меркавання і спробай абараніць незалежнасць прафесіі, упэўнены юрыст.
Праваабаронца лічыць, што ў выпадку, калі беларускія ўлады будуць працягваць ціск на адваката Дзмітрыя Лаеўскага, у грамадскай свядомасці толькі укарэніцца палітычны матыў пераследу яго падабаронных. А далей, па сутнасці, можна ставіць кропку і разыходзіцца, паколькі ні пра які справядлівы суд над Віктарам Бабарыка нельга і блізка казаць, паколькі дэманстратыўна неправамерны ціск на адваката парушае права на абарону палітвязня.
Што ж тычыцца Максіма Знака, то палітвязень ужо пазбаўлены аднаго адваката – Сяргея Зікрацкага. Працяг ціску на Лаеўскага будзе падкрэсліваць адвольнасць заключэння пад варту Знака і пакажа грамадству ўсю кволасць доказнай базы ў межах крымінальнай справы, якая выкарыстоўваецца ўладамі для спынення яго актыўнай грамадскай дзейнасці".