viasna on patreon

Сенатар Чайчыц навучыць адвакатаў пакоры?

2021 2021-03-15T17:19:38+0300 2021-03-15T17:22:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chaichic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Чайчыц. Фота: moka.by

Віктар Чайчыц. Фота: moka.by

Апошнім часам грамадства літаральна «скалынаюць» навіны, якія тычацца інстытута адвакатуры. Масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць і за рэалізацыю сваіх правоў, падаўжэнне меры ўтрымання Максіму Знаку і Іллі Салею – адвакатам Марыі Калеснікавай, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій, пазачарговыя атэстацыі адвакатаў і супярэчлівая інфармацыя аб зменах, якія рыхтуюцца ў Закон аб адвакатуры, дыскрымінуючых адвакатаў, сведчаць аб сістэмным і брутальным наступе дзяржавы на рэшткі незалежнасці адвакацкай прафесіі ў Беларусі.

4 сакавіка адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Менскай гарадской калегіі адвакатаў, на якой абмяркоўваліся пытанні дзейнасці адвакатуры ў мінулым годзе і планы працы ў бягучым годзе. ПЦ “Вясна” публікуе цытаты з выступлення старшыні БРКА Віктара Чайчыца і іх аўдыёзапіс, якія сведчаць пра глыбіню крызіса, у якім апынулася беларуская адвакатура.

Віктар Чайчыц аб адабрэнні жнівеньскіх катаванняў пасьля прэзідэнцкіх выбараў і адносінах да палітычнай апазіцыі Лукашэнкі

«Я ўпэўнены, што ўсе вы чыталі і слухалі выступ Прэзідэнта на Ўсебеларускім народным сходзе і я прашу вас звярнуць увагу на яго словы ў той частцы, дзе ён тлумачыў асобныя, ну будзем так казаць, непапулярныя крокі, якія былі зробленыя дзяржавай, і казаў вельмі часта: «а як я па-вашаму павінен быў паступіць?! Трэба было ратаваць краіну». Вы, вось зараз у больш спакойнай абстаноўцы, я ўпэўнены, што можаце неяк больш узважана падысці да тых лёзунгаў і заклікаў, да чаго заклікаюць апазіцыянеры».

Запіс

Сенатар аб адабрэнні прадузятага стаўлення суддзяў да адвакатаў за агалошванне інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека

«і калі вы думаеце, што вось гэта прынесла велізарную карысць – тое, што адвакат, ня вашай калегіі, праўда, а другой калегіі, злавіла суддзю на тым, што яна памылілася, выносячы пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, калі паказала, што доказам здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння з’яўляецца той факт, што ў грамадзяніна была заключана дамова з адвакатам, і гэта праз пяць хвілін пасьля вынясення гэтай пастановы было выкінута ў інтернэт, то вы памыляецеся. Хоць я думаю, што вы так не думаеце. Таму што потым, як стала вядома, проста ўсе суддзі аб’ядналіся і сказалі, значыць: адвакаты нашага калегу, як кажуць, зганьбілі, давайце і мы неяк трошачкі будзем больш строгія да адвакатаў.

А ў межах закона быць больш строгім для суддзі – гэта не складана. Я з вамі гэта кажу, значыць, адкрыта і прашу, значыць, не выкідваць гэта ў інтернэт, а то заўтра яшчэ будзе больш нейкіх там нараканняў у адрас адвакатаў. І нехта скажа, што, значыць, суды выносілі неправасудныя там пастановы, таму што яны пакрыўдзіліся на адвакатаў. Не. Мы гэта ніколі, як кажуць, не дакажам».

Запіс

Чайчыц пра адабрэнне ціску на адвакатаў знутры калегій за выказванне імі прававога меркавання

«Вось Мікалай Міхайлавіч [намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў – заўв.] задаў пытанне і Аляксей Іванавіч [старшыня МГКА Швакаў – заўв.] чамусьці неяк на яго не адказаў: а што зрабіла Рада Менскай гарадской калегіі адвакатаў для ўзняцця прэстыжу адвакатуры? Я лічу, што Рада зрабіла шмат. Мы ж пастаянна і разам з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў праводзілі мерапрыемствы. І намагалісь унушыць, спыніць адвакатаў ад вось гэтых палітычных заяваў, палітычных лёзунгаў. І, магчыма, калі б не было вось гэтых мерапрыемстваў, то значна больш адвакатаў вось як-та дзесьці па няведанню дзесьці, напэўна, вось улезлі б у гэтую палітыку».

Запіс

Для сенатара Чайчыца рэалізацыя адвакатам фундаментальнага права на выказванне меркавання азначае «лезці ў палітыку»

Віктару Чайчыцу было задазена пытанне аб тым, якія дзеянні адваката разглядаюцца як тыя, што ён «лезе ў палітыку» – адказ: «як кажуць, вельмі складанае пытанне. Значыць, эээ, вы глядзелі такі сюжэт, відэаролік ходзіць, «нашых б’юць»? а другі чалавек кажа, пачакай, ну спыніся, тут вельмі важна вызначыць: нашых б’юць або нашы б’юць не нашых… дык вось пытанне, значыць, што такое «адвакат улез у палітыку»? Я б сказаў так: што быць па-за палітыкай немагчыма – мы нейкія пэўныя палітычныя дзеянні, безумоўна, здзяйсняем. Але, значыць, на сённяшні дзень, з майго пункту гледжання, я думаю, што вам пра гэта неаднаразова распавядаў і Аляксей Іванавіч, значыць, быць адвакату па-за палітыкай – гэта не спрабаваць, не спрабаваць, вырашаць пытанні, нават пытанні свайго якога б там ні была кліента, менавіта выкрыкваючы нейкія палітычныя лёзунгі. Альбо, падводзячы ўсё да таго, што, калі дзесьці парушаныя, з вашага пункту гледжання, правы кліента, то казаць пра тое, што гэта з-за таго, што ён вунь там прыцягваецца па нейкім там артыкуле ці тое, што ён там з’яўляецца нейкім палітычным. Гэта значыць ні ў якім разе гэтага не пазначаем.

Трэба казаць, што адбылося, дапусцім, працэсуальнае парушэнне. Яно выявілася ў тым-та і тым-та. І неабходна там, дапусцім, ці то змяніць меру ўтрымання, таму што няма дастатковых падстаў для прымянення меры ўтрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, ці там нейкія іншыя моманты. І вось працаваць у такім накірунку.

І, вядома ж, ні ў якім разе не падпісвацца пад нейкімі лёзунгамі і пад нейкімі патрабаваннямі палітычнага характару, дзе адвакаты пачынаюць рабіць ацэнку і даваць ацэнку дзеянням канкрэтных дзяржаўных служачых, дзесьці нават патрабаваць там, дапусцім, штосьці ад генеральнага пракурора якія дзеянні ён павінен здзейсніць. Значыць, мы можам хадайнічаць, прасіць, ну а, можна сказаць, патрабаваць ад генеральнага пракурора ў дачыненні да свайго кліента, калі парушана права».

Запіс

Член Савета Рэспублікі заклікае да расправы над адвакатамі, якія «лезуць у палітыку»

«Нам трэба сваімі дзеяннямі паказаць тое, што мы ў стане ў сваёй карпарацыі, сваім інстытуце, разабрацца і што мы ў далейшым будзем больш строгія і больш патрабавальныя да тых адвакатаў, якія парушаюць закон і якія там «лезуць у палітыку». Паважаныя калегі, я прашу вас звярнуць на гэта ўвагу і вось неяк зрабіць адпаведныя высновы, калі хтосьці іх яшчэ не зрабіў».

Запіс

Старшыня БРКА кажа аб цэнзуры і патрабуе ад адвакатаў папярэдне ўзгадняць іх выказванні ў СМІ з кіраўніцтвам адвакатуры

«і я ўжо не ведаю вось, якое вы выношваеце дзеянне або што ж вы хочаце спытаць, дакладней думаеце, а цікава гэта будзе з’яўляцца палітычным выказваннем або іншым? Дык вось, калі вы да мяне прыйдзеце або да Аляксея Іванавіча – мы падрабязьненька разгледзім вашу сітуацыю і дадзім вам адпаведныя рэкамендацыі».

Запіс

Пра зьмены ў закон аб адвакатуры: ня трэба драматызаваць – будзеце кіравацца загадамі дзяржорганаў

«і зараз вы ўсе ведаеце, што абмяркоўваецца пытанне аб змяненні, унясенні зьменаў, у закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці. І пытанне так ставіцца, што, калі вы, паважаныя адвакаты, не змаглі працаваць самастойна і не прыслухоўваліся да парадаў органаў адвакацкага самакіравання, а я пра гэта вельмі часта таксама казаў, то вы будзеце кіравацца загадамі дзяржаўных органаў. Драматызаваць гэтую сітуацыю ня трэба ні ў якім разе!».

Запіс

Чайчыц пра крытэры заканатворчасці і ультыматуме для адвакатуры: калі адвакаты ў палітыку не палезуць, зьмены у закон аб адвакатуры будуць значна «лепш»

«напэўна, пяты ці дзесяты раз звяртаю вашу ўвагу: прэтэнзій зараз з боку дзяржавы да адвакатаў вельмі шмат. Але ў нас яшчэ ёсьць час для таго, каб даказаць, паказаць, што мы ўсе пытанні настроены вырашаць выключна ў прававым полі, што мы не палезем у палітыку, што тыя выпадкі, якія былі, гэта нейкія адзінкавыя выпадкі. І тады, паверце, у нас шанцаў, што закон будзе нашмат «мякчэй і лепш» для нас значна, значна, больш».

Запіс

Кіраўніцтва БРКА яшчэ 4 сакавіка было дасведчаным аб тым, што зьмены у закон аб адвакатуры закрануць індывідуалаў і бюро, хаця 10 і 12 сакавіка яно гэта абвяргала

На пытанне аб тым, якія рыхтуюцца зьмены ў закон аб адвакатуры Віктар Чайчыц заявіў: «выключна ў агульным, значыць, хачу сказаць, што ёсьць станоўчыя моманты, пра якія я ўжо казаў, што прыбяруць 3-гадовы стаж, і можна будзе адразу, значыць, са студэнцкай лавы прыходзіць у якасці стажораў. Далей, значыць, ну там ёсьць такія моманты, супраць якіх мы, вядома, выступаем, што, значыць, палепшыцца, калі можна так выказацца, прыход, прыём, у адвакатуру для асобаў, якія доўгі час прапрацавалі ў праваахоўных і судовых органах – яны будуць здаваць толькі вусны экзамен. Ну такая практыка ёсьць у многіх краінах, у асобных краінах там, калі чалавек з вярхоўнага суда захацеў стаць адвакатам, то ён наогул не здае ніякія экзамены. Значыць, вось гэтыя пытанні. Значыць, будзе выразна ўжо вызначана, значыць, гэта па форме адвакацкіх аб’яднанняў, і, вядома, упор будзе зроблены ў бок юрыдычных кансультацый».

Запіс

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Віктар Чайчыц, які сумяшчае сваю палітычную пасаду са статусам адваката, патрабуе ад адвакатаў сыходзіць з прафесіі за публічную актыўнасць, якую Чайчыц лічыць «палітыкай»

«а калі хочаце займацца палітыкай, сыдзіце і займайцеся асобна ад адвакатуры. На вялікі жаль, тут Менск, як кажуць, наперадзе планеты ўсёй. Значыць, і вось тут Менск праявіў сабе з найгоршага боку».

Запіс


Юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка адзначае, што за рыторыкай Чайчыца стаіць мэта ўсяго рэпрэсіўнага апарата дзяржавы: каб адвакаты спынілі публічна выказвацца аб неправамерных дзеяннях улады супраць грамадзянаў і заяўляць публічныя патрабаванні ў падтрымку калегаў і незалежнасці прафесіі. На працягу апошніх месяцаў мы адзначалі негатыўную тэндэнцыю наступу дзяржавы на праявы салідарнасці ў адвакацкай карпарацыі, а таксама спробы «выпаліць» з публічнай прасторы выказванні адвакатамі свайго прафесійнага меркавання. У ход ідуць не толькі адрасныя рэпрэсіі ў дачыненні да канкрэтных адвакатаў, але і якія рыхтуюцца, як нядаўна высветлілася, зьмены закона, якія могуць прывесці да забароны індывідуальна практыкуючым адвакатам і адвакацкім бюро весці абарону па крымінальных і адміністрацыйных справах, а таксама да ўсталявання кантролю Мінюста за фарміраваннем Радаў тэрытарыяльных калегій адвакатаў і нават за прыёмам стажораў. Пры гэтым парадаксальна: Чайчыц спрабуе ўскласці на адвакатаў, якія актыўна і прынцыпова адстойваюць правы кліентаў і выказваюцца аб парушэннях правоў, адказнасць за ліквідацыю дзяржавай незалежнасці адвакатуры, замест таго, каб у мэтах выканання задач старшыні БРКА мабілізаваць адвакатуру на адстойванне гэтай незалежнасці. Такая «барацьба» дзяржавы з публічным выказваннем меркавання адвакатамі звязаная з наступствамі прававога дэфолту. Узяць хаця б адваката, які ўвёў у абарот гэты выраз: адвакат, а зараз палітзняволены, Максім Знак вёў стрымы, у якіх разважаў пра рэпрэсіі, якія адбываліся падчас выбарчай кампаніі з пункту гледжання правоў чалавека і адказваў у рэжыме анлайн на пытанні гледачоў. Улады бачаць для сябе праблему не ў тым, што стрымы аднога Знака глядзелі толькі ў рэжыме анлайн ад 30 да 50 тысячаў гледачоў, а ў тым, што, напрыклад, калі адвакат патлумачыў, чаму адмова Вярхоўнага суда ўзбуджаць вытворчасць і разглядаць скаргу на вынікі выбараў парушае правы нашых грамадзян на ўдзел у кіраванні сваёй дзяржавай і на судовую абарону, грамадства паверыла менавіта Знаку, а не пазіцыі Вярхоўнага суда, які лічыць, што «разгляд скаргі не адносіцца да кампетэнцыі суда». І корань праблемы тут у тым, што ўлада сама страціла сваю легітымнасць настолькі, што беларусы шчыра падтрымліваюць прынцыповую пазіцыю адвакатаў, добрасумленна і прынцыпова выконваючых свой прафесійны абавязак, адкрыта заяўляюць аб парушэннях правоў чалавека. Менавіта гэта і тлумачыць, чаму грамадзяне ўжо з асцярогаю і недаверам ставяцца да таго, што нелегітымная ўлада піша на паперы ў прысудах судоў, пастановах следчых і адказах пракурораў на скаргі аб катаваннях.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства