Адвакатку Людмілу Казак хочуць пазбавіць ліцэнзіі з-за адміністрацыйнага правапарушэння
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сталі вядомыя падрабязнасці анансаванага Мінюстам пазбаўлення адвакаткі Людмілы Казак ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці. Як адзначаецца ў паведамленні аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі, падставай для пазбаўлення абаронцы Марыі Калеснікавай адвакацкага статуса з’яўляецца “здзяйсненне дзеянняў, што дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, якое мела выраз у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.4 КаАП”.
24 верасня мінулага года Людмілу Казак у цэнтры Мінска затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, што мела характар выкрадання, як і самую Марыю Калеснікаву двумя тыднямі раней. Супрацоўнікі міліцыі, утрымліваючы адвакатку ў будынку Цэнтральнага РАУС, падверглі яе ператрусу, чым парушылі адвакацкую таямніцу. Таксама на працягу многіх гадзін парушалася права Казак на абарону: супрацоўнікі міліцыі не далі ёй паведаміць мужу, кіраўніцтву калегіі аб затрыманні, не пусцілі ў будынак адвакатаў Людмілы, а таксама адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу. Увечары 24 верасня Людмілу Казак даставілі ў ізалятар на Акрэсціна, і толькі тады стала дакладна вядома пра яе месца знаходжання. На наступны дзень суддзя суда Кастрычніцкага раёна Мінска Аляксандр Рудэнка вынес рашэнне аб прызнанні Людмілы Казак вінаватай у непадпарадкаванні тым, хто схапіў і павёз яе без тлумачэння прычын.
Пасля ўступлення судовай пастановы ў сілу дысцыплінарная камісія МГКА 20 студзеня прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасці: ёй была аб’яўлена заўвага. І адразу за гэтым Міністэрства юстыцыі запусціла рэпрэсіўны механізм па пазбаўленні адвакацкага статуса абаронцы Марыі Калеснікавай, ужыўшы сваю ўпадабаную меру да адвакатаў непажаданых уладам апанентаў.
Як адзначае юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка, дадзеная сітуацыя паказвае мэтанакіраваны пераслед адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць. У прыватнасці, Людмілы Казак – выключна ў сувязі з ажыццяўленнем ёй абароны Марыі Калеснікавай. Абуральны характар пераследу заключаецца ў тым, што ўлады не знайшлі нічога прыдатнага акрамя як выкрасці жанчыну ў цэнтры горада, падвергнуць яе зневажальнаму ператрусу з парушэннем адвакацкай таямніцы, абвінаваціць у непадпарадкаванні пры затрыманні за несанкцыянаваную акцыю, у якой адвакат не прымала ўдзелу, і правядзенні Людмілы Казак праз жорны судовага канвеера. Зараз яе пазбаўляюць прафесіі і сродкаў да існавання, выкарыстоўваючы ў якасці фармальнай падставы незаконнае прыцягненне яе да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым скарга Казак на судовую пастанову па адміністрацыйнай справе накіравана ў Вярхоўны Суд, кропка ў справе яшчэ не пастаўлена.
Аляксей рэзюмуе: выходзіць, што Людміла Казак настолькі бездакорна выконвае свой прафесійны абавязак, што ініцыятарам рэпрэсій нічога не застаецца рабіць акрамя як гвалтоўнага выкрадання і адвольнага судовага рашэння, заснаванага на здагадках “Івановых у балаклавах”. Бо пазбаўленне адвакацкага статусу адбываецца толькі таму, што ў дзяржавы ёсьць паўнамоцтвы на ліцэнзаванне адвакацкай дзейнасці, што з’яўляецца ўмяшальніцтвам у незалежнасць інстытута адвакатуры.
Праваабаронца падкрэслівае, што сама фармулёўка ў апавяшчэнні аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі (“будзе разглядацца пытанне аб спыненні дзеяння спецыяльнага дазволу на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці ў сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са званнем адваката”) парушае прэзумпцыю невінаватасці, паколькі змяшчае зацвярджэнне, якое носіць характар адназначнага вываду аб наяўнасці ў дзеяннях Людмілы Казак прыкмет парушэння Правілаў прафесійнай этыкі адваката, што несумяшчальна з магчымасцю абаронцы прывесці свае довады ў ходзе разгляду гэтага пытання.