viasna on patreon

Адвакатку Людмілу Казак аштрафавалі за непадпарадкаванне міліцыі на 25 базавых Дапоўнена

2020 2020-09-25T17:55:00+0300 2020-09-25T19:44:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_kazak_77.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На адвакатку Людмілу Казак складзеныя два пратаколы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У пратаколах сведкамі запісаныя асобы з змененымі персанальнымі дадзенымі. Пра гэта Казак распавяла сваім абаронцам, якіх пусцілі да яе ў ІЧУ на Акрэсціна, піша TUT.BY. 

Фота: onliner.by
Фота: onliner.by

Разгляд адміністрацыйнай справы Людмілы Казак прызначаны на 15:00 25 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзёй прызначаны Аляксандр Рудэнка.

Пасля таго як адвакаты Людмілы Казак азнаёміліся са справай, суд адправіў справу на "дапрацоўку" у РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Але наступнае судовае паседжанне па "дапрацаваным" пратаколам прызначылі на 16:00 25 верасня.

Onliner.by паведамляе з залы суда, што згодна з пратаколам, учора каля двух дня Людмілу затрымалі на Камуністычнай па падазрэнні ў парушэнні арт. 23.34 КаАП. Маючы намер, гаворыцца ў пратаколе, яна не падпарадкавалася патрабаванням міліцыянта сяржанта Іванова: упіралася нагамі, размахвала рукамі і хапалася за вопратку. З пратаколам Казак не згодная.

"Учора ў абедзенны час я сустракалася з калегай. У 13:50 выйшла з кафэ і мела намер на сваім аўтамабілі ехаць суд Фрунзенскага раёна на пасяджэнне па крымінальнай справе. Мяне паклікаў мужчынскі голас: "Людміла Сяргееўна!". Я павярнулася і ўбачыла, што да мяне імкліва набліжаюцца тры чалавекі ў масках. Адзін быў у форме АМАП, іншыя ў міліцэйскай. Яны тут жа сталі запіхваць мяне ў прыпаркаваны адкрыты аўтамабіль. Я спытала, што адбываецца: "Гэта выкраданне?". Я крычала "Дапамажыце!" і расставіла рукі і ногі, але мужчыны з ужываннем сілы запіхнулі мяне ў аўтамабіль. Я спытала, што адбываецца, яны адказалі "Самі ведаеце", — кажа Людміла Казак.

На думку Людмілы, яе затрыманне звязанае з яе прафесійнай дзейнасцю — працай над крымінальнай справай Марыі Калеснікавай. На мінулым тыдні, кажа Казак, нехта ўзламаў яе акаўнт у Телеграм. У Цэнтральным РУУС ёй стала дрэнна, яна прасіла выклікаць хуткую, але ніхто гэтага не зрабіў.

Казак распавядае, што ў РУУС толькі ўсміхаліся на просьбы выклікаць ёй адваката і паведаміць пра затрыманне яе мужа. З сабой у Людмілы былі матэрыялы па справе Марыі Калеснікавай: тэчка з дакументамі і флэшкі, якія складаюць адвакацкую таямніцу.

Пазней яе азнаёмілі з пратаколам па артыкуле 23.34 КаАП і пратаколам затрыманні. Яна дала тлумачэнне, што, па яе думку, гэта палітычны пераслед. Яе змясцілі ў памяшканне для затрыманых, а потым адвезлі ў ІЧУ.

Паводле яе слоў, ніхто з сілавікоў не прадставіўся, толькі адзін з іх здалёк махаў закрытай "корачкай". Прычыну затрымання не паведамілі, ніякіх дакументаў не прад'явілі.

"Мяне проста сілком запіхнулі ў аўтамабіль, — успамінае Людміла. — Я неаднаразова казала супрацоўнікам, што ў мяне ёсць трое непаўналетніх дзяцей".

Яна кажа, што сілавікі ў першую чаргу цікавіліся яе тэлефонам, і не выключае, што ён быў узламаны, а дакументы з яе сумкі скапіяваныя.

"Я не тузала іх за форму і не хапалася за вопратку, як сказана ў пратаколе. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняла. Нецэнзурных слоў у іх адрас не выказвала", — адказала на пытанні свайго адваката Казак.

Адвакат хадайнічае, каб асоб, якія затрымлівалі Людмілу, запрасілі ў залу суда. Суддзя кажа, што Іваноў Іван Іванавіч і Аляксандравіч Аляксандр Аляксандравіч будуць даваць тлумачэнні па відэасувязі. У сваю чаргу адвакат просіць вызначыць іх сапраўдныя асабістыя дадзеныя, таму што незразумела, ці з'яўляюцца яны супрацоўнікамі міліцыі. Суддзя кажа, што анкетныя дадзеныя змененыя, таму што ў адрас іх і іх сем'яў паступаюць пагрозы.

У выніку суддзя Аляксандр Рудэнка прызнаў Людмілу Казак вінаватай па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (675 беларускіх рублёў).

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Як расказалі TUT.BY абаронцы Людмілы Казак Віктар Мацкевіч і Святлана Гарбаток, яны не маглі трапіць да кліента ў ІЧУ больш за тры гадзіны. Адміністрацыя ІЧУ спачатку спасылалася на каранцін, потым — на ўнутраныя "мерапрыемствы" ў ІЧУ. У выніку адвакатаў пусцілі ІЧУ па адным.

"Людміла распавяла, што яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны, трое мужчын. Адзін, як яна зразумела, быў супрацоўнікам АМАПу, а двое — невядома хто, у масках. Яе прывезлі ў Цэнтральны РУУС, працаваў з ёй супрацоўнік РАУС Вусік. Склалі пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. На самай справе яна была ў гэты дзень у ГЦ "Галілеа" з дачкой, куплялі рэчы да школы. Сведкамі ў пратаколах былі пазначаны «Івановы Іваны Іванавічы» — то ёсць асобы, чые персанальныя дадзеныя змененыя. Копіі пратаколаў ёй не ўручылі. З матэрыяламі справы не азнаёмілі", — распавёў TUT.BY Віктар Мацкевіч.

Па словах Казак, супрацоўнікі міліцыі, якія размаўлялі з ёй, паводзілі сябе напышліва і па-хамску, называлі "дамачка" і казалі "вы тут, і павінны падпарадкоўвацца нашым патрабаванням".

"Ігнаравалі яе словы, што ёй трэба ў судовае пасяджэнне да 14 гадзін. Людміла прасіла патэлефанаваць мужу, Чайчыцу (Віктар Чайчыц — кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў), Швакаву (Аляксей Швакаў — старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў), выклікаць адваката, выклікаць хуткую, бо ў яе было дрэннае самаадчуванне. Патрабавалі разблакаваць тэлефон, яна адмовілася, ніхто не хаваў тое, што «нам цікавыя вашы тэлефоны». Ва ўсіх пратаколах і ў асобных скаргах яна пісала, што гэта пераслед за прафесійную дзейнасць, што рэчы, якія адбіраюцца, утрымліваюць адвакацкую таямніцу. Людміле, вядома цяжка, стан пакідае жадаць лепшага, але яна моцная жанчына і трымаецца, глыбока абураная тым, што адбываецца", — распавялі абаронцы Казак.

Адвакаты заяўляюць: факт брутальнага затрымання і зняволення ў ІЧУ, прад'яўлення надуманых адміністрацыйна-прававых прэтэнзій кажа пра тое, што на адваката Людмілу Казак аказваецца ціск і ажыццяўляецца яе пераслед у сувязі з прафесійнай дзейнасцю з мэтай дыскрэдытаваць яе і пакараць за прынцыповую і актыўную прафесійную пазіцыю.

Нагадаем, адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак перастала выходзіць на сувязь напярэдадні днём. Увечары яе адвакаты даведаліся, што яна ў ІЧУ на Акрэсціна па адміністрацыйнай справе, артыкул абаронцам называць адмовіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства