Адвакатку Людмілу Казак затрымалі ў межах адміністрацыйнай справы Дапоўнена
Удзень 24 верасня перастала выходзіць на сувязь адвакатка Людміла Казак, якая абараняе Марыю Калеснікаву, паведаміў Tut.by адвакат Віктар Мацкевіч.
«У 13:50 Людміла рассталася з сваёй калегай, з якой сустракалася на вуліцы Камуністычнай. Спяшалася на судовае паседжанне. У суд яна не прыехала. Машына прыпаркаваная на Камуністычнай, замкнутая», — паведаміў Мацкевіч.
Муж Людмілы Казак падае заяву аб выкраданні чалавека ў РУУС Цэнтральнага раёну Мінску, паведаміў Мацкевіч.
Пазней прэс-сакратарка ГУУС Мінгарвыканкаму Наталля Ганусевіч паведаміла агенцтву ТАСС, што Людмілу Казак затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне.
«Так, яна затрыманая за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, якога, пакуль не ўдакладняем, яна знаходзіцца ў адным з тэрытарыяльных РУУС Мінску», — сказала Ганусевіч.
Пазней абаронца Людмілы Казак Віктар Мацкевіч паведаміў Tut.by, што адвакатку перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсьціна. Адміністрацыйны артыкул, паводле якога затрымалі Казак, адвакату не паведамілі. Меркавана, заўтра яе будуць судзіць.
Заўтра, 25 верасня, у 11.00 у Мінскім гарадскім судзе павінен быў адбыцца разгляд скаргі на рашэнне суда Партызанскага раёна г. Мінска аб прымяненні меры стрымання ў адносінах да Марыі Калеснікавай, піша штаб Віктара Бабарыка.