“Усе пайшлі – і я пайшоў” – старшыня МГКА Аляксей Швакаў аб праявах карпаратыўнай салідарнасці і публічных патрабаваннях адвакатаў сваёй калегіі Аўдыё
Следчы камітэт і Генпракуратура рапартуюць аб тым, што лік “пратэстных” крымінальных спраў ідзе на тысячы – такога масштаба рэпрэсій наша краіна ня ведала з часоў Сталіна. Як адзначаюць праваабаронцы, масштаб рэпрэсій у дачыненні да беларускіх грамадзян немагчыма ні з чым параўнаць: калі ўзгадаць гісторыю Беларусі часоў СССР, то ў нас па антысавецкіх артыкулах у 60-80-я гады судзілі звычайна ад аднаго да трох чалавек штогод. “Вясна” адзначае небывалую тэндэнцыю: штомесяц судовы канвеер асуджае не менш за сто чалавек па палітычных справах сябраў і валанцёраў выбарчых штабоў, удзельнікаў маніфестацыяў супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і катаванняў затрыманых за рэалізацыю сваіх фундаментальных правоў.
Сакавік гэтага года можна назваць адным з самых неспакойных перыядаў у беларускай адвакатуры. Сімвалічна, роўна дзесяць гадоў таму беларускія ўлады чынілі расправу над адвакатамі “дзекабрыстаў” – фігурантаў крымінальнай справы “Плошчы-2010”. Праз дзесяцігоддзе беларуская адвакатура сутыкнулася з нябачным размахам рэпрэсій у дачыненні да прафесійнай карпарацыі. Масштаб масавых парушэнняў правоў чалавека зашкальвае, адвакаты вымушаныя працаваць ва ўмовах, калі яны самі трапляюць пад рэпрэсіі за сваю прафесійную дзейнасць.
Пасля спынення ў лютым Мінюстам ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці абаронцы палітзняволенай Марыі Калеснікавай Людмілы Казак за яе прафесійную дзейнасць, у сакавіку Міністэрства юстыцыі, выкарыстоўваючы ў якасці інструмента для ціску пазачарговую атэстацыю, прызнала не адпавядаючым кваліфікацыйным патрабаванням адваката Сяргея Зікрацкага, які абараняе журналістаў незалежных медыя, з-за шэрагу яго выступаў у публічнай прасторы. Дысцыплінарная вытворчасць распачата ў дачыненні да адваката Дзмітрыя Лаеўскага – абаронцы палітвязняў Віктара Бабарыкі і Максіма Знака.
Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка падчас нарады заклапаціўся “навядзеннем парадку ў адвакатуры”. У апошні час у фокусе грамадскай дыскусіі знаходзяцца беларускія адвакаты – толькі яны маюць магчымасць ажыццяўляць абарону ахвяраў парушэнняў правоў чалавека ў судах. І падставы для пільнай увагі грамадства да праблем адвакатуры стварае сама дзяржава, якая выкарыстоўвае неабмежаваныя паўнамоцтвы Мінюста і пераследуе адвакатаў за публічную абарону палітвязняў, агалоску парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да іх падабаронных, а таксама за спробы адстаяць рэшткі незалежнасці адвакатуры.
Адвакатура за апошні месяц сутыкнулася з пагрозай ліквідацыі рэшткаў яе незалежнасці, паколькі кіраўніцтва БРКА і Мінюста ў сакрэтнай атмасферы ад адвакацкай карпарацыі ўдзельнічала ў падрыхтоўцы праекта зменаў прававога рэгулявання адвакацкай дзейнасці, якое вядзе да дыскрымінацыі прафесійных абаронцаў, якія практыкуюць індывідуальна і ў складзе адвакацкіх бюро, а таксама да спынення незалежнасці ўсёй адвакацкай супольнасці.
ПЦ “Вясна” публікаваў цытаты з выступаў старшыні БРКА Віктара Чайчыца і намесніка міністра юстыцыі Мікалая Старавойтава на канферэнцыі МГКА, якая адбылася 4 сакавіка. Выступы сенатара Чайчыца і намесніка міністра юстыцыі Старавойтава дазваляюць пераканацца ў тым, што паўнамоцтвы Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці, якая “пераатэстоўвае” адвакатаў, выкарыстоўваюцца ўладамі для кропкавых рэпрэсій у дачыненні да тых адвакатаў, якія выказваюцца ў публічнай прасторы аб парушэннях правоў чалавека, адстойваюць незалежнасць сваёй прафесіі і крытыкуюць праваахоўныя органы і судовую сістэму за дэманстратыўнае грэбаванне правамі іх падабаронных.
“Вясна” публікуе цытаты з выступлення старшыні МГКА Аляксея Швакава на канферэнцыі, дзе выступалі Віктар Чайчыц і Мікалай Старавойтаў. Цытаты з выступлення старшыні МГКА Швакава дазваляюць задумацца над тым, ці могуць менскія адвакаты быць упэўненымі ў бесстароннасці кіраўніцтва калегіі падчас дысцыплінарнай вытворчасці; ці з’яўляецца іх кіраўнік правадніком палітыкі Чайчыца-Старавойтава; ці прадузята ён ставіцца да публічных выступаў адвакатаў; як ставіцца кіраўнік калегіі да адвакатаў, якія адгукнуліся ў жніўні на беспрэцэндэнтны выклік і якія вырашылі дапамагаць на дабрачыннай аснове ахвярам рэпрэсій.
Аляксей Швакаў пра ўспрыманне жнівеньскіх катаванняў: мы былі “збянтэжаныя”
“канешне, усе мы, як грамадзяне сваёй краіны, былі першапачаткова збянтэжаныя сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў, – падзеямі, якія адбываюцца ў нашым горадзе, калі на грамадзян, на нас усіх, абрынуўся паток усякага роду інфармацыі. Усё гэта было для нас поўнай нечаканасцю – многія, былі, знаходзіліся ў поўнай разгубленасці”.
Запіс
Старшыня МГКА ганіць адвакатаў, якія пасля выбараў выконвалі свой прафесійны абавязак па адміністрацыйных справах
“тыя адвакаты, хто … ў нас, вядома, адбыліся некаторыя, так бы мовіць, рэчы, на якія хачу звярнуць вашу ўвагу, аб якіх таксама неаднаразова казалі, ну, напэўна, так бы мовіць, у спакойных умовах гэта гучыць, ну, здаецца, дык пра што гэтая размова будзе, не зусім зразумела. Казалі мы пра тое, што, ну займайцеся кожны сваёй справай, гэта вядома. Я, дапусцім, не разумею, штосьці ў карцір…капцір [не можа вымавіць] карпаратыўным праве, я не пайду ў гэтую тэму, таму што я, сапраўды, буду выглядаць, прабачце за слова, як ідыёт, да. Смяяцца з мяне будуць, я кліента падстаўлю, наламалі дроваў, там, з усялякімі негатыўнымі наступствамі. Тое ж самае тычыцца і іншых галін права, калі ты ніколі не хадзіў і не займаўся адміністрацыйным працэсам, і ня ведаеш як там адчыняюцца дзверы ў тым жа ІЧУ або ізалятары следчым, да, навошта вы, там, пачынаеце, так бы мовіць, туды, прашу прабачэння за словы, біцца, так? Я вось часам там глядзеў некаторыя рэчы, там, якія адвакаты, там, бачыў, пісалі, да, ну гэта проста мяне здзівіла, ну людзі такія пытанні першапачаткова задавалі, што чалавек прыйшоў, а як там тэрмін абскарджання, што там рабіць, куды пісаць скаргу, а хто наогул гэтым займаецца. Зразумела. Ну вось у нас, тым не менш, паддаўшыся такому ўсеагульнаму, так бы мовіць, назваць нават ня ведаю, парыву, руху, многія адвакаты ў той перыяд, так, сталі займацца адміністрацыйнымі справамі. Можа, таму што іх шмат стала?...”
Запіс
Аляксей Швакаў спыняе выказванне меркавання адвакатамі ў СМІ і сацсетках
“Савет калегіі неаднаразова звяртаў увагу ўсіх адвакатаў у гэты час, да, на культуру распаўсюджвання інфармацыі пра сябе і пра сваю дзейнасць, неабходнасці давядзення дакладнай інфармацыі аб адвакатах і ўмовах аказання імі юрыдычнай дапамогі, недапушчальнасць распаўсюду недакладных, здольных увесці ў зман, звестак адносна прафесійнай дзейнасці адвакатаў. Але, як мы ўбачылі, перад намі ўсё гэта адбывалася, некаторыя адвакаты сталі суправаджаць сваю дзейнасць шумнымі заявамі, пастаяннымі каментарамі ў інтэрнэце, сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, у тым ліку, бывалі выпадкі, нават бачыў, і ў замежных. Што адвакаты, даходзіла да таго, ну я, шчыра кажучы, нават ня ведаю, як гэта растлумачыць, ня ведаю каб …, большасць са мной сапраўды пагадзіцца, таму што я размаўляю пастаянна з адвакатамі, пачынаюць пісаць вось: я пайшоў туды, падаў скаргу сюды, выйшаў з ізалятара, зайшоў у ізалятар, кліент мой спаў сёння добра, паеў нармальна, адчувае сябе добра, перадае ўсім прывітанне, значыць, заўтра я зноў пайду туды, глядзіце мяне на канале такім-та”.
Запіс
Швакаў – адвакатам, якія абараняюць палітвязняў: “чым цішэй, тым лепш”
“я гутарыў з некаторымі адвакатамі, да вось, твая дзейнасць, чымсьці ты дапамог вось гэта вось, свайму кліенту. Вось ты тут пішаш-пішаш і чо думаеш, карысць нейкую гэта прыносіць? Па маім уражанні – я ведаю такое, і сам бываў у розных сітуацыях – ну, часам чым цішэй, тым лепш, да…”
Запіс
Аляксей Швакаў: “Свабода слова” – “ну такая, модная тэма”
“і яшчэ хачу адно сказаць. У нас шмат тут зараз кажуць “свабода слова”, “кажу, што хачу”, і гэтак далей, так бы мовіць, нельга забаряняць нічога. Ну, такая, модная тэма”.
Запіс
Старшыня МГКА: калегія маўчала, каб “мець магчымасць спакойна працаваць”
“думаю, многія з нас у той момант пачулі і зразумелі, хоць вы ж памятаеце – ў пэўны перыяд было такое, што: вось вы там, чаму маўчыце, чаму не стукаецеся, і гэтак далей. Але яшчэ раз кажу: наша пазіцыя, і мы сыходзілі з простага, з, перш за ўсё, мы сыходзілі з інтарэсаў калегіі, з інтарэсаў кожнага з вас, спрабуючы перасцерагчы адвакатаў ад неабдуманых учынкаў і засцерагчы ад негатыўных наступстваў, таму што… і мець магчымасць вам усім, нам усім працаваць і спакойна займацца сваёй справай”
Запіс
Швакаў пра калектыўныя звароты адвакатаў: “многія нашы адвакаты, ставячы пад імі подпісы, не да канца разумелі…”
“хтосьці ўзяў на сябе такі цяжар і нагрузку, значыць, у сацсетках выступаць ад усіх адвакатаў… хоць, спытаць вось у яго, якое вы права і наогул, хто мае выступаць ад усіх адвакатаў. Ад імя калегіі, вось можа выступаць савет калегіі, органы, абраныя ў законным парадку, да, я вось магу выступаць ад імя калегіі, да. Нехта там, калі выступіў – гэта яго асабістае меркаванне. Але падаецца, так было паднесена, што гэта ледзь не адвакацкая супольнасць выступіла. У тэкстах, вы звярнулі ўвагу, да, акуратна там, так бы мовіць, было так: зблытаў, як я кажу, божы дар з яечняй. Акуратна, акрамя патрабаванняў, спыніць гвалт, ну такія, агульначалавечыя, да, рэчы, на якія чалавек рэагуе нармальна, да, былі ўключаныя і яўна палітычна матываваныя патрабаванні. Думаю, што многія нашы адвакаты, ставячы пад імі свае подпісы ў той момант, не да канца разумелі, што гэтыя заклікі ўтрымліваюць, у тым ліку, і палітычныя патрабаванні”.
Запіс
Аляксей Швакаў аб сваім прадстаўленні пра матывы падпісання адвакатамі калектыўных зваротаў: “усе пайшлі і я пайшоў”
“мы нікому не закрываем рот. Трэба, прыходзьце, я вам скажу, нават, вось, гэтыя людзі, якія выступалі за … [прамаўляе вельмі неразборліва] ніхто ні разу наогул не прыйшоў нават пагаварыць, абмеркаваць гэтае пытанне, чаму так трэба сябе паводзіць, да. Ну вось так наўпрост туды шпарылі ў інтэрнэт, пісалі, ну, а там – як пойдзе. А ведаеце, калі людзі, як у нас кажуць, пачуцці, калі ўсе завяліся, да, як у нас … калектывізм пэўны, да? Ну давай падпішам, ну давай падпішам ці нешта там зробім. З таго разраду, як у дзяцінстве казалі – “ўсе пайшлі і я пайшоў”. Чо туды пайшоў? Памятаеце, да? Ну ўсе пайшлі і я пайшоў”.
Запіс
Швакаў: “у адвакатаў маецца зараз рэальная магчымасць плённа працаваць”
“у адвакатаў маецца зараз рэальная магчымасць плённа працаваць рэалізоўваць сябе ў адпаведнасці з прадастаўленымі магчымасцямі, ганарыцца сабой і сваёй прафесіяй”
Запіс
У Менску прайшла прэс-канферэнцыя “Права на абарону і адвакаты ва ўмовах крызісу правоў чалавека”
“Размова” Мінюста з адвакатурай, якую немагчыма ўявіць у прававой дзяржаве, дзе адвакатура незалежная ад улады
Намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў: “няўжо ўсе сядзелі ў інтэрнэце, да, там нейкія свае запісы пакідалі, вось, уражанні пра тое, што адбываецца. Толькі гэтым займаліся год, а больш нічога не рабілі? Мне вось патлумачце, калі ласка”.
Старшыня МГКА Швакаў [тонам просячы прабачэння]: “ну, Мікалай Міхайлавіч, я ўжо тлумачыў, што ўмовы, так бы мовіць, нашай працы былі тут складаныя, асабліва ў горадзе Менску, з улікам пандэміі нават якія мерапрыемствы мы планавалі, так бы мовіць, усімі нашымі органамі адвакацкага кіравання прыйшлося, так бы мовіць, прыпыніць, таму што разумелі, што гэта здароўе людзей і збірацца ў такім, як я ўжо казаў спачатку, у такім фармаце проста не было магчымасці, да. Тое, што адбывалася ў інтэрнэце чаму і атрымалася, можа быць, гэта вось пандэмія, так бы мовіць, паўплывала на гэтыя рэчы. Калі б была магчымасць у нас збірацца ў такім цесным рэжыме, тады мы, так бы мовіць, многія мерапрыемствы праводзілі, нават нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю. Але праца савета, праца дысцыплінарнай камісіі, праца савета маладых адвакатаў, праца метадычнай рады, многія нарады, многія мерапрыемствы, як кажуць, давялося па аб’ектыўных прычынах перанесці ў той жа самы інтэрнэт. А гэта для нас было новымі ўмовамі абсалютна, і, канешне, параўноўваць нас з брэсцкай калегіяй адвакатаў у гэтым плане, напэўна, ну, можна, але, напэўна, ім было неяк прасцей, па меншай меры”
Намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў: “Але, Аляксей Іванавіч, ну умовы-та аднолькавыя і ў Брэсце, і ў Менску, што тычыцца пандэміі. Усе ў аднолькавых мовах”.
Запіс
Праваабаронца: менскіх адвакатаў, якія працуюць у самым эпіцэнтры парушэнняў правоў чалавека, прымушаюць маўчаць і рабіць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка:
“Калі ўзгадаць падзеі дзесяцігадовай даўніны, калі МГКА мела сваё меркаванне падчас ацэнцы дзеянняў адваката, якія выклікалі раздражненне ў Мінюста, ці пры ўзгадненні зменаў у правілы прафесійнай этыкі, тады менская калегія супраціўлялася, нават “бадалася” з дзяржавай. Сёння мы бачым, што адвакатуру амаль зрабілі кіруемай, дзяржаўнай, ледзь не дэпартаментам Мінюста. Пра што гэта кажа? Толькі пра тое, што за дзесяцігоддзе дзяржава рукамі такіх кіраўнікоў, як Чайчыц і Швакаў, разбурыла незалежнасць адвакатуры, зрабіўшы незваротным працэс дэградацыі самакіравання адвакацкай карпарацыі і яе каштоўнасцяў.
Мы бачым, што там, дзе ўлады ўмешваюцца, душаць спробы вопытных юрыстаў самастойна вызначаць лёс прафесіі, якая тычыцца абароны грамадзян ад парушэння іх правоў і падтрымліваць прававой баланс паміж дзяржавай і чалавекам, нічога талковага не выходзіць. Лёс адвакатуры і карпаратыўныя правілы ўнутры яе самой павінны вызначаць тыя, хто кожны дзень працуе з праблемамі людзей у тых умовах, якія на сённяшні дзень мы маем – у гэтым сэнс незалежнасці. Прызначаныя або ўзгодненыя дзяржавай “мэнэнэджэры”, як гэта вычэрпальна паказваюць цытаты з выступу і “дыялог” Старавойтава і Швакава, спыняюць спробы адвакатаў аб’яднацца ў адстойванні інтарэсаў прафесіі і выказаць свой пратэст супраць дэманстратыўнай пагарды абавязальніцтвамі ўладаў па выкананні правоў чалавека.
Недальнабачна і нават рызыкоўна, калі адвакатаў фактычна змушаюць замаўчаць пад пагрозай негатыўных наступстваў. Беларускія адвакаты, абараняючы палітзняволеных, пачынаючы з выбарчай кампаніі, сутыкнуліся з тым, што прававыя сродкі абароны правоў не працуюць, заявілі пра гэта голасна, прыцягваючы ўвагу да праблемы. Таму што праблема, якая закранае агульначалавечыя каштоўнасці, не вырашаецца без абмеркавання і дыскусіі аб шляхах яе ўладкавання”.
На думку праваабаронцы, старшыня Менскай калегіі адвакатаў бязвольным і кан’юнктурным выступам пасылае сігнал сваім жа калегам: замоўкніце, змірыцеся, вы толькі вінцік у сістэме. Такая практыка, накіраваная на прымяншэнне пачуцця ўласнай годнасці адвакатаў, калі іх ставяць ва ўмовы самацэнзуры і падкантрольнасці наглядчыка-Мінюста, няўмольна вядзе да прыніжэння каштоўнасці права, чалавечай асобы, што стварае вельмі нездаровую атмасферу для развіцця ўсёй карпарацыі. Кожны чалавек, напэўна, у стане выцесніць з уласнай свядомасці праблему на нейкі час, але ці задумваецца Аляксей Швакаў над тым “а што ж далей?”. Альбо калі па прававую дапамогу да яго звярнецца ахвяра катаванняў або хтосьці са сваякоў Аляксандра Тарайкоўскага, Геннадзя Шутава, Аляксандра Віхара альбо Рамана Бандарэнка? Заклапоціцца? Вочы апусціць і “адчуе ў поўнай меры гонар за прафесію”?