viasna on patreon

Справа чатырох мінчукоў: пракурор запрасіў вялікія тэрміны зняволення і гіганцкія кампенсацыі пацярпелым амапаўцам Дапоўнена

2021 2021-03-19T15:45:39+0300 2022-03-16T16:44:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barouski-zianko-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абвінавачаныя Драб, Зянько і Кацкель.  ў суде 17 сакавіка. Фота: Наша Ніва.

Абвінавачаныя Драб, Зянько і Кацкель. ў суде 17 сакавіка. Фота: Наша Ніва.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягвае 19 сакавіка разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля

Іх абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, але ўсіх чатырох у гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Апроч гэтага ставяць у віну арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), а аднаго з іх і ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці (арт. 218).

Справу разглядае суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца – пракурор Валеря Таратынка.

У справе - сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу.

Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года.

Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

"Казалі - яшчэ раз зманіш, з буса жывым не выйдзеш". Працягваецца суд над чатырмя мінчукамі за гвалт над амапаўцамі

Драбу затрымалі 20 кастрычніка. Яму таксама пагражалі, прымушалі даць паказанні на відэа, нават заведзеная крымінальная справа, паколькі была зламаная нага ў пяці месцах. У СІЗА пасля допытаў паступіў з гіпсам.

На сённяшнім пасяджэнні пракурор удакладніла артыкулы для кожнага з чатырох абвінавачваных:

Яўген Бароўскі абвінавачваецца па арт. 342 і 364 КК РБ;

Іван Зянько па арт. 218, 342 і 364 КК;

Аляксей Драб па арт. 364 КК;

Уладзімір Кацкель па арт. 364 КК.

Далей у судзе адбываюцца спрэчкі бакоў.

Пракурор перакананы, што віна кожнага з чатырох цалкама даказаная ў працэсе і прапануе суду вынесці наступнае пакаранне:

Івану Зянько па артыкуле 218 – 3 месяцы арышту, па артыкуле 342 – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу 2 гады, па артыкуле 364 – 5 год пазбаўлення волі. Разам – пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Яўгену Бароўскаму па артыкуле 342 – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, па артыкуле 364 – 4 гады пазбаўлення волі, разам – 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Аляксею Драбу па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Уладзіміру Кацкелю па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пры гэтым кожны з абвінавачваных павінен, па прапанове пракурора, выплаціць матэрыяльны пазоў за маральную шкоду  кожнаму з пацярпелых па 3 000 рублёў.

Акрамя гэтага пракурор просіць задаволіць пазоў “Мінсктранса” Яўгену Бароўскаму ў памеры 4 699 рублёў.

Такім чынам, напрыклад Бароўскі мусіць выплаціць па меркаванню пракурора 25 тысяч 699 рублёў.

Пазіцыя абароны ў судзе

Адвакат Бароўскага ў цэлым падводзіць вынікі, што судом не даказаная віна ні па адным з артыкулаў, а абвінавачванне будуецца толькі на бясконцым паўтарэнні гэтых артыкулаў.

Разлік шкоды "Мінсктранса" непразрысты, а таму няправільны, апроч гэтага артыкул прадугледжвае салідарную адказнасць за перашкоды транспартнаму руху.

Па 364 артыкуле Бароўскі наогул ніякіх актыўных дзеянняў не зрабіў, што відаць на ўсіх відэа, ён трымаўся на адлегласці ад АМАПу і толькі махаў рукамі, і з прычыны сваёй камплекцыі не можа складаць пагрозу для 7 накачаных байцоў, якія яго нават не апазналі на судзе.

Прапануе суду адмовіць у кампенсацыі шкоды і апраўдаць.

Адвакат Зянько кажа амаль тое ж самае, толькі карацей: "Апраўдаць па ўсіх артыкулах, адмовіць ва ўсіх пазовах".

“Няма падстаў не давяраць паказанням Драбы, бо не было супярэчнасцяў у ягоных паказаннях,” - кажа ягоны адвакат

Пытаецца, як мог Драб за тры хвіліны нанесці такі велізарны маральны ўрон усім семярым супрацоўнікам АМАПа.

На запісах не было чуваць каб супрацоўнікі АМАПу выносілі папярэджанні.

Кваліфікацыя артыкула 364 дакладная, але пакаранне павінна быць нашмат мякчэйшым. Маральная шкода павінна быць выплачана толькі пацярпеламу Беламу.

Адвакат Кацкеля заяўляе, што судом не даказана, што на відэазапісе менавіта Кацкель. Кажа што скрыншоты былі магчыма апрацаваныя, і дата, і час на іх не дакладныя. На скрыншотах таксама адрозніваюцца кофта і каўнер (спачатку белыя потым чорныя нібыта ў адзін і той жа дзень).

У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзін 23 сакавіка.

Чакаецца, што выступяць з апошнімі словамі абвінавачваныя і суддзя вынесе прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства