Затрыманне групы падтрымкі ў судзе. Хроніка палітычнага пераследу 20 студзеня Дапоўнена
20 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мазыр
Раніцай "Белсат" паведамляў, што ў Мазыры супрацоўнікі міліцыі рабілі пакватэрны абход мясцовых актывістаў:
"З раніцы ў Мазыры нейкі шухер па актывістам. Ходзяць мянты, грукаюць у кватэры. Кранаюць актывістаў, удзельнікаў маршаў і асуджаных па 23.34. Да хлопцаў з дваровага чата прыходзілі".
Праз некалькі гадзін па інфармацыі "Белсат", быў затрыманы інжынер Мазырскага НПЗ Аляксандр Ганчар разам з жонкай Юліяй. Паведамляецца, што яго забралі проста з працоўнага месца, выклікаўшы да прахадной. Дзеці Аляксандра застаюцца дома з бабуляй.
Таксама ў Мазыры затрыманы вядучы інжынер ТКП МНПЗ Валер Кеплін.
Ляхавічы
Таксама "Белсат" паведмаляе, што ў Ляхавічах больш як 10 чалавек выклікаюць сёння ў РАУС. Паведамляецца, што ўсе, каго выклікалі, выходзілі на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі.
Ліда
У Лідзе сёння затрымалі некалькі людзей на судзе над Іванам Каспяровічам – былым адміністратарам тэлеграм-каналу «Доска позора Лида». Усе яны прыйшлі падтрымаць Івана. Па інфармацыі "Белсат", сённяшнія затрыманні звязана з сітуацыяй, якая здарылася падчас вынясення 18 студзеня прысуду Вітольду Ашурку, якога пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі. Тады людзі пасля вынясення прысуду пачалі скандаваць у судовай залі «Ганьба!» і «Верым, можам пераможам!». Папярэдне – паводле гэтага факту завялі крымінальную справу, з чым і звязаныя сённяшнія затрыманні.
Як паведамілі "Вясне", сярод затрыманых – Наталля Шарлан.
"Затрымалі ў межах крымінальнай справы за "бунт" у залі суда 18 студзеня. Сёння таксама прыйшла падтрымаць чалавека на суд і там была затрыманая", – паведамляюць блізкія Наталлі.
"Вясне" паведамілі, што ў Лідзе ў судзе затрыманыя пяць жанчынаў. Падазраюць, што яны былі на прысудзе гродзенскаму абласному каардынатару Руху "За Свабоду" Вітольду Ашурку. У РАУСе складаць пратаколы, "пужаюць, што за хуліганскія дзеянні". Затрыманы таксама брат Вітольда – Андрэй Ашурак.
Па інфармацыі "БАЖ", у горадзе Бярозаўка Лідскага раёна затрымалі незалежнага журналіста Юрыя Дзешука. Вязуць у міліцыю у Ліду.Магчыма, затрыманне звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі Вітольда Ашурка ў судзе.
Мінск
Стала вядома, што затрыманай 15 студзеня пераклыдчыце Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса “Хуліганства”. Днямі Вольгу Калацкую перавядуць у жодзінскае СІЗА.
Як паведмаляе "Валанцёрская служба "Вясны", палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі арышт яшчэ на 2 месяцы. Пад вартай яна застанецца да 17 сакавіка.
Праваабаронцы Марфе Рабковай не аддалі ніводнага ліста-віншавання са святамі
Гомель
Як піша "Гомельская Вясна", у сям’і Вадзіма Васільева і Натальлі Юшкінай адбыўся агляд кватэры супрацоўнікамі АУСу Савецкага раёну, у міліцыі на Наталлю склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП за фотаздымак ля гарадской ялінкі са сцягам БСДП (сямейная пара – сябры гэтай партыі).
У абедзены час на вуліцы Барыкіна Натальлю Юшкіну спынілі два амапаўцы і і павезлі яе дадому, дзе ўжо знаходзіўся ўчастковы іх раёну. Пазней да яго далучыліся два супрацоўнікі ў штацкім. Ёй паказалі пастанову на агляд кватэры ў сувязі з рэпостам, які Натальля зрабіла ў “Тэлеграме”: яна падзялілася фатаздымкам дзе яна з мужам сфатаграфаваліся са сцягам БСДП. Падчас агляду супрацоўнікі забралі два тэлефоны сямейнай пары і сістэмны блок кампутара. Пасля гэтага ў АУСе Савецкага раёну капітан Мікалай Чуешоў склаў пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за фатаграфаванне з партыйным сцягам.
“Падчас допыту яны мне пагражалі, што нас з мужам змесцяць у ізалятар, а нашых малых дзяцей забяруць сацыяльныя службы, - са слязамі на вачах распавядае Наталля. – Таксама дакаралі, чаму я дапамагаю, пішу палітзняволеным (яны знайшлі ў мяне ў тэлефоне паштоўку ад Сяргея Ціханоўскага), а не дзецям сіратам у прытулках”.
Падчас складання пратаколу Наталля Юшкіна спрабавала патлумачыць міліцыянту, што БСДП – легальная беларуская партыя, і яна мае права фатаграфавацца з атрыбутыкай сваёй партыі. Але гэтая аргументацыя не паўплывала на рашэнне міліцыянта скласці пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Некалькі гадзінаў міліцыянт корпаўся ў тэлефонах сямейнай пары. Пасля складання пратаколу капітан Чуешоў даў Наталлі падпісаць паперу, дзе яна абавязуецца не ўдзельнічаць у пратэстных акцыях. У 22.00 гадзіны Наталлю адпусцілі дадому, тэлефоны ёй вярнулі, а сістэмнікі і бчб-парасон пакінулі ў міліцыі. Агулам яна правяла ў пастарунку 8 гадзінаў. Мужа Наталлі Вадзіма Васільева, які прыйшоў у пастарунак па жонку, таксама запрасілі прайсці да супрацоўніка і дагэтуль аб ім нічога не ведома. У ІЧУ адказваюць, што яго ў іх няма.
Інфармацыя дапаўняецца.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?
Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.