Палітвязня Мядзведскага асудзілі на тры гады "хіміі" і вызвалілі ў залі суда
У судзе Ленінскага раёна Мінска ў 15 студзеня суддзя Таццяна Шоцік агучыла прысуд па крымінальнай справе палітычнага вязня Арцёма Мядзведскага, якога абвінавацілі ў здзяйсненні дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Мядзведскага прызналі вінаватым па гэтым артыкуле і прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Менавіта столькі і прасіў на папярэднім пасяджэнні пракурор.
Таксама суддзя пастанавіла залічыць у тэрмін пакарання яго знаходжанне пад вартай з 19 кастрычніка па 15 студзеня ў суадносінах "адзін дзень пад вартай за два дні абмежавання волі". Арцёма Мядзведскага вызвалілі ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе.
Акрамя таго суддзя вынесла прыватнае вызначэнне на адрас кіраўніцтва "Бургер Сіці", дзе працуе Мядзведскі, у якім просіць арганізаваць прафілактычную працу аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў.
Арцём Мядзведскі быў затрыманы 19 кастрычніка. Спачатку яму было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках), затым справу перакваліфікавалі на групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Арцёма абвінавацілі ў тым, што ён ўвечары 10 жніўня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля ст. м. Пушкінская, выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі.
Храналогія судоў над Арцёмам Мядзведскім:
Выкаціў валун на дарогу. У Мінску пачалі судзіць палітвязня Арцёма Мядзведскага
Пракурор запрасіў для палітвязня Арцёма Мядзведскага тры гады "хіміі"