viasna on patreon

Справа студэнтаў — артыкул 342. Частка другая Фота

2020 2020-12-02T13:20:13+0300 2020-12-02T13:27:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bulybenka_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дванаццатага лістапада стала чорным чацвяргом беларускага студэнцтва: у гэты дзень былі затрыманыя адразу дзесяць моладзевых актывістаў і актывістак, студэнтаў і студэнтак розных вузаў Беларусі (ці тыя, каго ўжо паспелі адлічыць пасля восеньскіх акцый пратэсту). Ім прад’яўленае абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу, яны прызнаныя палітвязнямі. Пра ўсіх іх і кожнага з іх – гэты тэкст. 

Першую частку матэрыяла пра студэнтаў можна пачытаць тут.

Настасся Булыбенка

Былая студэнтка БНТУ, якую адлічылі падчас восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі.  

Выкладчык Насці ў мастацкай школе, дзе яна вучылася, распавядае, што ні адна выстава не праходзіла без яе ўдзелу: з найбольшай паўнатой яе талент выявіўся ў жывапісе. А класная кіраўніца успамінае, што Насця была пастаяннай удзельніцай КВЗ і конкурсаў тэатральнага майстэрства.

— Ва ўніверсітэце яна была старастай, — кажа мама дзяўчыны Аксана. — Ася трымала за аброць 16 хлапчукоў і называла іх "мае коцікі". Са школы яна выступае міратворцай ва ўсіх канфліктах, а ў кожным чалавеку бачыць дабро. Мы жывем з ёй удваіх, і яна са сваёй стыпендыі дапамагае аплачваць камуналку, робіць мне сюрпрызы: напрыклад, рыхтуе вячэру. Яшчэ ў нас ёсць традыцыя сумесных праглядаў фільмаў і мульцікаў па выхадных.

Ася любіць графіку — і цяпер дасылае з СІЗА размаляваныя мандалы. Але пакуль у яе з мамай аднабаковая сувязь: лістоў Насця не атрымлівае.

— Яна цудоўная, — усміхаецца мама. — Нават знаходзячыся там, яна непакоіцца за мяне: просіць хадзіць у госці і не адмаўляцца ад дапамогі. Піша: "Матуля, я моцная, я веру людзям так, як ты мяне вучыла".

Сябры Асі пішуць яе маме кожны дзень, дапамагаюць схадзіць у аптэку або па корм кату, прыходзяць у госці папіць гарбаты і абмеркаваць усё на свеце. Усміхаючыся, Аксана ўспамінае фільм "Цімур і яго каманда".

Сяброўкі Насці кажуць, што яна адна з самых адкрытых і сумленных людзей у іх асяродку.

— Яна заўсёды прыйдзе на дапамогу, і дзеля іншага чалавека можа нават ахвяраваць сваім камфортам, — кажа Анастасія. — У яе шырокі кругагляд і шмат глыбокіх думак, таму з Асяй заўсёды ёсць, пра што пагаварыць. Я ганаруся, што маю магчымасць стаяць бок аб бок з такім Чалавекам. Яшчэ адна сяброўка дадае, што, калі б яе папрасілі ахарактарызаваць Асю адным словам, гэта было б слова "сонейка": "Пагаворыш з ёй — і адразу на душы цёпла і радасна. Яна ўвесь час усміхаецца, што несумненна прыцягвае да сябе".

Да таго, як Асю забралі ў СІЗА, яна адбыла дзесяць сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве, але нават за гэты час паспела пасябраваць з людзьмі.

— Амапаўцы “адзначылі" лоб Асі фарбай, — успамінае адна з дзяўчат, з якой Ася сядзела ў адной камеры. — Але для мяне было незразумела, як яна магла там апынуцца: яна выглядала незабудкай, зусім крыштальнай, быццам бы не з нашага часу. Па дарозе на Акрэсціна мы шэптам спявалі "Грай", каб не было так страшна. А ў камеры ляпілі шашкі з хлеба. Ася старалася звяртаць увагу на ўсіх, браць пад сваю абарону слабых і смяяцца, каб было лягчэй. Яшчэ яна магла заснуць у абсалютна любой позе ў любым месцы. Ася асацыюецца з праменьчыкам сонца — мяккая, але не мяккацелая.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

— Маша вельмі клапатлівая і адказная, — расказвае яе сястра Ульяна. — А яшчэ — вельмі акуратная: у яе пакоі заўсёды ўсё ляжыць на месцах, ніколі не бачыла ў яе беспарадак. Яна моцна любіць жывёл: у нас быў кот, ён любіў толькі яе і без яе не спаў і мяўкаў ўсю ноч.

Марыя ўвесь час прысвячала вучобе: ў Акадэміі яна вывучала экспазіцыйны дызайн і бачыць сябе ў гэтай сферы.

— Інтарэсы ў яе простыя, — распавядае Ульяна. — Ёй падабалася рабіць манікюр, рабіла яго ўсёй сям'і. Яшчэ яна любіць гатаваць: кожны дзень з энтузіязмам прыдумляла новыя рэцэпты, і атрымліваецца гэта ў яе выдатна. Дзеля мяне Маша старалася не дадаваць прадукты жывёльнага паходжання ў ежу і крэатывіла з рэцэптамі: напрыклад, навучылася рабіць панкейки з бананамі замест яек.

Сястра расказвае, што дзяўчына востра ўспрымае несправядлівасць.

— Яна, як і многія, супраць фальсіфікацыі выбараў і супраць гвалту, супраць дыктатуры — і гэтую пазіцыю яна адкрыта выказвала, — кажа Ульяна. — Мы атрымалі ад яе тры лісты. Бабулі яна піша, што ні пра што не шкадуе, што вартая сваім прынцыпам і каштоўнасцям, што не падае духам. Піша, што вельмі сумуе. Зараз усёй сям'і цяжка: прайшло яшчэ мала часу, каб прывыкнуць, але дастаткова, каб усвядоміць, наколькі ўсе члены сям'і ёй ганарацца — тым, якая яна моцная. Разумеем, што Новы год будзе не такім як раней.

Кася Будзько

Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”.

Кася родам з Гародні, сябры расказваюць, што яна вельмі рухлівая і эмацыйная, а таксама шмат жартуе.

— Мы часта збіраліся ў яе на кватэры, — распавядае сяброўка. — Яна рабіла гарбату і крыху бурчала, што нас так шмат і трэба рабіць шмат гарбаты, але заўсёды ўсё роўна рабіла яе. Кася вельмі крута малюе, і нават свой пакой яна размалявала фарбамі. Таму ён нагадвае студыю мастака: трошкі хаос, але творчы і прыгожы. Ёсць малюнак, які мне вельмі падабаецца, — на ім чалавек у ружовай балаклаве.

Кася імкнулася ўсё зрабіць дасканала, таму часта гэта зацягвала працу.

— Памятаю, для нейкага праекту трэба было намаляваць нешта, і Кася перанесла ўсё на месяц, таму што хацела зрабіць ідэальна, — успамінае яе сяброўка. — І яна пераносіць-пераносіць, а потым у адзін момант можа напісаць: чувакі, я ўсё зрабіла — і ў гэтым яна ўся. Дарэчы, словы “класны” і “чувакі” — адны з яе любімых. Я ўпэўненая, што Кася ўспрымае сітуацыю як выклік, яна заўсёды была ў баявым настроі. Таму зараз мы жартуем, што Кася выйдзе і будзе ганарыцца, што сядзела побач с Віктарам Бабарыкам там, дзе некалі сядзела так шмат выбітных дзеячаў Беларусі.

Яна Арабейка

Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, актывістка, прыхільніца “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”.

Сябры Яны расказваюць, што яна вельмі мілая дзяўчына, каторая заўсёды хоча зрабіць свет лепшым і дапамагчы ўсім. 

— Яна перажывае, калі нешта не атрымліваецца, — кажа яе сяброўка. — Ва ўніверсітэце падчас практыкі яна вучыла маляваць маленькіх дзяцей: ёй вельмі падабалася гэтая справа, і яна заўсёды адказна рыхтавалася да гэтых заняткаў. Памятаю, аднойчы яна кепска адчувала сябе эмацыйна і праспала занятак, а потым вельмі перажывала з-за гэтага.

Дзяўчына адзначае, што Яна спачатку ставіцца да людзей з асцярожнасцю, але потым раскрываецца перад сябрамі.

— Калі вы нейкі час бавіце разам, пачынаеш разумець, які яна чалавек, — распавядае сяброўка. — Яна адкрываецца вельмі светлым чалавекам з вельмі добрым сэрцам і крыху асцярожнай усмешкай.

Яна вельмі ганарылася тым, што дамаглася зрабіць дарогу да ўніверсітэта.

— Раней з метро да БДПУ вяла заўсёды слотная дарога, — успамінае сяброўка. — Там было немагчыма прайсці. А Яна праз кіраўніцтва ўніверсітэта дамаглася, каб там паклалі плітку. Нават потым змяніла статус у Інстаграм на “Яна, каторая зрабіла дарогу”.

Дзяўчына расказвае, што Яна заўсёды прыходзіць на дапамогу, нават калі ёй самой кепска. Таму сябры адказваюць ёй тым самым.

— Яна вельмі эмацыйна ўспрымае тое, што адбываецца ў краіне, — кажа сяброўка. — Нядаўна яна выклала сторыз а пятай раніцы, што ёй сумна і кепска: мы гутарылі з ёй да шостай. Гэта адбылося прыкладна за тыдзень да яе затрымання, таму я перажываю, як яна там зараз: яна ціхая, спакойная і шчырая.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца БДМУ, сяброўка асноўнага складу Каардынацыйнага савета і памочніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, чаліня Рады “Заадзіночання беларусскіх студэнтаў”, актывістка “Моладзевага блоку”. У 2019 годзе атрымала дыплом дантыста. 

alana_village.jpg
Фота: The Village

Бацька дзяўчыны родам з Эфіопіі, але яна сама ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Алана адзначала, што што прыйшла ў ЗБС праз Акадэмію студэнцкага лідарства (праграма нефармальнай адукацыі ЗБС), таму што бачыла праблемы ў адукацыі і праблему несвабоды, не ведала як іх вырашыць.

Дзяўчына таксама прэтэндавала на месца ў беларусім парламенце восенню 2019 года. Афіцыйна яна вылучалася ад апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, але ідэйна прадстаўляла “Моладзевы блок”. Разам з іншымі зарэгістраванымі кандыдатамі ад моладзевага блока Алана лабіравала тры галоўныя тэмы, якія, на яе думку, больш за ўсё хвалююць моладзь — адтэрміноўкі ад войска, змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства і размеркаванне выпускнікоў ВНУ.

На “Мова Фэсце” Алана казала, што трэба, каб улада і апазіцыя ішлі насустрач адна адной:

— Толькі на каштоўнасцях мы не можам палепшыць жыццё, выключна любові не хопіць. І тут мы гаворым пра палітычны боль дзяржавы. Калі не створаны нармальныя ўмовы для развіцця грамадства, тады і грамадства нармальна развівацца не будзе. Патрэбна воля дзяржавы для дыялогу. Трэба, каб улада і апазіцыя ішлі насустрач адна адной. Нам трэба яднацца. У стварэнне нацыянальнай ідэі мусіць укласціся кожны, бо, калі ты не робіш гэтага, ты не можаш быць часткай грамадства.

— Мяне так выхавалі бацькі, — казала Алана ў інтэрвь’ю. — Каб быць шчаслівым, мне трэба рабіць карыснае для грамадства, людзей вакол. Напэўна, таму, выбіраючы перад паступленнем паміж журналістыкай і медыцынай, я выбрала апошняе. Бацькі пакутуюць ад таго, што так мяне выхавалі, я думаю. Тата настроены рэзка негатыўна, мама вагаецца паміж нейтральнай і негатыўнай пазіцыяй. Як любы разважны чалавек, яны хацелі б для свайго дзіцяці стабільнасці, бяспекі і пэўнасці ў выглядзе добрага адукацыі і працы. Актывізм ставіць усё гэта пад пытанне — надаючы яму шмат часу, я часам забіваю на свае інтарэсы, працу і нават здароўе. Бацькі думаюць, што я прапальваць жыццё, хоць і імкнуцца праяўляць цікавасць, таму што бачаць, што для мяне гэта важна.

Свабода — адна з маіх галоўных каштоўнасцяў. Гэта тое, за што я заўсёды таплю. Але калі дзеля рэфармавання Беларусі мне давядзецца ёй ахвяраваць, я думаю, што змагу на гэта пайсці. Я гатовая да ўсяго, але стараюся не панікаваць. Баяцца і быць рэфарматаркай немагчыма.

Падтрымаць студэнтаў можна лістамі па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства