Хроніка пераследу ў Беларусі 11-12 лістапада Дапоўнена
11-12 лістапада працягваецца пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У Мазыры дома затрымалі і адвезлі ў РАУС Мікалая Карасёва, Крысціну і Фёдара Чаранковых. У Мінску затрыманыя Кацярына Кавалёва, Наталля Шэлег, Вікторыя Гранкоўская, Настасся Булыбенка, Іван Кабашнікаў, лекар Зміцер Каўко, выкліканы ў СК у межах крымінальнай справы ксёндз Вячаслаў Барок, а пасля званкоў невядомых у кватэру перастаў выходзіць на сувязь Глеб Фіцнер. На Маршы людзей з абмежаванымі магчымасцямі затрыманыя Людміла Булаўкіна і фатографка Кацярына Мядзведзева: зараз яна знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС.
Ператрусы ў актывістаў
Зраніцы адбыліся вобшукі ў сямі актывістаў "Заадзіночання беларускіх студэнтаў": сярод іх Алана Гебрамарыям, сябра Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка. Па стане на 18.40 яны ў КДБ, у офіс "ЗБС" ломяцца невядомыя.
Ператрус праходзіць таксама ў Ульяны Няўзоравай, мастачкі, якая вядомая плакатам у метро з надпісам "Гэты плакат можа стаць прычынай майго затрымання".
У кватэры выкладчыка БДУІР Вольгі Філатчанкавай праходзіць ператрус (або агляд), паведамляе TUT.BY. у 10.30 яе калега Дзмітрый Самаль паведаміў, што "каля 10 хвілін таму" яму тэлефанавала Вольга і сказала, што да яе ў кватэру спрабавалі трапіць незнаёмыя людзі ў бронекамізэльках. TUT.BY адразу ж паспрабаваў звязацца з Вольгай, аднак раніцай на сувязь яна ўжо не выходзіла. Па стане на 14.30 ператрус (або агляд) яшчэ не завершаны.
— Я цяпер у Вольгі Філатчанкавай пад дзвярыма з адвакатам. Яна ў кватэры, але нас не пускаюць: матывуюць, што цяпер трэба будзе пратакол перарабляць, — паведаміў Дзмітры.
Па якім артыкуле заведзена справа, у рамках якога праходзіць мерапрыемства, адвакату Вольгі і яе калегу пакуль невядомыя.
Вольга Філатчанкава — адна з удзельнікаў відэазвароту выкладчыкаў БДУІР і групы актыўных выкладчыкаў гэтай ВНУ, брала ўдзел у страйку.
У актывіста Мазырскага НПЗ Мікалая Карасёва ў доме зараз адбываецца ператрус. На якой падставе – невядома. Ён паспеў напісаць у мясцовы чат, што да яго прыйшлі сілавікі, паведамляюць чытачы "Беласат".
АМАП у "Каскадзе"
Зраніцы 12 лістапада ў жылы комплекс "Каскад" у Мінску прыехаў АМАП, паведамляюць чытачы тэлеграм-канала Антона Матолькі.
"На Каскадзе прама цяпер дэсант слабавікоў — шмат бусаў вакол квартала, групы па 4-5 чалавек у чорным зайшлі адразу ў некалькі пад'ездаў кожнага дома".
"Апдэйт па Каскадзе (я жыхар): у суме машын АМАПу каля дзесяці плюс куча ціхароў. у іх у руках паперы з пастановай пра ператрус, ломяцца ў кватэры мясцовых актывістаў".
"На каскадзе АМАП групкамі па 3-4 чалавекі тэлефануе ў дзверы ўжо мінімум 6-7 людзям. Таксама ў дварах куча ціхароў".
Тэлеграм-канал "Еўрарадыё" паведамляе, што сілавікі трапілі ў кватэру жыхаркі "Каскада", якая была назіральніцай падчас прэіздэнцкіх выбараў. Дзверы яшчэ адной кватэры збіраюцца ўскрываць пры дапамозе дрылю.
Пераслед 11 лістапада
Учора, 11 лістапада, у Гродна на раёне Дзевятоўка ў двары людзі сабраліся паразмаўляць і правесці разам час. Наляцелі АМАПаўцы і затрымалі 17 чалавек: сярод іх — Людміла Аўсіевіч. Пасля прафілактычнай гутаркі ў Ленінскім РАУС усіх адпусцілі. Таксама ўчора ў Віцебску прайшоў ператрус у актывіста Аляксея Мацеюка. Вечарам 11 лістапада ў Мінску на Плошчы Перамен невядомыя накінуліся на мясцовых жыхароў: пасля гэтага Раман Бандарэнка знаходзіцца ў рэанімацыі.
11 лістапада ў кватэры ў Мінску затрымалі Дзмітрыя Крукоўскага: яго забралі разам з жосткім дыскам камп'ютара. У Мінску былі затрыманыя таксама Марына Ігнатовіч (знаходзіцца ў Савецкім РУУС), Алена Ячнік, Ілля Выркоўскі (затрыманы каля "Гіпа" у мікрараёне Лошыца), Дзмітрый Пшанічны. Ноччу затрымалі Кацярыну Варвашэню: днём яе адпусцілі з Ленінскага РУУС. У Барысаве затрымалі Валянціна Бахцінава.
Ігар Мыслівец быў выкліканы для размовы ў Следчы камітэт, дзе быў затрыманы як падазроны па крымінальнай справе. Ігара таксама затрымлівалі першага лістапада падчас Маршу ў Курапаты і вызвалілі з Жодзіна другога лістапада са штрафам 10 б.в.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?